Пётр Кузняцоў пра апошнія палітычныя падзеі: Сталіншчына у чыстым выглядзе
Заснавальнік «Сильных новостей» разважае пра знішчэнне незалежнай прэсы і НДА у Беларусі.
Ліквідацыя нашай ўстановы аказалася толькі адной з першых ластавак перад вялікім і скаардынаваным ударам па легальнасці грамадзянскага сектара ў цэлым сёння ўлады ліквідавалі дзясяткі іншых НДА.
Хтосьці ўспрымае гэта хваравіта, хтосьці — у меншай ступені. Магу сказаць ад сябе: пасля прызнання, што «часам не да законаў», усякага роду фармальнасці ў гэтай краіне амаль цалкам страцілі сэнс у практычным плане. Ну, было зарэгістраванае Інтэрнэт-медыя Тутбаі, яму што, пасля 9 жніўня працавалася лягчэй, чым якому-небудзь сайту без усялякага статусу? Справа толькі ў тым, што якія б у каго біркі не былі, перад беззаконьнем роўныя ўсе.
Тое, што адбываецца сёння — добрая ілюстрацыя і адказ усім тым, хто ў апошнія тыдні будаваў канспіралогію пра тое, як незалежныя медыя душацца не тое па замове Масквы, не тое перад чымсьці вельмі важным і патрэбным. Можа і па замове, можа і перад чымсьці, аднак звярніце ўвагу: пасля шквалу ператрусаў, арыштаў, зачыненняў, сёння надыходзіць дзень фактычнай ліквідацыі грамадзянскай супольнасці — і менавіта ў гэты дзень праходзіць нарада пра ўраджай. Вось у гэтым уся спецыфіка і ёсць. Яшчэ з таго моманту, калі ў адносінах да буйнога рытэйлера было ўжыта слова «выразаем», а пасля ў адрас СМІ і грамадства загучала «зачыстка», стала зразумела: проста сама наяўнасць чагосьці ў гэтай краіне незалежнага не дае некаторым людзям спакойна спаць і займацца сваімі справамі.
Але, вось, «папрацавалі», папацелі, паабшукалі, павымалі, ліквідавалі — можна і да спраў надзённых вярнуцца. Ураджай ніхто не адмяняў, а тут аж 1,5 тысячы механізатараў не хапае. І МУС ізноў даручылі разабрацца — ужо з сялянамі-«несунамі» — і не проста разабрацца, а «дадушыць, як гідру».
Між тым, тэндэнцыя знаходзіць усё больш выразныя абрысы. Задушыць у Беларусі ў бліжэйшы час плануюць не толькі СМІ і НДА. Ужо да ўдушэння намечаны ІП — як клас. Сёння вось туды дадалі і «несуноў», а тым, хто хоць бы мінімальна ведае стан рэчаў у беларускай вёсцы, зразумела, што «несуноў» там прыкладна кожны першы. Гэта ўжо справа ідзе да працэсаў «за каласкі» — сталіншчына у чыстым выглядзе. Па буйному бізнэсу, хоць гэта і не вельмі яскрава бачна, але справа ідзе, «працуюць» ужо даўно. Не трэба быць сямі пядзяў у ілбе, каб разумець: да дырэктарата і топ-мэнэджэраў таксама дойдзе. Ужо не так важна, каго і за што: сяляне нашы зусім у палітыцы заўважаны не былі, а пад раздачу таксама пойдуць. Галоўнае — працэс.
На працягу доўгіх гадоў апалітычнасці беларускага грамадства, калі пытанні палітыкі і ўлады абмяркоўваліся толькі ў вузкім інфармацыйным «гета», у адказ на ўсе рэплікі накшталт таго, што «ва ўладзе ідыёты», я заўсёды казаў, што там працуюць зусім не дурні. На працягу дзесяцігоддзяў рэжым ўмела маніпуляваў грамадствам і яго актыўнымі групамі, сутыкаў ілбамі, правакаваў канфлікты, і ўсё гэта рабілася паддыванова, незаўважна, але прыводзіла да таго, што практычна ўсе групы і інстытуты былі самі па сабе, былі ў нейкай ступені скампраметаваныя і ніхто не разглядаўся, як альтэрнатыва.
Цяпер поўнае ўражанне, што курс узяты роўна адваротны: усё робіцца не скальпелем, а дубінай, і робіцца такім чынам, што я вось успамінаю сцэну з «Месца сустрэчы змяніць нельга». Там Жэглоў і Шарапаў спрачаюцца ў аўтобусе, калі едуць на складаную і смяротна небяспечную аперацыю — Фокса браць. Але па прыездзе шафёр Капыцін ім кажа: «Ідзіце, спрачальнікі. Там вас прыміраць».
Якія б не былі рознагалоссі паміж гэтак рознымі людзьмі, як Жэглоў і Шарапаў, перад абліччам смяротнай пагрозы мірацца ўсё. І ў Беларусі цяпер ёсць сілы і жадаючыя, якія, з энергіяй і запалам, годнымі лепшага прымянення, «міраць» рафінаваных інтэлігентаў і сялян, ІП і медыйшчыкаў, грамадскіх актывістаў і рабочых.
На самай справе — каласальная работа па кансалідацыі нацыі перад тварам адной, усё больш агульнай праблемы.