«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі YouTube-канал Menavita Online і Instagram-акаўнт «Беларусь Live»
У Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі — чарговае папаўненне. Гэтым разам — паводле рашэння судоў Лідскага раёна Гродзенскай вобласці і Светлагорскага раёна Гомельскай.
Рашэннем суда Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ад 11 сакавіка «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны YouTube-канал Menavita Online (www.youtube.com/@MenavitaOnline), а таксама яго лагатып, які, паводле апісання на сайце ведамства, «ўяўляе сабой літару «М» бела-чырвона-белага колеру на чорным фоне».
У апісанні канала Menavita Online гаворыцца, што на ім змяшчаюць «аўтарскія палітычныя стрымы, навіны і аналітыку пра падзеі ў Беларусі і свеце ад стваральніцы дабрачыннага фонда «Беларусский Майдан», блогеркі выдання «Українська Правда» Алены Васільевай». YouTube-канал быў створаны ў 2021 годзе і мае 14,2 тысячы падпісчыкаў.
Таксама 11 сакавіка суд Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» старонку карыстальніка «of.belarusian» у сацыяльнай сетцы Instagram пад назвай «Беларусь Live» (ідэнтыфікатар www.instagram.com/of.belarusian).
Гэты акаўнт, дзе, паводле стваральнікаў, размяшчаюцца «гарачыя навіны з Беларусі», як крымінальная, так і грамадска-палітычныя, мае 78,3 тысячы падпісчыкаў.