• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рады, што маё асяроддзе напалову складаецца з герояў уласных кніг. Журналіст ураджэнец Ашмянаў — пра дзяцінства, сям’ю, хваробу, творчасць

    Аляксандр і Ірына Тамковічы.Ён гутарыў з Васілём Быкавым і Рыгорам Барадуліным, сябруе з нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч і вось ужо колькі год выконвае загад  Уладзіміра Някляева – не пісаць вершаў. А яшчэ мой герой памятае старажытную алею ў Ашмянах і ўпэўнены, што роднаму гораду ёсць чым ганарыцца.

    Госць "Рэгіянальнай газеты" – ураджэнец Ашмянаў, журналіст і пісьменнік Аляксандр Тамковіч.

    – Прыгадайце горад свайго дзяцінства.

    –  Памятаю, як дачка  ўпершыню ўбачыла Ашмяны пасля чарговага добраўпарадкавання і  сказала, што  райцэнтр стаў не падобны на горад яе дзяцінства. Перш за ўсё таму, што спілавалі ліпавую алею, якая сустракала ўсіх, хто  накіроўваўся сюды з боку Смаргоні. Нешта падобнае магу сказаць і я.

    Пачатак. Ашмянскае дзяцінства.

    На мой погляд, далёка не заўсёды добраўпарадкаванне  бывае карысным і далёка не заўсёды дзеясловы «рабіць»  і «думаць» сінанімічныя. Справа густу – рэч індывідуальная, але асабіста для мяне, калі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі робяць падобным на калгасную сядзібу, красамоўна сведчыць пра тое, што лёсавызначальныя рашэнні часта прымаюць не самыя адукаваныя людзі…

    Асабліва калі яны чужакі і родны мне горад разглядаюць не больш як чарговую прыступку сваёй службовай кар’еры. За  55 гадоў уласнага жыцця я магу на пальцах адной рукі пералічыць кіраўнікоў Ашмяншчыны з ашмянскімі  каранямі.

    Спадзяюся, тыя, хто аддаў загад спілаваць ліпы  майго дзяцінства, ведаюць, што раней цэнтральную вуліцу горада называлі Жупранскай,  Люцыяна Жалігоўскага і нават Вермахтштрасе. Трэба, каб ашмянцы ведалі, што нам ёсць чым ганарыцца. Ведалі, што некалі  горад меў Магдэбургскае права і  хто такі  ксёндз-паэт  Аляксандр Астрамовіч. Ведалі, што тут нарадзілася муза і жонка Якуба Коласа Марыя Каменская, што Ашмяны родным горадам называюць нашы сучаснікі  і мае добрыя знаёмыя пісьменнік Віктар Марціновіч і спявачка Таццяна  Грыневіч.

    – Кажуць, мы малыя да таго часу, пакуль жывыя бацькі. Прыгадайце сваіх.

    – Яны разышліся, калі я толькі пачынаў хадзіць у школу, таму з бацькам Леанідам Вікенцьевічам амаль не кантактаваў. Ужо дарослым некалькі разоў з ім размаўляў, пасля быў на пахаванні, паставіў помнік на магіле. Маці, таксама нябожчыца, Крысціна Аляксандраўна,  шмат гадоў працавала  ў Вільні, на заводзе, які вырабляў апаратуру для паліва, і куды кожны дзень аўтобус прывозіў-адвозіў беларускую працоўную сілу. Мы з сястрой Святланай, якая цяпер жыве ў Літве, у гэты час альбо былі ў школе, альбо  ўжо спалі і  бачылі маці толькі па выхадных. Выхоўвала нас яе маці, баба Лёня.

    – Ваша мама была чалавекам ваеннага часу. Што яна і іншыя сваякі ўспаміналі пра Другую сусветную, пра міжваеннае жыццё?

    – Шкадую, што ў свой час не запісаў на дыктафон іх успаміны… Напэўна, сёння зрабіў бы гэта, але нікога з іх ужо няма. Таму запісвайце, пакуль ёсць каго запісаць. Памятаю, як бабуля расказвала, што за першымі саветамі (на Захадзе Беларусі ведаюць сутнасць гэтага тэрміну) яе ноччу, амаль раздзетую,  забралі ў  міліцэйскі пастарунак. Пад нагамі хлюпала нейкая вадкасць. Раніцай іх адпусцілі. Яе ногі былі чырвонымі ад людской крыві.

    Апошнім часам  шмат настальгічных фраз наконт  «сталінскіх часоў». На мой погляд, так  разважаць могуць  альбо тыя, хто нічога не ведае і не разумее, альбо, калі чалавек разлічвае на месца на вышцы з аўтаматам. Ашмянцы ўзгадавалі, што «польскія партызаны» былі больш добрымі за савецкіх. А яшчэ ад землякоў я не раз чуў  тое, што называлася «антысаветчынай». Не выпадкова ў нашы мясціны амаль заўсёды завозілі начальнікаў з усходу.

    – Пра ваш радавод нешта вядома?

    На жаль, менш, чым хацелася.  Бацька з‑пад Крэва, па лініі маці – усе з Ашмянаў. Мы – нашчадкі дробнай польска-беларускай шляхты. А, калі ўлічыць, што менавіта на захадзе Гарадзенскай вобласці  пачалося і квітнела Вялікае Княства Літоўскае, то ўраджэнцы гэтага рэгіёна, як ніхто іншы, маюць права называць сябе ліцвінамі.

    З аднакласнікамі ў ашмянскім фотаатэлье. Прыблізна 1982 год.

    Увогуле ж, нацыянальная прыналежнасць, на мой погляд, не павінна быць прадметам для спрэчак.  Апошнім часам я не раз  чуў наконт маёй нацыянальнасці шмат версій.

    – Цікава. І кім жа вас бачылі?

    – Грузінам, армянінам, чэчэнцам і нават яўрэем. Нічога, акрамя смеху, гэта не выклікае. На мой погляд, важная не «пятая графа» ў пашпарце, а тое, якім ты стаў чалавекам.

    Бабуля расказвала, што  ў цяжкія часы дапамагалі выжываць менавіта яўрэі, якія куплялі  ў людзей лісічкі. Не буду гадаць, ці ведалі тады пра гаючыя якасці гэтых грыбоў, але, што іх не любяць чарвякі – ведалі ўсе.

    У нас ніколі не звярталі ўвагі ні нацыянальнасць, ні на рэлігійную прыналежнасць. Каталікі святкавалі разам з праваслаўнымі каталіцкія святы і ішлі да іх у госці на  святы праваслаўныя.  І наадварот. У раннім дзяцінстве мне, каталіку, выратаваў жыццё доктар, які быў праваслаўным. Калі ж школьнікам зімой я тануў у Ашмянцы, то мяне выцягнуў з палонкі мусульманін.

    – У школе былі ўзорным вучнем?

    –  У школе я больш атрымліваў добрыя адзнакі, чым вучыўся.  У паводзінах нічога экстраардынарнага не было. Рабіў тое, што сёння можа паказацца нечым забароненым толькі чалавеку з дэфіцытам пачуцця гумару. Напрыклад, хадзіў на танцы ў раённы Дом культуры. Раней там  дзяжурылі школьныя настаўнікі (мае спачуванні), а то і сам дырэктар школы.

    За кепскія паводзіны вам перападала?

    – Не. Бо не было ад каго. Затое не раз чуў пра «гадоту нябітую».

    – Былі настаўнікі, якія паўплывалі на вас?

    У выпускным класе ў нас змяніўся класны кіраўнік. З вялікай павагай стаўлюся да Любові Верхаводкі, якая правяла нас ад пятага да дзясятага, і не менш паважаю Тамару Ліпчанскую (тады Буткевіч), для якой мы сталі першымі выпускнікамі ўвогуле. Першай ужо няма на гэтым свеце, а другой скажу так: «Рады быць Вашым вучнем!». Любімым настаўнікам  быў светлай памяці Міхаіл Луня. Ён выкладаў у нас матэматыку і навучыў думаць лагічна, што я лічу не менш важным за літаратурныя здольнасці. Тамара Сяргееўна, настаўніца хіміі, таксама вітала ў вучнях гэту якасць.

    – Школьны выпускны памятаеце?

    – Выпускны быў не ў горадзе. Тады не змагаліся з алкаголем. А наступны дзень былі знакамітыя ашмянскія мотагонкі. Некаторыя  з нас  сустрэлі світанак і адразу пайшлі на спаборніцтвы.

    – Ці падтрымліваеце адносіны з кімсьці з аднакласнікаў?

    – Так. Прыемна, што  пра мяне памятаюць і шчыра дапамагаюць Эдзік Каханоўскі, Валя Казлоўская (раней Баброўская) і Гена Мерчы, які цяпер жыве ў Мінску і бывае на прэзентацыях усіх маіх кніг. А нядаўна прыходзіў на мінскі паказ  фільма маёй дачкі.

    – А чаму вы вырашылі падацца ў вайсковае вучылішча ў Львоў?

    – Ніколі не марыў пра ваенную кар’еру і не думаў пра вучобу ў Львове. Наадварот, каб адразу не трапіць у войска, я падмануў ашмянскага ваенкома, што буду паступаць у вайсковае вучылішча, а сам з’ехаў у Піцер. Праз  паўгода выпадкова ў Ашмянах трапіў яму на вочы і хутка аказаўся абутым у кірзавыя боты. Аказалася, гэта і вырашыла мой лёс.

    Курсант журфака ЛВВПВ, другі курс, кастрычнік 1984

    Справа ў тым, што з Паўночнага флоту, куды я трапіў у марскую інжынерную службу, пяць год ніхто не паступаў на факультэт журналістыкі Львоўскай вайскова-палітычнай вучэльні. Вайсковым журналістам тэрмінова трэба было паставіць галачку, і тут з’явіўся ваенкор Тамковіч. Як кажуць, зоркі сышліся. Для таго каб я пагадзіўся паехаць паступаць, яны таемна дамовіліся з маімі камандзірамі і мне далі дзесяць дзён адпачынку.

    – І як вам паступалася?

    – У Львоў я паехаў з Ашмянаў і на сто адсоткаў упэўнены, што не паступлю. Конкурсы сярод абітурыентаў у вайсковую вучэльню ў Львове былі вельмі высокія. Яно і зразумела: адна ўстанова такога кшталту на ўсе агромністыя Узброеныя Сілы Савецкага Саюза. А набіраюць толькі 70–80 чалавек. Аказалася, журналістыкай там кіравалі былыя аднакурснікі маіх запалярных куратараў. Атрымлівалася, што я паступіў у той момант, калі пагадзіўся туды паехаць.

    – Як трапілі ў Мінск?

    Мінск абраў мяне сам. Я стажыраваўся  ў газеце «Во славу Родины».  Адтуль і накіравалі ў вучэльню адпаведны запыт. Але лёсавызначальным было не гэта. І нават не мой чырвоны дыплом. Перад выпускам мне ўжо пашылі марскую форму. Маўляў, паедзеш туды, адкуль і  прыехаў. Зноўку ўсё вырашыў выпадак. Тагачасны начальнік нашай вучэльні  генерал Залатароў часта падыходзіў пагаварыць пра папулярныя некалі гродзенскія цыгарэты.

    Так адбылося і тады. Падчас размовы генерал даведаўся пра беларускі запыт і нежаданне ехаць на флот. Вакол нас сабралася шмат слухачоў, і ён публічна паабяцаў ва ўсім разабрацца. Літаральна праз дзень я здаў на склад пашытую форму флоцкага афіцэра. Разам з намі тады вучыўся сённяшні міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Гэта ён у Мінску пазнаёміў мяне  з паэтам-вязнем Сяргеем Новікам-Пяюном, які напісаў знакамітыя «Зорачкі».

    Вяселле Аляксандра і Ірыны ў Ашмянах. 14 лістапада 1987 года.

    – А цяпер – час рамантычных пытанняў. Ведаю, што вы з жонкай Ірынай жылі ў адным горадзе. Раскажыце, як пазнаёміліся, як пачалі сустракацца?

    – Сапраўды,  мы з жонкай з Ашмянаў. Толькі вучыліся ў розных школах. Мы пазнаёміліся ў яе сяброўкі Рэгіны, калі я быў у Ашмянах на канікулах.

    – Прапанову хутка зрабілі?

    – Праз восем месяцаў пасля знаёмства. 14 лістапада 1987 года мы пабраліся шлюбам.

    Як маладая сям’я змагалася з побытавымі праблемамі?

    – З побытавых праблем хутка вырашылася толькі пытанне з жытлом. Адзін з афіцэраў нашай газеты ехаў служыць у Вугоршчыну. Па ваеннай завядзёнцы пакой яго двухпакаёўкі дастаўся нам.  Усе астатняе было, як ва ўсіх – чэргі, дэфіцыт, купоны.

    Кастрычнік 1988 года. Мінская радзільня.

    У верасні 1988 года нарадзілася наша дачка Кацярына. Сёння яна мае псеўданім Мара. Прозвішча таксама было псеўданімам – Нальшанская. Калісьці Нальшанскім называлася княства, дзе месцяцца Ашмяны, але Варшаўская школа кінематаграфіі, дзе вучылася дачка,  запатрабавала вярнуць сапраўднае прозвішча.

    – Чым займаецца Мара-Кацярына?

    – Яна  з’ехала вучыцца ў Польшчу па праграме Каліноўскага, калі я ўжо хварэў. Спачатку яе вабіла журналістыка, потым кіно. Яна ў нас малайчына. За сваю дыпломную работу атрымала шмат прызоў розных кінафестываляў, а ў дзень майго 55-годдзя зрабіла шыкоўны падарунак – выйграла адзін з конкурсаў «Лістапада».

    Дачка Аляксандра і Ірыны Тамковічаў жыве з сям’ёй у Варшаве. На фота яна з дачкой Мімі.

    – Як-небудзь па-асабліваму выхоўвалі дачку?

    – Я не Макаранка, каб мець права пісаць нейкія педагагічныя паэмы, але тое, што дачка некалі напісала, што ёй было ў каго вучыцца – прыемная канстатацыя факта. Да таго ж я прынцыпова лічу:  галоўнай у выхаванні дачкі была мая жонка, Ірына. А яшчэ я вельмі ўдзячны дачцэ за цудоўных зяця Юру і добрых смаргонскіх сваякоў Марыю і Вальдэмара Высоцкіх. І, канешне ж, за цудоўную ўнучку Мімі. Безумоўна, хацеў бы яе бачыць часцей…

    – Вы сказалі, што перажылі выпрабаванне хваробай. Распавядзіце пра гэты перыяд. І як цяпер у вас стасункі са здаровым ладам жыцця?

    – Сорамна, але адносна здаровага ладу жыцця – не пра мяне.  Адзінае, за што можна дзякаваць хваробе, гэта за тое, што кінуў  курыць і пакрыху зноў пачаў займацца спортам. У дзяцінстве мы літаральна трызнілі культурызмам, цяжкай атлетыкай, цягалі  розныя штангі-гантэлі і цэглу з будынка сучаснага гарвыканкама на будаўніцтва свайго клуба, які называлі Муравейнікам.

    Аляксандр Тамковіч «паказвае Тайсана» былому Ашмянскаму дэпутату, палітыку Анатолю Лябедзьку.

    Сёння я амаль кожную раніцу займаюся моднай цяпер скандынаўскай хадой. Хачу пахудзець. Але з півам гэта неяк не стасуецца… Наконт дакладнага дыягназу нічога канкрэтнага сказаць не магу, бо яго няма ўжо 16 год. Адны версіі. Пасля памылкі, калі «свяцілы» далі мне год жыцця, ніхто больш не рызыкуе. Дактары так і сказалі: пасля ўскрыцця дакладна скажам, што было…

    З Элеанорай Язерскай.

    – Хто быў побач у гэты няпросты для вас час?

    Ад усяго сэрца ўдзячны сваёй жонцы і яе маці, якую мы называем «баба Стася». Яны дапамаглі не здацца. Як сказаў мой сябар Валодзя Гаранькоў, які цяпер працуе стаматолагам у Маладзечне: «Табе Бог даў хваробу, каб ты напісаў свае кнігі».

    З Васілём Быкавым.

    – Вось цяпер пра кнігі. Чаму вырашылі заняцца гэтай непрыбытковай і не заўсёды ўдзячнай справай?

    – Яшчэ  ў школе я пачаў пісаць вершы. Адзін з іх паслаў у «Знамя юности». Тагачасны літаратурны кансультант газеты  Уладзімір Някляеў даслаў «пахаванку» і параіў пісаць прозу. Дзякуй, што  цяпер ён заўсёды прыходзіць на мае прэзентацыі і там цікава выступае, а я час ад часу нагадваю, што выканаў той яго загад.

    Са Святланай Алексіевіч.

    – Вашы творы – больш літаратура ці журналістыка?

    Я працую ў жанры нон-фікшн,  гэта на мяжы журналістыкі і літаратуры. Пісьменнікі лічаць нас журналістамі, журналісты – пісьменнікамі. Непрыдуманая літаратура часам не лічыцца  літаратурай толькі за тое, што яе ніхто не прыдумаў. Мной напісана і выдадзена 20 кніг, тры з якіх перакладзеныя на англійскую мову, адна на нямецкую і адна перавыдадзеная.

    – А што ў планах?

    – Калі дасць Бог, 21‑й кнігай будуць біяграфічныя ўспаміны Зінаіды Бандарэнкі. На выданне гэтай кнігі абвешчаны краўдфандынг. Спадзяюся, што напярэдадні 80-годдзя Зінаіды Аляксандраўны яна ўбачыць свет.

    Зінаіда Бандарэнка вядзе прэзентацыю кнігі «Мазаіка жыцця»

    – Раскажыце пра герояў сваіх кніг. Як выбіраеце іх?

    –  Імкнуся наўмысна не падбіраць герояў, згодна з пэўнымі рамкамі. Адзінае – чалавек павінны быць цікавы іншым. Усё астатняе неяк атрымліваецца само сабой. Амаль усе  – гонар беларускай нацыі, пісьменнікі, музыкі, мастакі. Пра сваё жыццё распавядалі таксама палітыкі, праваабаронцы, грамадскія дзеячы. Ёсць дзве размовы,  за якія мне сёння сорамна.

    – Калі ёсць размовы, за якія сорамна, павінны ж быць і тыя, якімі ганарыцеся?

    – Сапраўды. Ганаруся, што паспеў запісаць пры жыцці Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, зрабіць нарыс пра Ніла Гілевіча. Рады, што маю прыяцельскія адносіны са Святланай Алексіевіч. Ганаруся таксама, што часам бываю ў асяроддзі, якое напалову складаецца з герояў маіх кніг.

    Фота з асабістага архіва Аляксандра Тамковіча.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці