Расейскае тэлебачаньне праігнаравала зьверскае забойства 4‑гадовай дзяўчынкі ў Маскве
У Крамлі з гэтым пагадзіліся.
Расейскія фэдэральныя тэлеканалы змаўчалі ў эфіры пра забойства дзіцяці, якое, як мяркуецца, зьдзейсьніла нянька з Узбэкістану.
Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў у сваю чаргу заявіў, што ў Крамлі падтрымліваюць гэтае рашэньне тэлеканалаў, перадае РБК.
Найбуйнейшыя фэдэральныя каналы — «Первый», «Россия‑1», НТВ і РЕН ТВ — змаўчалі ў эфіры выпускаў навінаў аб забойстве чатырохгадовай дзяўчынкі, якое адбылося 29 лютага на паўночным захадзе Масквы.
Учора раніцай каля станцыі мэтро «Октябрьское поле» паліцыя затрымала жанчыну ў чорным хіджабе, якая крычала «Алах акбар!» і трымала ў руках скрываўленую галаву дзіцяці. Затрыманая, як высьветлілася, 38-гадовая ўраджэнка Ўзбэкістану Гюльчэхра Бабакулава, якая была нянькай забітага дзіцяці.
Сярод асноўных сюжэтаў, пра якія расказвалі тэлеканалы ў выніковых выпусках навінаў, былі паніхіда па загінулых на шахце ў Варкуце, сутыкненьні паліцыі з уцекачамі ў Эўропе і цырымонія ўручэньня прэміі «Оскар», якая адбылася 28 лютага.
Двое супрацоўнікаў розных фэдэральных каналаў распавялі РБК, што найбуйнейшым вяшчальнікам паступіла рэкамэндацыя не паказваць у эфіры сюжэты пра забойства дзіцяці. З тлумачэньняў абодвух суразмоўцаў РБК вынікае, што прадстаўнікі ўладаў асьцерагаліся прыцягваць увагу да нацыянальнага пытаньня.
У Крамлі гэта абвяргаюць. «Гэта ня так. Гэта самі каналы ня сталі паказваць вар’ятаў. Але мы іх падтрымліваем», — заявіў РБК прэс-сакратар прэзыдэнта Пяскоў.