• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Старшыня выбарчай камісіі ў КР Алена Прыходзька: «Пакрыўджаных хапае. Але журналісты спрацавалі выдатна»

    Першае агульнае пасяджэнне Каардынацыйных радаў 2‑га і 3‑га склікання з удзелам Святланы Ціханоўскай пачнецца сёння ўвечары. Нагадаем, што выбарчую камісію ўзначальвала журналістка і медыяменеджэрка Алена Прыходзька. БАЖ запытаў яе, ці лічыць яна гэтыя выбары паспяховымі, і чаму падчас гэтай кампаніі так часта гучалі абвінавачанні ў бок незалежных медыяў.

    Старшыня выбарчай камісіі Алена Прыходзька. Фота: Reform.news

    Даведка: Алена Прыходзька, журналістка. Больш за 10 гадоў працавала ў рэгіянальнай медыякампаніі «Ранак» рэдактаркай радыё. У 2021 годзе з’ехала з сям’ёй ва Украіну, з пачаткам паўнамаштабнага ўварвання пераехала ў Еўропу. Апошнія гады працуе як журналістка-расследавальніца і рэсёрчарка.

    «Камікадзэ сярод маіх калегаў не знайшлося»

    Вы сама былі дэлегаткай Каардынацыйнай рады 2‑га склікання. Чаму Вы пайшлі з журналістыкі ў палітыку?

    — Так, з год таму Каардынацыйная рада аб’явіла дадатковы набор дэлегатаў. Я запоўніла анкету і падала сваю кандыдатуру. На той момант мной рухала журналісцкая цікаўнасць. Шчыра кажучы, я не чакала, што за гэтымі дакументамі будзе працяг. Меркавала, што сістэма не працуе.

    Але праз нейкі час з Каардынацыйнай рады адгукнуліся, пачали задаваць дадатковыя пытанні.  А потым абвесцілі, што за мяне прагаласавалі. Так я ўвайшла ў склад КР. А патрапіўшы, як чалавек адказны я ўцягнулася ва ўнутраную працу — з дакументамі і менеджмэнтам.

    — А як сталі прадстаўніцай выбарачнай камісіі?

    — Перад завяршэннем сваіх паўнамоцтваў Каардынацыйная рада звярнулася да фракцый з просьбай вылучыць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчай камісіі. Палажэнне аб выбарах прадугледжвала, што ў выбарчую камісію ўваходзяць пяць і болей чалавек — тады людзей не хапала. Мяне прапанова зацікавіла найперш з практычнага боку: як спрацуе сістэма выбараў, арганізаваная дэмакратычным шляхам? Тым больш, што падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года я ўваходзіла ў ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі, якая збірала подпісы, а пазней з’яўлялася незалежным назіральнікам — сякі-такі вопыт мела.

    Канешне, ніякага конкурсу на сяброўства ў выбарчай камісіі не было, таму я не выйгравала ў «жорсткай барацьбе». Камікадзэ сярод маіх калегаў не знайшлося. Таму, калі я вылучыла сваю кандыдатуру, думаю, Кааардынацыйная рада свабодна выдыхнула і прагаласавала за мяне (смяецца).

    «Сабраць 500 тысяч эмігрантаў пад адной ідэяй зараз немагчыма»

    — На Вашую думку, кампанія стала паспяховай ці правальнай?

    — А што лічыць поспехам? Калі сам факт, што выбары адбыліся, то гэта — бясспрэчнае дасягненне. Па-першае, таму, што яны ўвогуле адбыліся. Па-другое, што яны прайшлі па дэмакратычных стандартах у існуючых умовах (у выгнанні, без усялякага рэсурсу і з масай абмежаванняў).

    Я лічу выбары паспяховымі і з тэхнічнага боку: кампанія праведзена максімальна бяспечна і для людзей, якія прынялі ў ёй ўдзел, і для персанальных дадзеных галасаваўшых (гэтыя звесткі нідзе не захоўваюцца, а значыць, няма рызыкі, што яны могуць быць выкарыстаныя неадпаведным ці злачынным чынам). Усе тры дні, цягам якіх ішло галасаванне, платформа і каманда Лібера працавалі моцна. Прынамсі, на электронную пошту выбарчай камісіі прыйшло вельмі мала запытаў менавіта тэхнічнага характару. Большасць пытанняў была пра тое, ці можа чалавек прагаласаваць па іншым дакуменце, апроч беларускага пашпарта. А прэтэнзіяў да працы самой платформы было вельмі няшмат.

    Таксама я лічу, што ўсё прайшло ўдала, бо сам працэс праводзіўся вельмі абмежаванымі рэсурсамі.

    На выбарах прагаласавалі каля 6 700 чалавек. Гэта была чакаемая Вамі лічба?

    — Так, сапраўды прагаласавала невялікая колькасць людзей. Але для мяне асабіста гэта не стала сюрпрызам ці неспадзяванкай. Прызнаюся, для сябе я ставіла меншую планку — 5 тысяч прагаласаваўшых. Адкуль узялася гэтая лічба?

    Я бачу, як жывуць беларусы ў выгнанні, як зніжаецца іхняя палітызаванасць, як множыцца прастора расчараванасці, страхаў, бездапаможнасці. Усе гэтыя чыннікі не спрыяюць удзелу ў выбарах.

    Тым больш, у выбарах, якія наўпрост не ўплываюць на вельмі важныя для чалавека жыццёвыя чыннікі або рашэнні. Выбары Кааардынацыйнай рады ніяк не параўнаць з выбарамі лідара, які можа нешта змяніць фізічна ў маім асабістым грамадзянскім жыцці.  

    Памятаеце леташні марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно!»? Тады сабралі каля 500 тысячаў еўра за вельмі кароткі тэрмін. Але паглядзіце: непасрэдна ашчаджалі грошы каля 12 тысяч чалавек. Гэта пры тым, што дапамога палітвязням і іх сем’ям увогуле аб’ядноўвае ўсіх беларусаў у выгнанні. Дый у Беларусі таксама. Усе спачуваюць, усе адчуваюць пачуццё віны, усе адчуваюць адказнасць перад людзьмі, якія сядзяць — і ўсе гатовы спрычыніцца да таго, каб неяк дапамагчы. Нават зрынанне Лукашэнкі не прывядзе да такога адзінства: усе па-свойму бачаць далейшы шлях развіцця краіны.

    Той марафон — не пра грошы, то быў марафон даверу: даверу да прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, якім даверылі размяркоўваць сабраныя грошы.

    Палітычная канферэнцыя, якая прайшла перад выбарамі Каардынацыйнай рады ў Варшаве. Фота: Tatiana Gargalyk/DW

    Пры такой сукупнасці фактараў грошы збіралі ўсяго 12 тысяч чалавек. Думаючы пра тое, колькі беларусаў прыме ўдзел у выбарах у Каардынацыйную раду, я спакойна падзяліла гэтую лічбу на два. Па сутнасці, мой прагноз спраўдзіўся.

    І я лічу вельмі некарэктнымі прэтэнзіі, маўляў, з’ехалі 500 тысяч чалавек, а прагаласавалі толькі 7 тысяч. (Насамрэч, ніхто не ведае, колькі беларусаў з’ехала: ці 500 тысячаў, ці мільён, але лічбамі можна маніпуляваць). Так, сотні тысячаў беларусаў з’ехалі, але яны раскіданыя па свеце, у кожнага з іх — уласнае жыццё і праблемы, жывыя яны ці не жывыя, у якім стане яны цяпер знаходзяцца — нічога гэтага не ведаем.

    Сабраць гэтыя 500 тысяч пад адной ідэяй зараз немагчыма.

    «Камяні ў журналістаў кідалі пакрыўджаныя людзі»

    — Многія з кандыдатаў былі незадаволеныя незалежнымі беларускімі рэдакцыямі: маўляў, як медыі асвятлялі выбары, так людзі і прагаласавалі. Як Вы ацэньваеце працу СМІ?

    — Асабіста я да калегаў не маю прэтэнзій. Першы час да мяне, як да старшыні выбарчай камісіі, амаль ніхто з карэспандэнтаў не звяртаўся за каментарамі. Выключэннем быў Аляксандр Буракоў. Але ж я не бачу ў тым медыязмовы супраць выбараў ці супраць мяне асабіста, бо ведаю, як функцыянуе журналісцкая кухня.

    Я насамрэч удзячная калегам: адпрацавалі, асабліва ў аўральны час, вельмі добра.

    Нехта мае прэтэнзіі да «Белсата», а на мой погляд, тэлеканал спрацаваў цудоўна: і рознабакова, і зладзіў дэбаты вельмі высокай якасці. Увогуле, рэакцыя рэпарцёраў незалежных беларускіх медыяў на інфападзеі і інфанагоды, звязаныя з выбарамі, была выдатнай: усе асноўныя медыядрайверы выбары асвятлялі. Калі некаму не спадабалася, як гэта рабілася, дык кожнае медыя працавала ў межах свайго іміджу і крэда. Таму і з’яўленне артыкула Міколы Бугая мяне зусім не здзівіла: кожны кулік сваё балота хваліць.

    Хочацца нагадаць, што рэпарцёры асвятляюць падзеі так, як ім дазваляюць умовы выгнання. Як даводзіцца цяпер дзейнічаць медыйшчыкам? Ёсць інфанагода — хуценька робім і выдаем. У нас зараз адсутнічае журналістыка рашэнняў. Па сутнасці мы не маем аналітычнай журналістыкі: у нас нават няма палітычных журналістаў, якія б аналізавалі сітуацыю і называлі прычыны, а толькі палітычныя аглядальнікі. У нас цяпер многага няма…

    Да таго, трэба разумець, як працуе беларускі медыярынак. Карэспандэнтам да пачатку выбараў не распавялі пра піяр-стратэгію гэтай кампаніі. Калі б яна з’явілася раней, калі б яе давялі да кожнай рэдакцыі, а журналістам патлумачылі яе сутнасць — гэта была б іншая гісторыя.

    — А хто ж тады кідае камяні ў журналістаў?

    — Я думаю, гэта пакрыўджаныя людзі. Дык камяні ляцелі і ў выбарчую камісію: на самым пачатку кампаніі некаторыя палітыкі абвінавачвалі нас у тым, што мы «сушым» яўку, таму што мы адмовіліся ад галасавання праз «Голас».

    Калі ў чалавека нешта не атрымліваецца, ён шукае, на каго б перакласці адказнасць за тое, што не ўдалося, — не сябе ж абвінавачваць. Па гэтай прычыне журналісты аказаліся «вінаватымі»: маўляў, пра Латушку напісалі 10 разоў, а пра мяне ні разу.

    У мяне адзінае пытанне да такіх людзей: калі вы такія добрыя палітыкі і выбітныя асобы, то дзе ваш палітычны капітал? Яго складана сабраць, але існуючае няпроста і разбазарыць.

    Чальцы выбарчай камісіі ў інфармацыйным пункце па правядзенні выбараў у Каардынацыйную раду. 25 траўня 2024 года, Варшава. Фота: «Зеркало»

    — Ціск з боку ўдзельнікаў кампаніі адчувалі на сабе?

    — Каб нехта пагражаў ці шантажыраваў — не, такога не было. Хутчэй, здараліся недарэчнасці. Спробы ціску праз грамадзянскую супольнасць ці праз медыі таксама назіраліся: персоны хацелі прыцягнуць увагу да сваіх кейсаў ці жаданняў. Але з такім ціскам можна жыць. 

    Калі размытыя ўсе межы, цяжка знайсці чысціню стандартаў

    — Вас часцяком папракаюць, маўляў, вы — журналістка, а пайшлі ў палітычную сферу. Між тым, па ўсіх стандартах, журналіст мусіць быць нейтральным. Што адкажаце?

    — У ідэальным свеце, дзе існуе краіна, дзе працуюць адладжаныя інстытуты, то там журналісцкія стандарты сапраўды прымяняльныя. У нашым выпадку па сутнасці ўсе беларускія рэпарцёры ў выгнанні маюць пэўную  палітычную пазіцыю, бо менавіта праз яе — праз сваю нязгоду з рэжымам — яны і апынуліся па-за межамі Беларусі. 

     Частка іншых журналістаў, якія засталіся ў краіне, таксама зрабілі свой выбар — яны сталі прапагандыстамі. У цяперашнім свеце ўсё настолькі змяшалася, межы ўсе размыліся, таму вылучыць нейкую чысціню стандартаў вельмі цяжка. Мы ўсе сталі часткай аднаго вялікага сацыяльнага і палітычнага руху, хочам таго ці не хочам. Усе мы едзем у адным вялікім кузаўку, падабаецца нам тое ці не.

    І ў такіх умовах галоўнае — здольнасць захаваць раўнавагу, не ліць ваду толькі на адзін млын, а ўдзяляць увагу ўсім гульцам. Але гэта ўжо залежыць ад канкрэтнага медыя.

    — А што для Вас асабіста будзе далей? Абераце для сябе палітычны шлях?

    — Я для сябе вырашыла: у палітыку не пайду, таму і не вылучала сваю кандыдатуру ў Каардынацыйную раду. 

    Па маіх адчуваннях, удзел у Выбарчай камісіі стаў для мяне добрым унёскам у агульную справу і не перашкаджаў журналісцкай працы. Я сама падчас кампаніі нікому не перашкаджала і нікога не прасоўвала: як і раней, займала пазіцыю «над схваткай».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці