Прысуд Хільмановічу і Сазонаву не ўдалося абскардзіць
У Гродзенскім абласным суддзе 19 студзеня не ўдалося абскардзіць прысуд гродзенскіх сябраў ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Віктара Сазонава і Уладзіміра Хільмановіча.
Месяц таму журналісты былі пакараныя вялікімі штрафамі за ўдзел ў традыцыйнай акцыі “Дзень памяці паўстанцаў 1863 года”, што цягам больш чым 20 гадоў праходзіць ў Свіслачы.
У абласным судзе касацыйную скаргу разглядаў суддзя Уладзімір Янкоўскі, які нават не выслухаў журналістаў, і амаль адразу прыняў рашэнне пакінуць ў сіле прысуд Ленінскага суда Гродна.
“Дзень памяці паўстанцаў 1863 года мы ўшаноўваем больш за 20 год, і раней не было ніякіх праблем. Апошнія тры гады нас за гэта судзяць, некаторых трымаюць у пастарунку і караюць велізарнымі штрафамі. Я бачу яскравы ўціск па нацыянальнай прыкмеце. Палякі, якія робяць такія самыя акцыі памяці ў гонар сваіх нацыянальных герояў, у тым ліку і паўстанцаў 1863 года, робяць гэта без перашкодаў. Савецкія людзі ідуць з паклонам да Леніна і Сталіна ў той самай Свіслачы і ад іх не патрабуюць спецыяльных дазволаў, рускія таксама не маюць ніякіх праблем. Чамусьці толькі беларусы за праяву нацыянальнай памяці пераследуюцца. Гэта яскравы палітычны пераслед і пераслед па нацыянальнай прыкмеце.
Скажыце, калі ласка, які патрэбен дазвол пайсці на могілкі ці да помніка ўскласці кветкі?! Абсурд. Нічога давесці у гэтых судах немагчыма.
Парушаюцца элементарныя правы чалавека. Нічога новага, усё прадбачана: міліцыя і суды проста “абслугоўваюць” аўтарытарны рэжым. Нам застаецца шукаць праўды толькі ў міжнародных судах па правах чалавека”, — зазначыў Уладзімір Хільмановіч.
Для журналістаў штрафы за ўдзел у акцыі былі проста непад’ёмныя. Віктару Сазонаву “выпісалі” штраф у 35 базавых велічыняў, Уладзіміру Хільмановічу суддзя Дзмітрый Бубенчык “даў” 40 базавых велічыняў.
Журналісты будуць дабівацца справядлівасці ў камітэце ААН па правах чалавека, куды ў бліжэйшы час збіраюцца накіраваць скаргі.