• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Радыё – як паравоз. Было, ёсць, будзе

    Адкуль бярэцца любоў да радыё і чаму потым знікае? Ці не рызыкуем мы наогул  страціць гэты колішні (а мо, і цяперашні) прадмет свайго захаплення?

    Пра гэта паразважалі журналіст, культуролаг, кінааналітык і перакладчык Максім Жбанкоў, а таксама медыяпісьменнік, блогер, менеджар шэрагу культурніцкіх медыяпраектаў Севярын Квяткоўскі.  

    “Гэта была трансляцыя пэўнага стылю жыцця”

    Максім Жбанкоў

    – У пэўным сэнсе я – выхаванец радыё. Дзесьці з 5–6 класа я рэгулярна слухаў польскі “Kanał 3”, і гэта было нават больш істотнай часткай майго жыцця, чым літаратура і кіно. Акрамя моўнай практыкі, гэта была яшчэ і трансляцыя пэўнага стылю жыцця. Я жыў на гэтых хвалях і браў тое, што было для мяне важна ў той час, – найноўшую музыку.

    Мой раман з радыё імкліва развіваўся, бо потым з’явіліся “варожыя галасы” – “Радыё Свабода”, “Голас Амерыкі” і г.д. Нават у часы перабудовы, калі казаць і пісаць можна было нібыта пра ўсё, я добра памятаю – пачаліся падзеі вакол тэлецэнтра ў Вільні, і ў маіх сяброў увесь час быў уключаны прымач з тым жа “Радыё Свабода”, якое вяло адтуль жывую трансляцыю…

    Карацей кажучы – доўгі час я існаваў з радыё ў самай канструктыўнай і эфектыўнай сувязі. А далей адбылося цікавае – спачатку мяне запрасілі на “Радыё Свабода”, потым – на “Радыё Рацыя”, і вось тады я перастаў слухаць, бо сам стаў існаваць як радыё.

    Сёння я фактычна радыё не слухаю – я яго чытаю. І мне, шчыра кажучы, трохі шкада таго аўдыёасяроддзя, дзякуючы якому я ў пэўным сэнсе стаў тым, чым ёсць…

     

    Севярын Квяткоўскі

    – У маім дзяцінстве бацька слухаў “Радыё Свабода” і ўвогуле лавіў усякія “галасы”. Што траплялася, тое і слухалі. Мне гэта вельмі падабалася – чуць розныя мовы, пазнаваць словы… Прычым глушылі ж! Пазней я зразумеў, што справа не толькі ў глушылках, але яшчэ і ў якасці прымача. Бо тым, хто лавіў на японскія і нямецкія прымачы, глушылкі заміналі менш.

    У сярэдзіне 1990‑х я трапіў на “Радыё 101.2”. Не столькі радыё вабіла, колькі “кумпанія”, якую я там пабачыў… Я ніколі не скокаў з парашутам, але думаю, што падчас першага выхаду ў жывы эфір у мяне быў прыблізна такі ж выраз збялелага твару. Мяне рэальна трэба было за руку трымаць…  

    Сёння я не слухаю радыё. Як людзі з музычным слыхам не могуць абы-што слухаць, прыблізна тое ж самае ў мяне з беларускім FM. Я гадаваўся на вельмі добрых узорах у плане радыё, і мне замінае аднастайнасць музыкі, аднастайнасць падачы, “неаўтарскасць”. У Беларусі FM-станцыі працуюць для ўсіх, не сегментуючы аўдыторыю. Гэта як пластылін: бывае рознакаляровы, а калі яго сабраць у адзін камок і перамяшаць – атрымліваецца шэра-бура-малінавы.

    А вось за мяжой – слухаю. Бывае, едзеш у Польшчы ў таксі – а таксіст слухае не польскую “умца-умца”, а нейкія ток-шоу, дыскусіі, у якіх з раніцы абмяркоўваюць важныя для краіны пытанні… Нязвыкла для нас.

    “Класічнае радыё, як і паравозы, будзе захоўвацца. На выпадак метэарыту”  

    Максім Жбанкоў:

    – У прынцыпе, культура адбудаваная такім чынам, што ніводная навацыя не забівае папярэдняй. З’явлася кіно – яно не знішчыла ані тэатру, ані літаратуры. З’явілася тэлевізія – і не здолела перамагчы кінематографу. Зараз мы маем сеткавую інфармацыйную прастору, але ж у ёй – заўважце – суіснуюць і кіно, і тэлеканалы, і радыё.

    Мне падаецца, з радыё як з мастацтвам адбудовы пэўных саўндавых канструктаў усё нармальна. Яно проста пашырае сферу свайго ўплыву. Яно пачынае гучаць праз іншыя сродкі трансляцыі – перадусім камп’ютарна-сеткавыя. Гядзіце – што б ні адбывалася, людзі ўсё адно ў свае ціхія хвіліны бяруць гітару і пачынаюць спяваць акустычна, без аніякіх дадатковых прыладаў.

    Можна сказаць, што радыё пастаянна прысутнічае ў нашым жыцці. Паўсюль, дзе мы прамаўляем ад першай асобы, свядома адбудоўваем пэўны гукавы ландшафт – хатнія ўмовы, публічныя прамовы, артыстычная імпрэзы – гэта і ёсць радыё. Радыё – гэта не проста тэхнічны сродак. Радыё – гэта пэўны стыль мыслення.   

    Севярын Квяткоўскі:

    – Думаю, радыё будзе заўжды. Бо ёсць безліч спраў, якія чалавек можа рабіць і адначасова слухаць: ад кіравання аўтамабілем да гатавання ежы.

    Інтэрнэт “выбівае” класічнае аналагавае радыё, але я думаю, што ўсё роўна ўсе гэтыя перадатчыкі і тэхніка будуць кансервавацца. Як паравозы, якія стаяць па ўсіх краінах на выпадак вайны, прыблізна так і класічнае радыё ўсе роўна будзе захоўвацца на ўсялякі выпадак. Метэарыт, напрыклад, бабахне ці яшчэ што – раптам спатрэбяцца кароткія хвалі? Гэта як маракі, якія не карыстаюцца азбукай Морзэ, але ўсё роўна яе вучаць.

    А ў прынцыпе ў мяне ёсць такая фантазія… Канешне, калі інтэрнэт паўсюль будзе хуткі, устойлівы і будзе каштаваць не даражэй за ваду ў кране. Вось ты едзеш у машыне, голасам уключаеш сваю Фэйсбук-стужку, і табе агучваюць загалоўкі: “Вася запосціў коціка”, “Сярожа напісаў пра лёс шматпакутнай Бацькаўшчыны”, “Лена запрашае на выставу” і ўсё такое… А ты ўсім гэтым можаш голасам кіраваць: “Адчыніць”, “Паслухаць”, “Адкаменціць”. Кажаш “Навіны” – едзеш слухаеш навіны. Сфармаваў стужку музыкі – слухаеш музыку…

    Хоць усё роўна – гэта як з кніжкамі. Колькі б чыталак ні з’яўляліся з магчымасцю пампаваць, усё адно будзе заставацца пэўная колькасць людзей, для якіх важная папяровая кніжка. Тое ж самае і з радыё – будзе заставацца і класічнае лінейнае радыё з чалавекам у студыі, якое ты можаш альбо слухаць, альбо не слухаць. Проста рынак будзе сегментавацца. У нас жа грамадства ўяўляецца як суцэльны маналіт, хіба што падзелены на “застабілаў” і “апазіцыянераў”…

    Будзе паўнавартасны медыйны рынак – усё стане як належыць. Кожны знойдзе сваё месца пад сонцам.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці