Прызначана кіраўніца БЕЛТА
Аляксандр Лукашэнка сёння прызначыў Ірыну Акуловіч генеральным дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларускае тэлеграфнае агенцтва», паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны.
Ад 2009 года Ірына Акуловіч працавала дырэктаркай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Магілёў», да таго — на розных пасадах на магілёўскім тэлебачанні, пачынаючы з карэспандэнцкай працы. Таксама Акуловіч — сябра Савету Рэспублікі (верхняя палата Нацыянальнага сходу), паведамляе «Радыё Свабода».
Два гады таму Акуловіч давала БЕЛТА кароткае інтэрвію-анкету, пасля расказвала пра патрэбу ў стымуляванні працы ў дашкольнай адукацыі і неабходнасць «індывідуальнага падыходу» ў працы ў «дармаедамі».
Акуловіч мае акаўнт у сацсетцы «Аднакласнікі», куды апошні раз заходзіла 12 сакавіка. Публічных запісаў ад яе імя там няма. У іншых сацсетках акаўнтаў не знойдзена.
Падчас прызначэння Аляксандар Лукашэнка выказаў спадзяваньне, што ў яе атрымаецца не проста «працягнуць трэнд» мінулага кіраўніка БЕЛТА Дзмітрыя Жука, а зрабіць лепей.
«Калі будуць нейкія праблемныя пытанні і іншае, вы з прэзідэнтам часта будзеце сутыкацца, — сказаў Лукашэнка Акуловіч. — Вы наўпрост скажыце або праз прэс-сакратара, кіраўніка Адміністрацыі. Але хацелася б, каб вы не проста падтрымалі той трэнд, які быў зададзены Жуком да вас, але каб мы яшчэ на прыступку падняліся вышэй. Думаю, у вас атрымаецца. І добра, што вы прыйшлі знізу. Гэта вельмі добра. Вы гэты нерв народны адчуваеце вастрэй, чым нават я, хоць сутыкаюся пастаянна зь людзьмі».
«І справа тут не ў прэзідэнце, а ў той палітыцы, якую мы павінны ўжо з вамі разам з сённяшняга дня ажыццяўляць, каб захаваць краіну, яе незалежнасць і сувэрэнітэт, — казаў Лукашэнка. — Зрабіць так, каб гэта была наша зямля, нашых дзяцей і нашых унукаў, усіх тых, хто сёння на ёй жыве».
Раней БЕЛТА ўзначальваў Дзмітрый Жук, яго 6 лютага прызначылі кіраўніком газеты «Советской Белоруссіі — Беларусь сегодня».