• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Рацыя», SYMPA, «Вожык.Самвыдат» — чарговыя папаўненні ў «экстрэмісцкім спісе»

    Міністэрства інфармацыі ставіць на паток «экстрэмісцкія рэсурсы». Згодна з апошнімі абнаўленнямі ў так званым «Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў», такімі сталі асобныя пляцоўкі ў сеціве «Радыё Рацыя», тэлеканала «Белсат», экспертнай супольнасці SYMPA ды іншыя.

    Як вынікае з паведамлення на сайце дзяржаўнага ведамства, цяпер «забароненай да распаўсюду» лічыцца інармацыйная старонка «Беларускага Радыё Рацыя» ў расійскай сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Адпаведнае рашэнне прыняў суд Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці 7 ліпеня.

    Ад верасня 2021 года доступ на сайт радыёстанцыі ў Беларусі заблакаваны, з таго часу ўлады намагаюцца нейтралізаваць асобныя старонкі медыя ў сацсетках. «Беларускае Радыё Рацыя» фінансуецца Міністэрствам замежных спраў Польшчы і пакрывае тэрыторыю беларуска-літоўска-польскага памежжа. Першы эфір адбыўся 3 кастрычніка 1999-га, а саму назву як брэнд прыдумала каманда зачыненага рэжымам «Радыё 101,2». 

    Акрамя таго, у пераліку «экстрэмісцкіх матэрыялаў» ужо звыкла фігуруе ўсё, што звязана з тэлеканалам «Белсат». Гэтым разам пільныя кантралёры ўгледзелі крамолу на старонцы ў іншай расійскай сацсетцы «Одноклассники» пад назвай «Белсат Адмін». Даецца адсылка на вердыкт суда Барысаўскага раёна Мінскай вобласці ад 6 ліпеня.

    Паводле падлікаў кіраўніцтва «Белсата», за час асвятлення пратэстаў у Беларусі цягам 2020–2021 гадоў карэспандэнтаў тэлеканала затрымлівалі 162 разы, часта з канфіскацыяй відэатэхнікі. Так, 15 лістапада 2020-га за трансляцыю мірнай акцыі ў памяць пра гарадскога актывіста Рамана Бандарэнку журналісткі тэлеканала Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова атрымалі па 2 гады пазбаўлення волі, пазней першай дадалі яшчэ 8 з лішкам гадоў зняволення паводле абвінавачання ў «здрадзе дзяржаве».

    Паралельна МУС Беларусі прызнаў тэлеканал «экстрэмісцкім фармаваннем», у сувязі з чым за падпіску ці рэпост матэрыялаў настае адміністрацыйная ці крымінальная адказнасць.

    Гэтаксама ў кампанію да «экстрэмістаў» патрапіла экспертная супольнасць SYMPA, аднак спасылка, указаная ў пераліку, вядзе на старонку групы «Мой Мінск: палітыка, гісторыя, сацыялогія». Так вырашыў суд  Цэнтральнага раёна Мінска 7 ліпеня, а Мінінфарм замацаваў у ведамасным пераліку.

    Гэта ўжо не першае «прызнанне» школы маладых менеджараў публічнага адміністравання з боку ўладных структур — зусім нядаўна ў сярэдзіне чэрвеня Камітэт дзяржбяспекі прызнаў групу аднадумцаў «экстрэмісцкім фармаваннем». Нібыта публікавалі звароты «дзеля інспіравання пратэсных настрояў у грамадстве» і распаўсюджвалі ілжывыя звесткі пра сістэму дзяржкіравання. Нагадаем, у сакавіку 2023 года сузаснавальніцу SYMPA Таццяну Кузіну асудзілі на 10 гадоў за «распальванне варожасці і змову з мэтай захопу ўлады».

    Часам у пералік «злачынцаў» трапляюць і досыць выпадковыя рэсурсы, на якія сілавікі натыкнуліся, выглядае, па інэрцыі. Напрыклад, інфармацыйная прадукцыя Telegram-канала «Вожык. Самвыдат».

    Мяркуючы па актуальных выходных дадзеных, кантэнт з 317 падпісантамі не абнаўляўся з кастрычніка 2021 года. Аднак суд Цэнтральнага раёна Мінска вызначыў, што няхай нават і задняй датай, але неабходна спыніць распаўсюд «шкодных матэрыялаў» — у дадзеным выпадку гэта надзённыя палітычныя карыкатуры. 

    Цікава, што аўтары праекта ад пачатку пазіцыянавалі сябе  прадаўжальнікамі арганізатараў вострасатырычнай газеты «Вожык: раздавiм фашысцкую гадзiну», якая з 1941 года выдавалася беларускімі партызанамі.   

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці