Пятрухіну забаранілі рабіць фотакопіі матэрыялаў крымінальнай справы
Брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін пачаў знаёміцца з матэрыяламі распачатай у дачыненні да яго крымінальнай справы. Нагадаем, што блогера вінавацяць у парушэнні двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Паводле Сяргея Пятрухіна, справа складаецца з чытырох тамоў. Пры гэтым следчы Андранік Хачатран забараніў рабіць фотакопіі матэрыялаў справы, таму сам блогер і адвакат Пётр Алесік вымушаныя перапісваць іх ад рукі.
Акрамя таго, забраную ў Сяргея Пятрухіна падчас ператрусу маёмасць: ноўтбук, планшэт, фотаапарат і тэлефон, праваахоўнікі яшчэ не вярнулі. Высветлілася, што следчы Хачатран апісаў гэтую тэхніку для забеспячэння пагашэння магчымых пазоваў.
Блогер лічыць, што рабіць фотакопіі матэрыялаў крымінальнай справы забараняюць, каб прадухіліць з’яўленне гэтых дакументаў у адкрытай прасторы, што засведчыла б надуманасць прад’яўленых абвінавачанняў.
“Але гэта ўсё роўна здарыцца, бо праўду схаваць немагчыма”, – кажа Сяргей Пятрухін і абяцае бліжэйшым часам выкласці відэаролік пра неправамернасць крымінальнага пераследу яго.