• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прыхільнікі збіраюць грошы, каб абскардзіць забарону сольнага канцэрта Алеся Дзянісава

    Сяргей Будкін, кіраўнік парталу TuzinFM падаў апеляцыйную скаргу супраць рашэння аб забароне сольнага канцэрта Алеся Дзянісава. У чэрвені ўпраўленне ідэалагічнай работы Менгарвыканкаму адмовіла ў правядзенні канцэрту «Кароткая гісторыя Беларусі». 20 верасня адбудзецца разгляд апеляцыі. На платформе talaka.by збіраюць сродкі, каб заплаціць адвакату.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/tuzinfm_vs_01_.jpg

    Кіраўнік парталу Tuz­inFM Сяргей Будкін лічыць, што незалежна ад выніку, гэтая справа можа стварыць прэцэдэнт, які вымусіць ідэолагаў і іншых чальцоў дзяржаўнай камісіі задумвацца найперш, чым ставіць свае подпісы пад дакументамі, якія забараняюць музыкам выступаць у Беларусі.

    «Мы ў прынцыпе хочам звярнуць увагу на гэтую заганную практыку, бо нідзе ў вядомых мне краінах няма такой схемы ўзгаднення канцэртаў, каб гэта разглядалася ў выканкаме, каб пры гэтым прысутнічала нейкая камісія з асобаў, якія могуць быць зусім не звязаныя з гэтай музыкай, і пры гэтым яшчэ і ацэньвалі ўзровень выканання дзіўным чынам, не маючы запісаў, не паклікаўшы музыканта», – кажа Сяргей Будкін.

    Алесю Дзянісаву (гурты «КальЯн», «Людзі на балоце», Dzieciu­ki) было забаронена выступіць з сольным канцэртам «Кароткая гісторыя Беларусі» на словы паэта Алеся Чобата. Мастацкая камісія пры Менгарвыканкаме назвала мастацкі ўзровень выканання Алеся Дзянісава нізкім і адмовіла ў праве правядзення канцэрта.

    Пры гэтым, як пазначана ў пратаколе і пацверджана словамі аднаго з чальцоў камісіі, музыку яны нават не слухалі, а толькі паглядзелі тэксты.

    «Дзякуючы гэтай кампаніі мы раскрылі механізм прыняцця рашэнняў. Бо дагэтуль былі засакрэчаныя прозвішчы людзей, якія ўваходзяць у камісію, як гэта робіцца. Зараз павінен адбыцца суд, і яны вымушаныя былі назваць прозвішчы, стварыць пратакол, якога, на пачатку можа і не было, бо раней проста забаранялі канцэрты, ціснулі на пляцоўкі», – кажа Сяргей Будкін.

    На баку скаржніка будзе выступаць адвакат Сяргей Зікрацкі, і на яго паслугі Сяргей Будкін вырашыў збіраць грошы на tala­ka.by, бо справа мае грамадскую значнасць і ён спадзяецца на падтрымку з боку тых, каму неабыякавыя лёс беларускай музыкі.

    Усе сабраныя грошы пойдуць на кампенсацыю судовых выдаткаў. Судовае паседжанне адбудзецца ўжо праз тыдзень, 20 верасня ў Эканамічным судзе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці