Расійскія серыялы і пошукі НЛА: колькі беларускага на беларускім ТБ?
Беларускім тэлеканалам трэба адыходзіць ад “замежных платформаў” і больш ствараць сваёй тэлепрадукцыі. Пра гэта заявіў (чытай: загадаў) галоўны кантэнтмейкер беларускіх навін Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўнікамі дзяржаўных СМІ.
«Еўрарадыё» вырашыла праверыць, колькі беларускага зараз на беларускім тэлебачанні. Возьмем “гігантаў” нашага блакітнага экрана — тэлеканалы “Беларусь 1”, СТБ і АНТ — і праглядзім іх праграму перадач за панядзелак, 10 лютага. Можа, менавіта яна і раззлавала кіраўніка краіны перад сустрэчай з топамі айчынных медыя?
“Беларусь 1”
“Першы беларускі” будзіць гледачоў “Гімнам Беларусі” а 6‑й раніцы. Навіны, ранішняя перадача, прагноз надвор’я і крымінальная хроніка — уласны кантэнт трымае эфір ажно 4 гадзіны 40 хвілін. Аднак ужо ў 10:40 шчаслівых уладальнікаў вольнага часу вітае расійская мыльная опера “Дожить до любви”. Серыялы вытворчасці Расіі з перапынкамі на навіны, крымінальную хроніку, перадачы “Белорусское времечко” і “Панарама” будуць ісці на працягу ўсяго дня.
Цікавы факт: у праграме на сайце Белтэлерадыёкампаніі сустракаем “Зону Х” двух відаў: 12+ і 16+. Гэта такі новы жанр — лайтовыя крымінальныя навіны? Ці гэта стрымы з інспекцыі па справах непаўналетніх?
Лёгкімі падлікамі атрымліваем 12 гадзін 5 хвілін “нашай тэлепрадукцыі” з 18 гадзін 45 хвілін усяго эфіру. Альбо 63%. Хм, можа, дарма Лукашэнка крытыкаваў нашых тэлевізійнікаў?
Як аказалася, нам проста пашчасціла з панядзелкам. Прэс-сакратар “Белтэлерадыёкампаніі” Святлана Смалонская-Краскоўская ў каментары Еўрарадыё паведаміла, што галоўны канал дзяржаўнага медыяхолдынга агулам выпускае ў эфір 42,7% праграм сваёй вытворчасці.
СТБ
Але варта пераключыцца на “Сталічнае тэлебачанне”, як нас сустракае процьма замежнага кантэнту. У асноўным гэта псеўданавуковыя перадачы вытворчасці легендарных паляўнічых на НЛА — расійскага тэлеканала “РЕН-ТВ”.
“Папулярна-пазнавальныя” праграмы канала РЕН-ТВ застануцца на беларускім СТБ
З беларускага тут толькі выпускі навін і нейкая перадача пад назвай “Мінсктранс” (не глядзеў, але наўрад ці гэта чарговая псеўданавуковая перадача). Іх працягласць усяго 6 гадзін 25 хвілін. Астатнія 13 гадзін 45 хвілін складаюць пошукі пазаземнага жыцця, альтэрнатыўная гісторыя ды розныя тэорыі змовы.
Атрымліваем толькі… 32% нашага, беларускага, кантэнту.
АНТ
Больш за ўсё на нарадзе дасталося тэлеканалу АНТ. Лукашэнка прывёў тое, колькі тут “чужога” кантэнту, у прыклад астатнім: маўляў, не трэба так!
АНТ, груба кажучы, накладае сваё вяшчанне паверх расійскага тэлеканала “Первый”. Як было сказана ў слогане АНТ на пачатку запуску праекта: “Не вместо, а вместе!”
У эфіры, які складае 19 гадзін 20 хвілін, амаль усе цуды расійскіх непалітычных шоу: “Давай поженимся!”, “Модный приговор” і “Пусть говорят”. Нікуды і без расійскіх серыялаў. Кантэнт “Першага” займае 14 гадзін 30 хвілін.
Менш за 5 гадзін дасталіся “Нашай раніцы”, “Нашым навінам” і праграме “Контуры”. Гэта значыць… 27%.
Нядаўна тэлеканал АНТ анансаваў выпуск серыяла сваёй вытворчасці. З яго выхадам адсоткі ўласнага кантэнту дакладна зменяцца ў пазітыўны бок. Кіраўніцтву тэлеканала застаецца толькі маліцца, каб ён за сямейным праглядам спадабаўся Аляксандру Лукашэнку.