Прыгоды беларускага журналіста ў Лацінскай Амерыцы. Частка 1 (ФОТА, ВІДЭА)
Я дык заўсёды выступаў за тое , каб чалавек жыў там, дзе нарадзіўся. Але пасля Новага года сам задумаўся пра часовы ад’езд з Беларусі. І вось чаму.
Па-першае, прымусілі звольніцца з газеты “Звязда”, дзе я працаваў загадчыкам аддзела журналісцкіх расследаванняў. А знайсці годную працу аказалася фенаменальнай праблемай.
Зразумела, што з усіх дзяржаўных СМІ толькі “Звязда” не была суцэльным прапагандысцкім лістком, і толькі тут было магчыма працаваць. Таму шлях у дзяржаўным кірунку быў немагчымы.
Што ж нашы незалежныя СМІ… Тут я выкажу меркаванне, якое многім не спадабаецца.
З‑за адсутнасці рынку, канкурэнцыі, часам з‑за лёгкіх спонсарскіх грошай, якія падаюць проста з неба, “свабодныя” СМІ пераўтварыліся ў інфармацыйныя лісткі. Не ўсе, але многія… Матэрыялы тыраць, а самі рыхтуюць інфармашкі, і ніякіх патугаў да сапраўднай журналістыкі. Але, нягледзячы на ўзгаданыя мной праблемы, некаторыя рэдактары некаторых палявых лісткоў адчуваюць сябе рупэртамі мэрдакамі…
Карацей, вы зразумелі, што нармальнай цікавай працы для мяне пасля звальнення са “Звязды” не знайшлося. Можа быць, праблема была і ў маім цяжкім характары. Але што зробіш — трэба нешта прадпрымаць.
Напрыклад, паехаць вучыцца за мяжу, каб атрымаць новы досвед і пасля выкарыстаць яго дома. Альбо папрацаваць за мяжой.
І вось я з чатырма перасадкамі лячу ў лацінаамэрыканскую Коста-Рыку. Тут жыве сяброўка сэрца.
Яшчэ з дзяцінства, калі праглядаў мексіканскі серыял “Проста Марыя”, хацеў пабыць там, дзе адносіны паміж сабой высвятляюць мучачы і чыкі. А яшчэ адна дасведчаная асоба, якая валодае магіяй, выказала меркаванне, што некалі даўно ў іншым целе я‑такі жыў у Коста-Рыцы. І вось з марозу ў мінус дваццаць градусаў я трапляю ў цеплыню +28. Аэрапорт у Сан-Хасэ, Коста-Рыка, пачатак лютага.
***
На дварэ тут забіваюць рэдка. Не тое што ў мексіканскім С’юдад-Хуарэсе ці венесуэльскім Каракасе.
Настаўніца, якая працуе на поўную стаўку, зарабляе ад 1000 даляраў ЗША. Урач – каля 3000 тысяч.
У краіне пяць (!) кліматычных зонаў. Коста-Рыку амываюць адразу два акіяны. У так званых трапічных воблачных лясах жывуць тысячы відаў мятлушак, казурак, жывёлак, птушак.
Рай.
Ап’яніўшыся экзатычнай прыгажосцю новай краіны, я гатовы пасяліцца прама пад мясцовай пальмай: забыць пра журналістыку, сілкавацца рыбай, бананамі, ананасамі, манга, піць каву, якую тут вырошчваюць, ніколі больш не галіцца.
Але падчас кастарыканскай “зімы” тут штодня зараджаюць трапічныя залевы, таму жыць пад пальмай не атрымаецца.
Мая сяброўка дапамагла зняць новыя апартаменты ў мястэчку Сан-Рамон (70 км ад сталіцы). Каштуе гэта жытло блізу 320 даляраў у месяц, разам з камуналкай. У апартаментах – гасцёўня, злучаная з кухняй, спальня, прыбіральня, асобны пакой для мыцця бялізны.
Калі вы хочаце зняць двухпакаёвыя апартаменты ў Сан-Хасэ, сталіцы, то ў 600 даляраў можаце не ўпісацца. Таму заробак настаўніцы ў 1000 даляраў ужо не выглядае завоблачным.
Кастарыканскае мястэчка а 6‑й раніцы
Выгляд з майго кастарыканскага балкону
Дарэчы, што тычыцца прафесіі журналіста, то мясцовае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўсталявала мінімальны заробак для тых, хто працуе на поўную стаўку – каля 1100 даляраў ЗША. Шэф-рэдактар інтэрнэт-газеты зарабляе блізу 5000 даляраў.
***
Коста-Рыка – гэта краіна безапеляцыйнага капіталізму. Можна гадзінамі яе ўвазносіць, а можна доўга крытыкаваць.
У 50‑х, 60‑х гадах людзі тут мелі земляную падлогу ў дамах. Але калі ў рэгіёне пачалося супрацьстаянне камуністаў і капіталістаў, то ЗША ўзяло апеку над Коста-Рыкай і пачало бязмежна сюды інвеставаць.
Здарыўся «выбух» адукацыі, падняўся агульны ўзровень жыцця.
Але і цэны тут сёння – трасца мне ў бок! Машыны каштуюць даражэй, чым у Беларусі. Кілаграм цукру – 16 тысяч на нашы грошы. Пляшка мясцовага піва – не менш за 10 тысяч. Літр бензіну – столькі ж. Падаткі ўвесь час павялічваюцца, а многія кастарыканцы скардзяцца на адсутнасць рэформаў. У дадатак да гэтага, па некаторых ацэнках, у краіне жыве блізу мільёна нелегалаў, у асноўным нікарагуанцаў. Падаткі ў многім ідуць на іх утрыманне.
У той жа час другая па колькасці замежная дыяспара ў Коста-Рыцы – грамадзяне ЗША, што прыязджаюць у мясцовы прыродны рай і адчуваюць сябе, жывучы на пенсію, вельмі шчасліва.
Але мне пакуль на пенсію рана. І трэба максімальна ўзяць ад прыезду – вывучыць гішпанскую, па магчымасці падзарабіць… Сябры з ЗША, гутарачы са мной па скайпе, круцяць пальцам каля скроні: не тое месца для заробкаў ты выбраў, muchacho!
Ды і так любы peresoso разумее, што месца – не тое. Але часам, калі ў сітуацыю ўмешваюцца адносіны паміж хлопцам і дзяўчынай, выбар абмяжоўваецца.
***
Знаходжуся ў Коста-Рыцы блізу трох тыдняў. Грошы сплываюць імгненна, а справы пакуль не разрульваюцца так, як бы хацелася.
Спрабаваў рабіць праект для аднаго СМІ – навіны з Лацінскай Амерыкі плюс мультымедыйныя сюжэты адсюль. Пералічылі на картку 300 даляраў. На абеды хапіла б, але на нешта яшчэ…
Трэба тэрмінова, як варыянт, ісці вучыцца. У Коста-Рыцы, да прыкладу, функцыянуе сусветнавядомы Універсітэт міру пры ААН. Выходжу на людзей з гэтай ВНУ, дасылаю ім пэўныя дакументы, але не ўсё так хутка.
Па-ангельску з мясцовых мала хто разумее. А гішпанскую мову я ніяк не магу асвоіць. І што за поскудзь мяне навучыла, што гэта «вельмі лёгкая мова, і праз месяц будзеш размаўляць»!
Магчыма, і без ведання гішпанскай я змагу тут працаваць.Тэарэтычна ў мясцовых газетах ёсць аддзелы журналісцкіх расследаванняў. А вось матэрыялаў такога кшталту мала. Самы час падмагчы калегам. Таму пачынаю актыўна шукаць магчымае месца для журналізму…
Пра мае пошукі паведамлю ў наступным допісе.
P.S. Кастарыканскі сцяг у многім падобны да нашага нацыянальнага бел-чырвона-белага. А краіна гэтая ментальна вельмі нагадвае Беларусь – толькі, як бы сказаў мой дзядуля, у агрэсіўна-капіталістычным разрэзе.
Шкада, што кошты тут завышаны неапраўдана.
Але людзі даволі мірныя. Агрэсіі і нецярпімасці, на першы погляд, куды менш, чым у нас.
Паліцыі ў цэнтры сталіцы, на першы погляд, як у Менску/Мінску.
Але, як слушна патлумачылі мне калегі-журналісты, іх людзі ў пагонах ставяцца да звычайных грамадзян паважліва.
Сваімі вачыма назіраў такую карціну: паліцэйскія падышлі да невідушчага жабрака, пачалі з ім спрачацца і прымусілі сысці з прыступак катэдры, дзе жабрак прасіў міласціну.
Пасля гэтага інцыдэнту пытаемся з сяброўкай у паліцэйскіх, чаму яны выправадзілі нябогу. Афіцэр ветліва патлумачыў, што насамрэч гэты «невідушчы» бачыць адным вокам. Ён просіць людзей давесці яго да нейкага месца і ў гэты час нешта ў іх крадзе.
Так аднойчы адзін паліцэйскі схапіў гэтага «невідушчага» на гарачым, узяў злачынцу за шыю. На гэта жабрак закрычаў: «Афіцэр, чаму ты мяне б’еш?» А паліцэйскі яму ў адказ: «Скуль ты ведаеш, што я афіцэр? Ты ж сляпы!»
Але паліцыя нічога не можа зрабіць «невідушчаму» рабаўніку. Каб пасадзіць бандыта ў вязніцу, той павінен ураз скрасці рэчаў не менш як на 200 даляраў ЗША. Вось такія ліберальныя і неадназначныя законы…
Кастарыканцы паліцыю ахвотна крытыкуюць — маўляў, у барацьбе з бандытамі тыя паводзяць сябе надзвычай мякка, нерашуча.
Але як яно насамрэч, я пакуль не ведаю.
Працяг будзе…