«Радыё Рокс», BBC, Reuters і «Настоящее время». Кірыл Сухоцкі пра КДБ і беларускі пашпарт
Добра пастаўлены, радыйны голас Кірыла Сухоцкага, праўдападобна, дагэтуль памятаюць сталыя слухачы папулярнага пры канцы 1990-х «Радыё Рокс», дырэктарам інфармацыйнай службы якога ён быў.
Выпускнік менскай матэматычнай 50‑й школы, які перамагаў у рэспубліканскіх алімпіядах па беларускай мове. Кірыл Сухоцкі закончыў Ліцэй БДУ, факультэт журналістыкі БДУ, а пазьней магістратуру City University ў Лёндане па спэцыяльнасьці «асьвятленьне ваенных канфліктаў». Працаваў на радыё і тэлебачаньні BBC у Маскве і Лёндане. У 2012–2015 гадах — кіраўнік тэлебачаньня Reuters у Расеі і СНД, каманда пад яго кіраўніцтвам атрымала прэмію «Тэлевізійная гісторыя года» ў 2014 годзе за асьвятленьне крызісу ва Ўкраіне. Цяпер Кірыл Сухоцкі — галоўны рэдактар інфармацыйных праграм тэлеканалу «Настоящее время».
«Пасьля тэлефанавалі з КДБ, і дырэктарка радыёстанцыі казала: «Ну, ён малады…»
— Кірыл, кажуць, што ў МЗС Беларусі вас яшчэ доўга па голасу пазнавалі, калі тэлефанавалі туды ўжо зь Лёндану. Давайце згадаем той ваш пэрыяд у Беларусі. Як вы пачыналі і чаму зьехалі зь Беларусі ў 2001 годзе?
— Гэта быў такі залаты пэрыяд у беларускім радыё. Тэлебачаньня фактычна не існавала. Было Радыё 101.2, было Радыё Свабода… І быў пэрыяд пяць ці шэсьць гадоў, калі ўсе слухалі FM-радыё. Мы проста трапілі на гэтую хвалю. Мне было 18 гадоў, калі я прыйшоў на «Радыё Рокс», і я адразу трапіў у эфір. Гэта была музычная радыёстанцыя, але мы рабілі навіны — 5 хвілінаў напачатку кожнай гадзіны. І людзі пачалі слухаць. З аднаго боку гэта быў залаты пэрыяд радыё, але з другога — пачатак вельмі сумнага пэрыяду ў беларускай гісторыі. Гэта былі першыя гады Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта Беларусі, я памятаю, як памер Генадзь Карпенка, як зьніклі Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Зьміцер Завадзкі. Усе адбывалася адно за другім.
Так, «Радыё Рокс» было музычнай радыёстанцыяй, але мы імкнуліся даваць як мага болей інфармацыі, і людзі нас слухалі. Пасьля тэлефанавалі з КДБ, з іншых інстанцый… Дырэктарка радыёстанцыі казала: «Ну, ён малады, гэта жоўтая журналістыка». Але мы працягвалі гэта рабіць. Я памятаю прэзыдэнцкія выбары 2001 году, пасьля якіх я зьехаў зь Беларусі. Быў натоўп людзей на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, мы выходзілі ў эфір кожныя 15 хвілінаў з плошчы, мы гаварылі пра тое, дзе хаваецца АМАП, што робяць пратэстоўцы ў той час, калі ўсе нашы астатнія канкурэнты на FM за тыдзень да выбараў проста спынілі паведамляць беларускія навіны.
— Я вельмі добра памятаю, як гэта адбывалася…
— Яны нічога не паведамлялі, толькі міжнародныя навіны. А мы давалі навіны і падчас выбараў зрабілі гэты, калі не маратон, то апдэйт апэратыўнай інфармацыі кожныя 15 хвілінаў. На наступны дзень у нас была «прафіляктыка». Гэта адбываецца ў FM-эфіры кожны месяц, калі трэба было «замаўчаць» да пэўнай гадзіны. Гэта была плянавая прафіляктыка, нас не было ў эфіры, і я ведаю, што некаторыя канкурэнты тэлефанавалі нашым рэклямадаўцам і казалі: «Пасьля ўчорашняга эфіру іх закрылі, ідзіце да нас». Гэта была ўнікальная моц і энэргія ў тыя гады. І таму, магчыма, людзі нас памятаюць, хаця гэта быў вельмі кароткі пэрыяд і ўжо даволі даўно.
Потым людзі пачалі больш глядзець тэлебачаньне, FM-радыё стала больш вэгетарыянскім. Я ня быў на сваёй радыёстанцыі з таго часу, як зьехаў, але ведаю, што ў дні выбараў ці ў дні важных палітычных падзеяў да іх прыходзяць людзі з органаў і сядзяць у студыях.
А тады мы маглі гаварыць і пра пісталеты Алкаева, і пра ўсе тыя рэчы, што адбываліся пры канцы 1990‑х, пачатку 2000 гадоў. Потым гэта стала проста немагчыма. Я зьехаў, калі гэта пачало станавіцца немагчымым.
«Я быў у 90 краінах сьвету, і мой пашпарт ніколі не перашкаджаў»
— Я так разумею, што вы зьехалі і дзеля таго, каб вучыцца ў Вялікабрытаніі…
— Так, я зьехаў вучыцца, але я мог зьехаць вучыцца і да гэтага. Я — патрыёт сваёй краіны, у мяне беларускі пашпарт, я не зьбіраюся яго мяняць ні на які іншы. Я мог, магчыма, атрымаць брытанскі ці які іншы пашпарт. У мяне беларускі пашпарт, я нарадзіўся беларусам. Навошта мне іншы?
Я вандраваў па сьвеце. Я быў у 90 краінах сьвету, і мой пашпарт ніколі не перашкаджаў. Мне было цікава быць журналістам у той пэрыяд у Беларусі, але потым сытуацыя ў краіне стала істотна пагаршацца, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2001 годзе мне ўжо падавалася, што нейкі рубікон пройдзены. Гэта быў пэрыяд, калі многія мае сябры пачалі зьяжджаць зь Беларусі…
«Факультэт журналістыкі БДУ быў вельмі акадэмічным і ня вельмі практычным»
— Пасьля ад’езду зь Беларусі вы вучыліся ў Вялікабрытаніі і шмат гадоў працавалі на рускай служба BBС. Што дала вам заходняя адукацыя? Чым яна адрозьнівалася ад беларускай?
— Я атрымаў стыпэндыю і меў тры ці чатыры ўнівэрсытэты на выбар. Я выбраў City University ў Лёндане, які лічыцца, напэўна, найлепшым унівэрсытэтам для журналістаў у Вялікабрытаніі. Гэта не найлепшы ўнівэрсытэт, але ў Оксфардзе і Кэмбрыджы няма журналісцкіх школаў, і палова супрацоўнікаў ВВС, мне здаецца, скончыла City University ў Лёндане.
Я вучыўся адзін год, скончыў магістратуру па міжнароднай журналістыцы са спэцыялізацыяй па ваенным канфліктам. Гэта была вельмі цікавая школа ў параўнаньні з факультэтам журналістыкі БДУ, які быў вельмі акадэмічным і ня вельмі практычным. А тут мае настаўнікі былі вядомымі журналістамі, кіраўнікамі «Рэпартэраў бязь межаў», «Freedom house» і іншых вядомых міжнародных арганізацый. Мой настаўнік міжнароднай эканомікі быў эканамічным дарадцам Букінгемскага палацу. Гэта быў вельмі цікавы і багаты на знаёмствы год. Са многімі журналістамі, якія вучыліся разам са мной, я працягваю кантактаваць і цяпер. Я прыяжджаю на Форум у Давос і сустракаю сяброўку, якая працую на нямецкія часопісы. Я ведаю, што Джэніфэр працуе на CNN, ведаю, што нехта працуе на кітайскае тэлебачаньне…
— Ваша былая калега па FM-эфіру Тацяна Сулімава ў сваёй калёнцы ня так даўно назвала вас найлепшым работнікам службы інфармацыі на «Радыё Рокс» і ўвогуле на FM-станцыях Беларусі. Як вы лічыце, які ў сучасным сьвеце лёс радыё, якія трансфармацыі яно перажыве, ці памірае, як часам даводзіцца чуць?
— Па-першае, людзі працягваюць слухаць радыё па FM, калі яны ў аўтамабілі, людзі слухаюць падкасты. Калі я ў 1999 годзе ўпершыню быў у ЗША па запрашэньні Дзярждэпартамэнту, нас вазілі па розных штатах і розным радыёстанцыям. І ўжо тады ў ЗША было ўражаньне, што радыё мёртвае, таму што там было больш папулярнае кабэльнае тэлебачаньне, але ёсьць цікавы момант. Ёсьць FM-радыё і ёсьць AM-радыё, іншы дыяпазон. Гэта хутчэй не музычнае, а палітычнае і сацыяльнае радыё, якое жыве не на грошы з рэклямы, а на ахвяраваньні слухачоў. І мае сябры ў ЗША (ня вельмі багатыя людзі) ахвяруюць 50 даляраў на год на свае ўлюблёныя радыёстанцыі. Гэта радыё нейкай супольнасьці людзей, гораду ці штату, якое вельмі важнае для гэтых людзей, і гэта ніша, якую радыё можа займаць і далей.
«Настоящее время» — гэта канал на расейскай мове для іх усіх»
— Цяпер вы — галоўны рэдактар інфармацыйных праграм тэлеканалу «Настоящее время», амбітнага праекту Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. Вельмі шмат матэрыялаў «Настоящего времени» выходзіць на сайце беларускай Свабоды. Гэты канал шмат глядзяць ва Ўкраіне, Малдове, Літве, Армэніі, Ізраілі і іншых краінах. Днямі «Настоящее время», рускую службу Свабоды і яшчэ шэраг рэдакцый RFE/RL у Расеі прызналі «замежнымі агентамі». Як гэта паўплывае на вашу працу? Якія магчымасьці маюць ці будуць мець беларусы, каб глядзець «Настоящее время»?
— Што да небясьпекі, мы працягнем вывучаць сытуацыю. Гэта новы закон, мы толькі падпалі пад яго, мы яшчэ ня ведаем усе умовы, але, абсалютна, што нашая мэта — працягнуць даносіць абʼектыўную інфармацыю нашым гледачам і чытачам сайту і сацыяльных сетак. Гэта расейскамоўны канал для людзей, якія жывуць у самых розных краінах. Гэта не канал на расейскай мове для аўдыторыі ў Расеі ці аўдыторыі ў Беларусі, ці аўдыторыі ў Літве, ці аўдыторыі ў Казахстане. Гэта канал на расейскай мове для іх усіх. Ёсьць штосьці, што нас усіх абʼядноўвае, і гэта не мінулае, а тое, што адбываецца зараз. Людзям у Беларусі і Ўкраіне цікава ведаць, што адбываецца ў Грузіі, таму што гэта можа адбывацца і ў нашай краіне, а не адбываецца, але, магчыма, гэта наша будучыня. Для ўсіх людзей, што жывуць у Беларусі, важна ведаць, што адбываецца ў Расеі, таму што гэта можа паўплываць на ўласнае жыцьцё празь некаторы час. Мы гэта бачым па Ўкраіне, калі там людзі не зусім ведаюць, што насамрэч адбываецца ў Расеі і наадварот. І мы даносім гэтую інфармацыю.
Нядаўна мы вялі наўпроставую трансьляцыю мітынгу прыхільнікаў Саакашвілі з Кіева. Ніводзін іншы вялікі ўкраінскі тэлеканал ня вёў такой трансьляцыі. І гэта значыць, што нават у краінаў, якія ідуць да дэмакратыі, дастаткова доўгі шлях, які трэба прайсьці. Наша задача — не станавіцца на нейкую бок, не займаць нейкую пазыцыю, а несьці абʼектыўную інфармацыю там, дзе доступ да гэтай інфармацыі складаны. І ў Беларусі таксама. Калі я размаўляю з журналістамі з Расеі і Ўкраіны, я кажу ім, што СМІ ў Расеі — гэта глёбус Расеі, а СМІ ва Ўкраіне — гэта глёбус Украіны, а СМІ ў Беларусі — магчыма, глёбус Беларусі, і маленькі глёбус Расеі. А мы хочам паказаць, што сьвет не такі маленькі, як здаецца, калі глядзець на гэты глёбус адной краіны. У гэтым наша задача — паказаць, што нас абʼядноўвае, што нас усіх цікавіць.
«Шмат можа памяняцца, і шмат што можа памяняцца вельмі хутка»
— Кірыл, вы вучыліся ў элітнай матэматычнай 50‑й школе Менску, і ў ёй сталі пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. І цяпер вы цудоўна гаворыце па-беларуску, хаця шмат гадоў ужо не жывяце ў Беларусі. Наколькі вашае прафэсійнае і асабістае жыцьцё зьвязанае цяпер зь Беларусьсю?
— Мая сямʼя, мая маці і браты жывуць у Беларусі. Я ежджу, магчыма не настолькі часта, як хацелася бы, але бываю там і бачу зьмены. Магчыма для чалавека, які не бывае там часта, гэтыя зьмены яскрава заўважныя.
— А якія менавіта зьмены вы назіраеце?
— Гэта твары маладых людзей. Я бачу, што маладыя людзі сталі нашмат больш свабодныя, адкрытыя сьвету і адзін да аднаго. І гэта цікава, бо я гэтага ня назіраў 8–10 гадоў таму.
Гэта іншае пакаленьне, і мне зь ім вельмі цікава размаўляць. Мне здаецца, што гэта дае вельмі моцную надзею, што шмат можа памяняцца, і шмат што можа памяняцца вельмі хутка. Я памятаю аднаго свайго прафэсара ў брытанскім унівэрсытэце, які правеў 40 лет на войнах і канфліктах. Ён казаў: «Калі здараюцца крызісы, яны здараюцца нашмат пазьней, чым людзі думаюць, што яны здарацца. Але калі яны здараюцца, яны праходзяць нашмат хутчэй, чым людзі думаюць, што яны пройдуць». Я бачу гэтыя маладыя твары і мне цікава, што будзе далей.
У мяне некалі быў першы дыплём рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове ў матэматычнай школе, і мая настаўніца беларускай мовы казала мне, што яна ніколі не магла бы падумаць, што нехта з элітнай матэматычнай школы будзе выйграваць беларускамоўныя алімпіяды.
Я скончыў Ліцэй БДУ, дзе ўсё наша навучаньне было на беларускай мове, мы вучылі фізыку, хімію і ўсе іншыя прадметы па-беларуску. Потым быў журфак БДУ, Мы размаўлялі па-беларуску, цікавіліся беларускай культурай, чыталі кнігі па-беларуску. Потым гэта трошкі зьнікла, магчыма таму, што людзі, якія былі на гэтай хвалі, зьехалі. Але гэта пачало вяртацца і я бачу гэта апошнія два-тры гады, калі прыяжджаю ў Беларусь. Я чую сяброў сяброў маіх сяброў, якія размаўляюць па-беларуску, я бачу беларускамоўную рэкляму, я чую беларускую мову. Гэта мне нагадвае атмасфэру, якая была ў 1990‑я гады, хаця, безумоўна, палітычная атмасфэра ў многім не зьмянілася.