• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пётр Кузняцоў: Не люблю фразу «тыя, хто быў вымушаны з’ехаць», яна дэвальвуе тых, хто застаўся ў Беларусі

    Пётр Кузняцоў — заснавальнік папулярнага на Гомельшчыне партала «Моцныя Навіны» — пра «адрыў эміграцыі ад беларускай рэчаіснасці», пра пазітыў ад новага праекту Канстытуцыі і пра стратэгіі выжывання ва ўмовах рэпрэсій. Інтэрв'ю блогу «Штодзень».

    — Многія, відаць, задаюць вам пытанне: «Чаму ты ўвогуле тут?»

    — Мне насамрэч часта даводзіцца адказваць на гэтае пытанне. Але я, па-першае, лічу некарэктнай пастаноўку пытання «Чаму я тут?». У мяне ёсць сустрэчнае пытанне да кожнага чалавека, які з’ехаў, не маючы крымінальнай справы: «Чаму ён не тут?». Я — тут. Гэта натуральны працэс. Я тут нарадзіўся, я тут жыву, тут мае дзеці, тут мае бацькі, тут пахаваныя мае продкі, тут мой дом, у мяне тут будоўля, гарод… Гэта ўсё маё жыццё. Гэта мая краіна. Зразумела, чаму я тут. А тое, што шмат беларусаў з’ехалі — гэта адваротны бок медалю. Я не заўсёды веру, што ў кожнага, хто з’ехаў, была сапраўдная рызыка апынуцца ў турме.

    Літаральна нядаўна «Наша Ніва» апублікавала інфармацыю, я бачыў у Інстаграме, што 328 тысяч беларусаў з’ехала ва Украіну са жніўня 2020. Зразумела, што шмат з іх паехала далей, у ЕС ці яшчэ куды. Але гэта азначае, што з пачатку пратэстаў столькі людзей пакінула краіну.

    У той жа час, мы маем 4,5 тысячы крымінальнах справаў, адкрытых за пратэсты. Натуральна, рызыка прысутнічае, нельга казаць, што ў Беларусі ўсё добра. Але гэта тое, што расійскі блогер Максім Кац казаў пра 1,5%, якія падпадуць пад рэпрэсіі. З папраўкай на тое, што гэта 1% ад лічбы тых, хто з’ехаў, але не тых, хто пратэставаў.

    Мяне раздражняе, калі мяне пытаюць, чаму я тут. Я тут, бо лічу, што не могуць усе з’ехаць.

    — Вашы стратэгіі пераадолення стрэсавых фактараў?

    — Наша стратэгія з жонкай, з аднаго боку, простая, з іншага — складаная. Мы цудоўна ўсведамляем, што проста ў гэты момант ці заўтра можа здарыцца сітуацыя, калі скончыцца вольнае жыццё і кожны можа трапіць у турму.

    Мы для сябе ўвялі прынцып, што трэба спяшацца жыць як мага больш поўным жыццём. Усё, што ты хацеў зрабіць, але не паспеў, трэба паспець зрабіць.

    Калі ты хацеў, напрыклад, паездзіць па гарах на аўто, едзь і рабі гэта. Калі ты хацеў пасадзіць агарод, рабі гэта. Калі ты хацеў заняцца паляваннем ці рыбалкай, займіся гэтым. Калі ты хацеў нешта пабудаваць, будуй.

    І гэта такая добрая рэч, таму што яна працуе ў двух накірунках. Па-першае, ты многае паспяваеш, бо 2021 год ён унікальны тым, што для такіх людзей, як мы, ён даў больш прасторы для асабістага жыцця.

    Калі раней мы кожную хвіліну імкнуліся быць першымі, нам падавалася, што не трэба губляць ані секунды, то цяпер шмат чаго рабіць стала проста немагчыма. І, адпаведна, з’явілася даволі шмат часу для таго, каб займацца асабістымі справамі. Як рэкамендуюць, у часы любога крызісу больш часу прысвяціце сабе.

    Па-другое, такі падыход вельмі дапамагае. Калі гэтую работу, гэты інфармацыйны паток негатыву пакінеш на працы, а вечарам будзеш даглядаць агарод, напрыклад, як мая жонка робіць, ці памідоры закатваць, як я рабіў, то ты ўвечары будзеш сваю псіхіку выратоўваць, бо кругласутачна ў гэтым рэжыме знаходзіцца, натуральна, немагчыма.

    Нашая стратэгія такая: больш жыць. І пакуль мы трымаемся.

    — Як паўплывалі падзеі 2020–2021 гадоў на беларускае грамадства? Як паўплывалі яны на свядомасць людзей, што жывуць побач?

    — Гэта вельмі няпростае пытанне, бо наша грамадства ў такім стане, што вельмі складана рабіць нейкія такія назіранні, бо кожны чалавек стараецца паказаць як мага менш. Гэта, з аднаго боку, страх. А, з іншага боку, калі над тваёй галавой кулі лётаюць, ці можна асцярожнасць назваць страхам?! Гэта проста інстынкт выжывання, генетычная памяць працуе, бо мала якія нацыі пацярпелі столькі цягам гісторыі, як беларусы.

    Цяпер я магу сказаць, што камунікацыі ўвогуле зведзеныя да мінімуму, кожны «акукліваецца» ў пэўным сэнсе. Але я ўпэўнены, што гэта часовая з’ява.

    Яшчэ ў пачатку і сярэдзіне года было шмат момантаў, якія са смехам узгадваю. Аднойчы пасля вельмі шумнай нефармальнай пагулянкі я зранку спускаўся ў ліфце ў сваім доме, каб паехаць на працу. Я разумею, што ад мяне, напэўна, водар спіртнога разыходзіўся. А тут на гэтым квадратным метры стаіць некалькі чалавек і сярод іх зусім незнаёмы мужчына пытаецца: «Пятро, калі гэта ўсё скончыцца?».

    Ён мяне проста пазнаў, ён мяне недзе чытаў, бачыў… Атрымліваецца, што ва ўсім гэтым вялікім 16-павярховым доме, у якім я практычна нікога не ведаю, суседзі мяне ведаюць. Гэта дае адчуванне, што людзі сочаць за падзеямі, гатовыя быць адкрытымі, нікуды не падзеліся ані тая салідарнасць, ані надзея. Проста цяпер гэта ўсё ў пэўным сэнсе прыхавана.

    Камунікацыя з рознымі людзьмі паказвае, што грамадства пакуль што трывае, але працэс пераменаў незваротны.

    — У вас ёсць адчуванне, што ў Беларусі настолькі ўсё пагана, што фізічна немагчыма знаходзіцца?

    — Мне падаецца, што больш няўтульна сябе адчуваюць прадстаўнікі ўлады, людзі, якія засталіся ў сістэме. Гадоў пяць таму ім было вельмі камфортна, яны былі ўпэўненыя, што ўсё грамадства за іх, што яны вельмі моцна стаяць нагамі на гэтай зямлі. А ў мінулым годзе ўсё перавярнулася, яны пачалі раптам хаваць свае твары. Адсюль і бясконцыя судовыя працэсы нібыта за абразу ў сацыяльных сетках. Гэта ўсё паказвае, што яны якраз не адчуваюць падтрымкі грамадства.

    Цяпер чалавек, які не падтрымлівае ідэалогію гвалту і дыктатуру, цалкам камфортна сябе адчувае сярод людзей. Нават кансерватыўныя людзі, нават вяскоўцы, якія не маюць належнай адукацыі (я цяпер шмат камунікую з такімі людзьмі падчас паездак на рыбалку ці ў грыбы), яны дагэтуль не разумеюць матываў людзей, што выходзілі на пратэсты ў 2020 годзе. Але, не разумеючы іх матываў, яны разумеюць тое, што здарылася потым, і што асуджаць «пратэстуноў» нельга. А ўладу якраз яны асуджаюць.

    Таму я б не казаў, што адчуваецца дыскамфорт у камунікацыях паміж людзьмі.

    А вось што тычыцца камунікацыі з сістэмай — тут вялікая праблема. Гэта вялікая праблема цяпер для бізнэсоўцаў, бо амаль кожнага закранаюць праверкі падатковай, ДФР і г.д.

    Я магу па сваім досведзе сказаць, што падатковая вядзе сябе як рэкет, такое адчуванне, што знаходзішся ў вар’ятні — настолькі абсурдныя іх патрабаванні. Я не ведаю, як ціснуць на педагогаў ці на працоўных на заводах, але думаю, што людзям паміж сабой камунікаваць добра. Мяркую, што нават камфортней, чым было да 2020 года. А вось паміж людзьмі і дзяржавай напружанне ёсць, і яно нікуды не падзенецца.

    — Ці існуе разрыў ва ўспрыманні рэчаіснасці паміж нешматлікімі медыйнікамі, якія засталіся ў Беларусі, і тымі, хто быў вымушаны з’ехаць?

    — Разрыў ва ўспрыманні ёсць, і гэта праблема. Але гэта найперш праблема для тых, хто з’ехаў.

    Я не люблю гэтую фразу «тыя, хто быў вымушаны з’ехаць», таму што яна дэвальвуе тых, хто застаўся ў Беларусі.

    Іншым разам, размаўляеш з чалавекам, пытаеш: «Чаму ты з’ехаў?», а ён адказвае: «Я быў вымушаны з’ехаць, бо быў бы ў турме. У мяне быў ператрус…». А ў мяне было шэсць ператрусаў з пачатку пратэстаў, калі ўлічваць усе памяшканні, якія ў мяне ператрусілі. І атрымліваецца, што ты з адным ператрусам быў вымушаны, бо быў бы ў турме, а я не вымушаны, бо менш гераічны.

    І ў гэтым таксама ёсць адрозненні ва ўспрыманні рэальнасці. Нават у людзей, якіх я асабіста добра ведаю і ў якіх не было аніякіх падставаў, каб з’ехаць, яны добра гэта разумелі, калі былі тут.

    І вось, напрыклад, адзін чалавек гаварыў: «Я з’еду, таму што мне гэта трэба для нервовай сістэмы. Я, можа, вярнуся да Новага года, калі стабілізуюся». Калі я яму кажу: «Прыязджай на НГ, адсвяткуем. На цябе ж, здаецца, ніякай справы няма, з моманту ад’езду ніякіях ператрусаў і накатаў не было…» А ён мне гаворыць: «Не, ты што! Каб мяне на мяжы схапілі!» Такая карціна ў іх адразу з’яўляецца…

    Я гэта сам па сабе заўважаў, калі быў па-за межамі Беларусі. Як толькі ты выязджаеш за межы Беларусі, на трэці дзень, калі чытаеш стужку навінаў, ты ўжо ўпэўнены, што ў Беларусі ўсе арыштоўваюць усіх кожны дзень. Гэта прыкладна так выглядае: як толькі ты наблізішся да беларускай мяжы на пяць метраў, цябе адразу абавязкова арыштуюць… Гэта проста непазбежна.

    А знаходзячыся ў Беларусі, ты разумееш, што ёсць рызыкі. Ты ад іх нікуды не падзенешся, але ты займаешся кожны дзень пэўнымі справамі. Табе трэба гадаваць дзяцей, табе трэба неяк там карміць сям’ю. І ў цябе ўсё роўна тут ідзе жыццё. І яно крыху не такое, як яго бачаць тыя, хто з’ехаў.

    Людзі, якія з’ехалі, яны, мне падаецца, усё менш разумеюць, што ўвогуле ў Беларусі адбываецца. Частка пачынае надоўга абжывацца там. А іншая, як бы гэта сказаць… перажываюць метамарфозы свядомасці. Гэта вельмі такая складаная і цікавая з’ява, калі людзі, якія з’ехалі, знаходзяцца ў поўнай бяспецы, прычым 90% з іх не мелі рэальных падставаў для ад’езду, пачынаюць папракаць тых, хто застаўся, і кожны дзень рызыкуе, нават калі проста ў кішэні значок носіць, нават калі смартфон ляжыць у кішэні.

    Але той, хто знаходзіцца ў бяспецы, пачынае папракаць беларусаў унутры краіны, што тыя недастаткова мужныя, што не вызваляюць краіну, каб усе маглі вярнуцца… Канечне, гэты разрыў такі, што, можа, гэта непрыемна для кагосьці гучыць, але я не веру, што хаця б 50% ад тых, хто з’ехаў, увогуле вернуцца калі-небудзь…

    — У плане грамадска-палітычных тэндэнцый вы бачыце нейкі пазітыў?

    — Дарэчы, праект Канстытуцыі выклікае стрыманы аптымізм (смяецца). Але гэта такі аптымізм заднім чыслом.

    Калі глядзіш на гэты праект, нават адчуваеш, наколькі ён кампенсуе тыя страхі ад рэальных магчымасцей пераменаў, якія былі ў 2020 годзе. Колькі ў гэтым праекце нададзена ўвагі гарантыям… Колькі ў гэтым праекце папрацавалі, каб стварыць розныя механізмы на розныя сітуацыі… Проста бачна, колькі было страхаў па падзеях 2020 і 2021 гадоў. І нават гэта дадае аптымізм.

    Не бывае сапраўды маналітных сістэм, што і паказаў 2020 год. Праблема ў тым, што калі мы разважаем пра негатыўныя фактары, нам пра гэта лёгка казаць, бо мы разважаем аб працэсе. А калі мы кажам пра пазітыў, то хочам бачыць нейкую завершанасць.

    Негатыўныя працэсы насамрэч ідуць у тым сэнсе, што грамадзянскую супольнасць ціснуць. Але ж мы не кажам у пазітыўным рэчышчы, што, маўляў, арыштавалі не ўсіх і нехта там яшчэ працягвае працаваць…

    2021 год добра акрэсліў, што да беларусаў сфармавалася па-новаму якаснае стаўленне ва ўсім свеце. Цяпер гэта добра адсочваецца, калі свет сутыкнуўся з міграцыйным крызісам, з пасадкай самалёта, то ён цудоўна ўсвядоміў, з кім гэтаму няшчаснаму народу даводзіцца штодня мець справу. Усе зразумелі, якога маштабу могуць быць праблемы.

    У 2020 годзе пачалося, а ў 2021 больш акрэслілася стаўленне да нас, як да вельмі цывілізаванага, культурнага, бясстрашнага і прыгожага народа. І цяпер у свеце да Беларусі дваістае стаўленне. Да беларусаў — павага, а да рэжыму — як да праблемы, якую трэба вырашыць, каб палепшыць сітуацыю для сімпатычнага народа. І гэта, калі мы пераможам, будзе вялікім авансам для таго, каб распачаць сур’ёзныя перамены.

    Яшчэ пазітыў ёсць у тым, што мы лепш асэнсавалі сябе. Пазітыў таксама ёсць у тым, што ў рознай якасці і ў розным выглядзе шмат хто працягвае працаваць.

    Таксама важна тое, што беларускае грамадства аказалася вельмі цвёрдым. Сацыялогія паказвае, што перакананні, якія падзяляла беларускае грамадства ў 2020 годзе, нікуды не падзеліся.

    Нягледзячы на рэпрэсіі, нягледзячы на хвалю інфармацыйных фэйкаў, насуперак знішчэнню незалежных СМІ, беларусы працягваюць настойваць на сваім. Змены ў свядомасці адбыліся, яны аказаліся вельмі ўстойлівымі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці