• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Расчалавечаны чалавек — гэта самае страшнае». Вялікая размова з заснавальнікам «Народнай Волі» Іосіфам Сярэдзічам

    Заснавальнік і галоўны рэдактар «Народнай Волі» Іосіф Сярэдзіч працуе ў журналістыцы больш за 50 гадоў.

    На 26-м годзе існаваньня адна з найстарэйшых недзяржаўных газэт «Народная Воля» перастала выходзіць у папяровым выглядзе. Хаця ў лічбавай вэрсіі ў яе больш чытачоў, галоўны рэдактар марыць як мага хутчэй вярнуцца да паперы.

    Сьцісла:

    • За апошнія 7 гадоў у газэты не было ніводнага папярэджаньня, але яе забаранілі друкаваць і ў Беларусі, і ў Расеі

    • 15 чалавек з Tut.by за кратамі, але брэнд захаваецца, нават калі застанецца толькі адзін чалавек

    • Сёньня, акрамя маладых, яшчэ не абстраляных журналістаў, вы ня ўбачыце на месцы падзей вопытных журналістаў. Аксакалы сёньня займаюцца «кабінэтнай» журналістыкай.

    • Усе чыноўнікі, прадстаўнікі ўлады — у палоне ў аднаго чалавека. І гэты чалавек узяў іх у палон ня ўчора і ня сёньня, а даўным-даўно.

    • Гісторыя дасьць самую галоўную ацэнку: Лукашэнка расчалавечыў чалавека. Расчалавечаны чалавек — гэта самае страшнае.

    «Як толькі газэта выйшла на самаакупнасьць, для нас зноў пачаліся гаротныя дні»

    «Народная Воля» ўсе 26 гадоў свайго існаваньня была ў пастаянным змаганьні: 5 гадоў вымушана была друкавацца ў Вільні, потым столькі ж — у Смаленску, бо беларускім друкарням было забаронена заключаць зь ёю дамовы. Выданьне пэрыядычна «выкідалі» зь «Белсаюздруку» і падпісных каталёгаў, «Народная Воля» прайшла шмат судоў і выжыла. За апошнія 7 гадоў у гэтага СМІ не было ніводнага папярэджаньня, падкрэсьлівае яго заснавальнік і нязьменны галоўны рэдактар Ёсіф Сярэдзіч.

    «Цікавая дынаміка — як толькі „Народная Воля“ выйшла, можна сказаць, на самаакупнасьць, для нас зноў пачаліся гаротныя дні. Мы мелі на пачатку 2020 году нармальны тыраж — 23 тысячы экзэмпляраў. Асобныя нумары маглі друкаваць накладам у 25, 30, 50 тысяч асобнікаў. У нас сфармавалася ня толькі сталая чытацкая аўдыторыя, але і разгалінаваная валянтэрская сетка распаўсюду. Валянтэры маглі любы дадатковы наклад распаўсюдзіць па краіне ў самы кароткі тэрмін.

    Іосіф Сярэдзіч

    Мы вышлі на прастор, на шырокую дарогу, і нам, здавалася б, нішто не перашкаджала разьвіваць газэту ў нармальным рэчышчы.

    Унікальны выпадак: „НВ“ ня мае цягам сямі гадоў ніводнага папярэджаньня, ніводнай вымовы ні ад Міністэрства інфармацыі, ні ад Генпракуратуры, ні ад Міністэрства юстыцыі, ні ад Адміністрацыі прэзыдэнта — і трапляе ў палон! Раптам — абвал за абвалам», — узгадвае складаны 2020 год галоўны рэдактар.

    «Беларускія ўлады падтрымліваюць шчыльныя сувязі з крамлёўскімі»

    Праз два тыдні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, 24 жніўня 2020 году, «Народная Воля» атрымала ліст, што Беларускі Дом друку ня можа больш друкаваць газэту — нібыта зламалася абсталяваньне. Потым была забарона на падпіску, на распаўсюд праз шапікі «Белсаюздруку».

    Ёсіф Паўлавіч аднавіў свае старыя сувязі ў суседняй Расеі, і пэўны час газэта легальна выдавалася ў друкарні «Прайм-прынт» у горадзе Даўгапрудным Маскоўскай вобласьці. Калі гэтая друкарня адмовілася працягваць супрацоўніцтва, знайшлі іншую ў Маскве. Але і тая адмовіла ў апошні момант.

    «Даслоўна патлумачылі так: „На нас наехалі“. Калі б гэта была беларуская друкарня, я б мог зразумець. А тут — у іншай краіне, пры другой уладзе тое ж самае. То бок беларускія ўлады падтрымліваюць шчыльныя сувязі з крамлёўскімі ўладамі, і ёсьць дамоўленасьць ні ў якім выпадку ні праз прыватныя, ні праз фэдэральныя друкарні не дапусьціць „Народную Волю“ на інфармацыйны рынак.

    Ну што ж зробіш! Мы шукаем іншыя шляхі», — дзеліцца сваімі праблемамі Іосіф Паўлавіч.

    Іосіф Сярэдзіч

    Апошні нумар газэты «Народная Воля» на паперы быў надрукаваны 13 лістапада 2020 году ў Расеі і дастаўлены ў Менск. У гэты ж дзень увесь наклад — 25 тысяч асобнікаў — забралі з рэдакцыі невядомыя асобы ў цывільным і балаклавах. З тых часоў «Народная Воля» выходзіць толькі ў інтэрнэце.

    «Поўная дурнота з боку ўладаў. Як быццам бы такімі забаронамі можна блякаваць доступ шырокай грамадзкасьці да свабоднай інфармацыі! Мы цяпер на сваім сайце вывешваем увесь нумар, які вярстаем такім чынам, як быццам бы выдаём яго ў папяровым варыянце. І многія матэрыялы разыходзяцца па самых розных сайтах. Калі прааналізаваць, колькі было праглядаў нашага артыкула, да прыкладу, раней на партале Tut.by альбо на „Нашай Ніве“, „Салідарнасьці“, атрымліваецца, што гэта ў шмат разоў больш за наш наклад у папяровым варыянце. Чаго дамагліся ўлады, заблякаваўшы нас? „Народная Воля“ ў электронным выглядзе мае сёньня больш шырокае кола чытачоў, чым раней папяровы варыянт», — разважае галоўны рэдактар.

    Ёсіф Сярэдзіч

    Папяровай «Волі» шкада яшчэ і таму, што ў яе была своеасаблівая аўдыторыя сталых людзей — збольшага ня звыклых карыстацца электроннымі СМІ, кампутарамі, новымі тэхналёгіямі.

    «І гэтыя людзі сёньня сапраўды пакрыўджаныя ўладай, якая забараніла друкаваць газэты — некалі „Нашу Ніву“, „Свободные новости плюс“, цяпер нашу газэту», — кажа Сярэдзіч.

    «Мы ўсё ж такі чакаем таго дня, калі «Народная Воля» вернецца ў папяровую вэрсію», — спадзяецца Іосіф Сярэдзіч.

    «15 чалавек з Tut.by за кратамі, а брэнд захаваўся»

    Фактычна заблякаваўшы працу шмат якіх незалежных СМІ, адкуль цяпер атрымліваюць інфармацыю чыноўнікі? Вось што думае пра гэта Іосіф Сярэдзіч:

    «З электронных сродкаў масавай інфармацыі. Сёньня ж ня той час, калі можна заблякаваць свабоднае слова. Паглядзіце на той жа Tut.by. 15 чалавек за кратамі, яны ня маюць магчымасьці пісаць, перадаваць інфармацыю. Але ж інфармацыя пад грыфам Tut.by распаўсюджваецца па цэлым шэрагу розных тэлеграм-каналаў. Так што нават калі адзін чалавек застаецца і захоча, каб брэнд Tut.by захаваўся — брэнд будзе прысутнічаць у інфармацыйнай прасторы. „Прыхлопнуць“ на адным канале ў сеціве — праз паўгадзіны адмыслоўцы абыдуць блякаваньне.

    Калі чалавек хоча чытаць „Салідарнасьць“, Tut.by, „Народную Волю“, а ня хоча чытаць Мукавозчыка ды Гладкую ў „СБ“, ён знойдзе магчымасьць чытаць незалежныя СМІ. Ну не прымусіш жа чытаць чалавека тое, што ён ня хоча!»

    Іосіф Сярэдзіч

    Аднак сам Іосіф Сярэдзіч часта не хавае сваёй незадаволенасьці станам сучаснай беларускай журналістыкі.

    «З аднаго боку, зараз ёсьць магчымасьць праз сэкунду распаўсюдзіць тую інфармацыю, якая некалі магла трапіць да чытача толькі праз суткі. Я вітаю таго, хто праяўляе звышапэратыўнасьць. Але, зноў жа, гэта не дае права таму, хто першы здабыў інфармацыю, дапусьціць нават самую дробную недакладнасьць. Ты ўсё ж такі павінен перадаць толькі тую інфармацыю, якая адпавядае рэчаіснасьці.

    Сёньня нашаму брату не хапае прафэсійнага ўзроўню. Я іншым разам спрачаюся з маладымі калегамі і кажу: „Вас можа загубіць неахайнасьць — у стылі, у граматыцы, у дробязях“. Яны разводзяць рукамі. Я кажу: „Бяда ваша, што побач няма добрай рэдактарскай рукі, не хапае таго настаўніцкага пачатку, які меў кожны з нас, навічкоў“.

    Таму я ўзяў шэфства над нашай юнай супрацоўніцай, 20-гадовай студэнткай журфаку Глафірай Жук, якая цяпер адседжвае 30 сутак. Я ўбачыў, што яна мае здольнасьці, у яе ёсьць пэрспэктыва. І памятаю тыя часы, калі сам рабіў першыя крокі ў журналістыцы, і калі б побач не было вопытных настаўнікаў, калі б не стваралася нармальная творчая абстаноўка для маладых, магчыма, я б ня стаў журналістам і рэдактарам.

    Ёсіф Сярэдзіч

    Мы з Глафірай Жук іншым разам садзімся побач, разам працуем над кожным радком яе тэксту. Потым я ёй кажу: бяры і вывучай кожную праўку.

    Але сёньня, акрамя маладых, яшчэ не абстраляных журналістаў, вы ня ўбачыце на месцы падзей вопытных журналістаў. Аксакалы сёньня займаюцца „кабінэтнай“ журналістыкай, а офісная журналістыка ніколі не дазволіць паглыбіцца ў сутнасьць сур’ёзнай праблемы. Што такое праз тэлефон зьвязацца з кіраўніком, чыноўнікам? Па-першае, ніхто, калі ня ведае журналіста асабіста, праз тэлефон ня будзе сур’ёзна размаўляць. А ў нас сёньня збольшага — тэлефонная журналістыка».

    Нягледзячы на ўсе складанасьці, зь якімі цяпер сутыкаюцца журналісты незалежных выданьняў, Іосіф Сярэдзіч упэўнены, што прафэсійная журналістыка павінна захаваць свой узровень і ў такіх умовах.

    «Я ўчора зьбіраў сваіх супрацоўнікаў і прасіў: „Давайце будзем лезьці ў само жыцьцё!“

    Вы памятаеце, як па ўсіх СМІ прайшлі кадры, калі рабочыя МЗКТ пасьля выбараў сустрэлі Лукашэнку воклічамі „Сыходзь!“. Нядаўна мы даведаліся, што на гэтым жа заводзе пабывала спадарыня Качанава. І цішыня! Мы проста ня ведаем, як прайшла гэтая сустрэча: ці былі вострыя пытаньні, ці ўзгадвалася тая жнівеньская сустрэча з Лукашэнкам. Чаму? Таму што ніхто з журналістаў не паспрабаваў нават пагаварыць з тымі людзьмі, зь якімі сустракалася Качанава. Я разумею: нельга зайсьці на завод. Але побач з прахадной у суседняй краме, у суседнім піўбары можна сустрэцца з рабочымі і параспытваць. Мне запярэчаць: людзі напалоханыя і ня хочуць размаўляць з журналістамі. Так, дзевяць напалоханыя, але дзясяты скажа! Проста няма ў нас сёньня „чарнавой журналістыкі“. А без чарнавой ня будзе прафэсійнай журналістыкі».

    Скептычна ставіцца Сярэдзіч і да тлумачэньняў, што незалежным журналістам чыноўнікі і іншыя прадстаўнікі ўлады адмаўляюць у камэнтарах і інфармацыі:

    «Калі б вы сказалі такое эўрапейскаму журналісту, ён бы проста пасьмяяўся! Гэта наша праблема — якім чынам сёньня атрымаць тую ці іншую інфармацыю.

    У журналіста, які займаецца, умоўна кажучы, эканамічнымі праблемамі, павінны быць у Міністэрстве эканомікі двое-трое „сваіх“ людзей, зь якімі ён увечары можа схадзіць на піва ці ў выходныя парыбачыць. Інакш як ты можаш ведаць, што варыцца на той кухні? Таму я не ўспрымаю ўсур’ёз заявы, што сёньня журналіст ня можа трапіць ва ўладныя структуры. Нашы журналісты дагэтуль чакаюць, калі ім на сподачку прынясуць інфармацыю».

    «Усе чыноўнікі, прадстаўнікі ўлады — у палоне ў аднаго чалавека»

    Іосіф Сярэдзіч згадвае, як журналістка «Народнай Волі» Марына Коктыш узяла інтэрвію ў лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада») Ігара Барысава. Барысаў выказаў пэсымістычную думку, што «зараз немагчыма весьці амаль ніякую палітычную дзейнасьць, нельга праяўляць нейкую актыўнасьць, палітычнае жыцьцё вельмі небясьпечнае».

    Тады Сярэдзіч зрабіў да гэтай публікацыі рэдакцыйны камэнтар: «Сёньня, як ніколі, павінен набатам гучаць голас партыі».

    «Таму што партыі ствараюцца для таго, каб узяць уладу ў свае рукі. Ігар Барысаў пакрыўдзіўся і напісаў: „Сёньня, як ніколі, павінна грымотай гучаць слова „Народнай Волі““.

    Я адказаў, што газэта і партыя — гэта не адно і тое ж. Мы, газэтчыкі, журналісты, ня рвемся да ўлады — мы не палітычныя партыі. У нас розныя місіі: у журналістаў свая, у партый — свая. Расьпісаў па пунктах, што гэта толькі частка парад, не мая мэта вучыць лідэраў розуму. Але вы зараз маўчыце, як вады ў рот набралі, вас не чуваць, напішаце нейкую дохлую заяву і лічыце, што змагаецеся з дыктатурай», — эмацыйна расказвае спадар Сярэдзіч.

     Іосіф Сярэдзіч

    На думку Сярэдзіча, сёньня павінна адбыцца эвалюцыя ў галовах рабочых, інтэлігенцыі, у галовах прадстаўнікоў улады, апазыцыі, журналістаў.

    «Аднак усе чыноўнікі, прадстаўнікі ўлады — у палоне ў аднаго чалавека. І гэты чалавек узяў іх у палон ня ўчора і ня сёньня, а даўным-даўно. Колькі ў іх сёньня трывог і абавязкаў перад гэтым чалавекам! Катэджы ды ўчасткі ў Драздах, ільготныя крэдыты і гэтак далей. Я ведаю чыноўніка, на якога сабраная ўжо не адна тэчка, не адзін сэйф кампрамату. Як толькі гэты чыноўнік аступіцца, зробіць крок управа-ўлева, яго хуценька завязуць куды трэба і надоўга. Таму многія чыноўнікі знаходзяцца ў крымінальным палоне, можна так сказаць.

    Але мне падаецца, што трэба гаварыць не пра эвалюцыю гэтых людзей, а пра эвалюцыю ў мазгах шырокага грамадзтва. Калі людзі будуць жыць толькі адной думкай — пра чарку і скварку — гэта адна справа. А калі да іх дойдзе, што, акрамя чаркі і скваркі, трэба мець будучыню і для сябе, і для сваіх дзяцей, і для краіны ў цэлым, — гэта іншая справа», — разважае галоўны рэдактар «Народнай Волі».

    Ён расказаў, як з прафэсійнай цікавасьцю шмат гадоў назірае за адным чалавекам — старшынём знакамітага АПК «Сноў», экс-сэнатарам Мікалаем Радаманам.

    «Неаднойчы ён ускосна выказваўся на розных мерапрыемствах, што „я, маўляў, кірую знакамітай гаспадаркай, набліжаецца пэнсія, але што я буду мець? Нічога!“. Так, зямлёй Радамана не надзеляць, ён застанецца толькі з адной пэнсіяй, і добра, калі яна будзе прыстойная. Але ён таксама ў палоне. Ён жа ня ставіць пытаньні катэгарычна: „Давайце прымем законы аб разьдзяржаўленьні, аб магчымасьці купляць зямлю“. Чаму? На гэтае пытаньне паважаны гаспадарнік павінен адказаць сам. Я толькі дадам: эвалюцыя павінна адбыцца ў галовах усіх беларусаў», — разважае спадар Сярэдзіч.

    «Гісторыя дасьць самую галоўную ацэнку: Лукашэнка расчалавечыў чалавека»

    Іосіф Паўлавіч знаёмы з Аляксандрам Лукашэнкам з канца 1988 году, калі Сярэдзіч працаваў у «Советской Белоруссии», а Лукашэнка кіраваў шклоўскім саўгасам «Гарадзец». Потым цягам 5 гадоў яны засядалі ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня. Сярэдзіч неаднаразова браў удзел у прэс-канфэрэнцыях кіраўніка дзяржавы, некалькі гадоў таму ён гаварыў з Лукашэнкам вока на вока амаль тры гадзіны.

    Іосіф Сярэдзіч перакананы: Лукашэнку трэба было даўно ўзяцца за рэформы. А ці ж трэба заціскаць палітычныя партыі, жорстка і бязьлітасна распраўляцца з апанэнтамі?

    «Некалі гісторыя дасьць самую галоўную ацэнку Лукашэнку: ягоная палітыка прывяла да расчалавечваньня чалавека. Духоўны ўзровень многіх з тых, хто побач зь ім працуе — чыноўнікаў, мэдычнай, культурнай інтэлігенцыі — нашмат ніжэйшы, чым быў у савецкі час у тых жа партыйных работнікаў. Нават у савецкі час дух чалавечы быў на больш высокім узроўні.

    Расчалавечаны чалавек — гэта самае страшнае. Вось тут праблема: якім чынам абудзіць у чалавеку чалавечнасьць?

    Я па сваёй працы чытаю самыя розныя выданьні, у тым ліку і „СБ — Беларусь сегодня“. Мукавозчык ледзь не адкрытым тэкстам выказваецца, што трэба закопваць „пратэстуноў“ у зямлю. Пакуль яму ўсе будзе сыходзіць з рук — будзе працягвацца самае сапраўднае кілерства. Журналістыкай гэта нельга назваць.

    Перамены наступяць толькі тады, калі эвалюцыя адбудзецца ў мазгах шырокага грамадзтва. І тут вялікая роля журналістаў. Каб нас чытаў і рабочы з МАЗа, і ІТР, і інтэлігенцыя, я не кажу ўжо пра эліту, якая, на мой погляд, зьнікае на вачах. Можа, вырасьце дастойная эліта з тых маладых хлопцаў і дзяўчат, якія зараз змагаюцца за дэмакратыю, — кажа  Іосіф Сярэдзіч і дадае: — Хочацца ў гэта верыць».

    Іосіф Сярэдзіч і паэт, былы кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў (зьлева)

    Іосіф Сярэдзіч нарадзіўся ў 1949 годзе на Піншчыне. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ і Акадэмію грамадзкіх навук пры ЦК КПСС у Маскве. Працаваў у ганцавіцкай раённай газэце «Савецкае Палессе», «Сельской газете», «Советской Белоруссии». З 1990 па 1995 гады быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, ачоліў парлямэнцкую «Народную газету». З 1995 году — заснавальнік і нязьменны галоўны рэдактар «Народнай Волі».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці