• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пётр Кузняцоў пра рэакцыю Крамля на кейс «Камсамолкі»: Сігнал, што супраць Лукашэнкі могуць ужыць санкцыі

    Медыяменеджар — пра непаразуменне Масквы і Мінска па сітуацыі з «Камсамолкай».

    Працягваецца гісторыя з блакаваннем сайта «Комсомольской правды в Беларуси» і затрыманнем журналіста Генадзя Мажэйкі.

    Стала вядома, што, нягледзячы на рэакцыю афіцыйнай Масквы, беларускага аўтара перавялі ў СІЗА ў Жодзіне, але абвінавачанні пакуль не прад’яўленыя.

    «Салідарнасць» спытала у медыяменеджара, заснавальніка сайта «Сильные новости» Пятра Кузняцова, чым, на яго погляд, скончыцца канфлікт і якія рызыкі ён нясе для афіцыйнага Мінска.

    — Уладам «Комсомольская правда в Беларуси» асабліва не замінала. Ну, можа, у 2020 годзе крыху і замінала, калі ішлі пратэсты, але не цяпер. Проста на фоне сітуацыі з Аляксандрам Зельцэрам у сілавых органах было шмат імпульсіўных рэакцый — гэта адна з іх.

    Калі ўжо ўсё было зроблена, то не ў правілах нашай дзяржавы нешта адкручваць назад, яны любяць паказваць сваю непахіснасць. Калі робяць, то робяць да канца.

    Пазіцыю Расіі, натуральна, ніхто не пралічваў. Справа ў тым, што ў Мінску прывыклі не вельмі звяртаць увагу на меркаванне Крамля, калі размова вядзецца пра прэсінг на журналістаў.

    Я нагадаю, што расійскіх журналістаў, грамадзян Расіі, затрымлівалі падчас пратэстаў 2020 года, арыштоўвалі, пазбаўлялі акрэдытацыі. Але жорсткай рэакцыі Расіі не было. А тут Генадзь Мажэйка —грамадзянін Беларусі, «Комсомольская правда» — зарэгістраванае ў Беларусі СМІ, хоць і частка расійскага медыяхолдынга.

    Можна ўспомніць, як лёгка Расія забылася сітуацыю са збіццём журналістаў расійскага «Спутника». Маргарыта Сіманьян задавала пра гэта пытанне Лукашэнка на прэс-канферэнцыі, але той прапанаваў «перагарнуць старонку», на што тая адразу ж згадзілася.

    Беларускія ўлады прывыклі, што журналісты не ў фокусе ўвагі Крамля, і можна сабе многае дазваляць. Але толькі на гэты раз чамусьці рэакцыя была жорсткай.

    Чаму так? Я ўжо шмат разоў пісаў, што цяпер беларускі рэжым спрабуе ў любой форме і на любую тэму пачаць перамоўны працэс з Захадам. Той жа міграцыйны крызіс — гэта частка дадзенай стратэгіі. Патугі Макея ў ААН, візіты Васкрасенскага ў Польшчу і Украіну. Вельмі шмат такіх сігналаў.

    У Расіі гэтыя рухі таксама заўважылі, прасачылі за імі і зразумелі, што гэта мэтанакіраваная палітыка Лукашэнкі, якая можа быць звязаная з тым, што ён зноў не збіраецца выконваць свае абяцанні.

    У Маскве ўсё складана — адносна таго, што і як можна рабіць з Лукашэнкам. Справа ў тым, што Крэмль падтрымаў беларускага кіраўніка год таму і ісці на зваротную не вельмі з рукі.

    Я думаю, што сітуацыю з «Камсамолкай» вырашылі выкарыстаць у інфармацыйным сэнсе, каб паказаць уласнаму істэблішменту і выбаршчыкам: Лукашэнка можа быць не самым лепшым партнёрам; ад яго можна чакаць нядобрых рэчаў; з ім трэба быць асцярожным.

    Гэта такі папярэдні сігнал, што супраць Лукашэнкі могуць быць ужытыя нейкія санкцыі. Такая рэакцыя — не столькі на інцыдэнт з «Камсамолкай» (бо Крамлю напляваць на грамадзян Беларусі), а на не вельмі надзейную палітыку беларускіх улад. Пакуль гэта толькі намёкі — маўляў, давай нармальна вырашаць пытанні, пакуль мы не пачалі цябе «мачыць».

    Сітуацыя будзе вырашацца кулуарна. На мінулым тыдні на адной з нарад Аляксандр Лукашэнка эмацыйна выказаўся, што нейкія расійскія сілавікі гавораць пра непрафесіяналізм беларускіх спецслужб. Мы пра гэта нават не даведаліся б, калі б сам Лукашэнка не стаў казаць.

    — Як можа ўсё вырашыцца?

    — Хутчэй за ўсё, «Камсамолка» застанецца заблакаванай. Наўрад ці Расія будзе ўводзіць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі праз гэты СМІ. Хутчэй за ўсё, на пэўным этапе Лукашэнка супакоіць Маскву: мы з вамі браты, сябры, не звяртайце ўвагі на гэтую газету, будуем далей інтэграцыйныя праекты.

    Што тычыцца Мажэйкі, то, хутчэй за ўсё, яго не выпусцяць. Расія не будзе ціснуць праз грамадзяніна Беларусі, а спецслужбы будуць даводзіць сваё імпульсіўнае рашэнне да канца.

    Расія праз шмат рэчаў можа злавацца на Лукашэнку, але яны вельмі мала чаго могуць яму зрабіць. А сам Лукашэнка можа дзейнічаць на павышэнне ставак, лаяцца, правакаваць канфлікты.

    Фундаментальна адносіны паміж краінамі не пагоршацца. Для Лукашэнкі гэта невялікая праблема. І ён мяркуе, што зможа забалбатаць Расію больш важнымі пытаннямі.

    Пераклад з рускай мовы — «Новы Час»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці