Прэзентацыя шведска-беларускага выдання «Фрыланс у мас-медыя» адбылася ў Глыбокім
У кнізе "Фрыланс у мас-медыя" распавядаецца пра працу журналістаў-фрылансераў у Швецыі і разглядаецца фрыланс у Беларусі.
Па словах каардынатара медыя-кампаніі «За фрыланс!» у Беларусі Андруся Клікунова, гэтая брашура карысная беларускім журналістам з некалькіх прычынаў:
— У першую чаргу, гэта натхненне для нашых журналістаў і нейкае маральнае апірышча, якое паказвае, што беларускія журналісты-фрылансеры не самотныя, што Беларусь — не нейкая там выспа ў акіяне, а мы існуем у агульнаеўрапейскім і глабальным кантэксце. А з другога пункту гледзішча, гэтая брашура надае натхненне, бо ў сённяшніх умовах беларускія журналісты-фрылансеры часам лічаць, што немагчыма працаваць у гэтым фармаце з‑за ўціску ўладаў і прафесійнага выгарання. Але пазітыўны досвед шведскіх журналістаў паказвае, што, будучы фрылансерам, можна працаваць і зарабляць на годнае жыццё для сябе і сваёй сям’і.
У Беларусі існуе вялікая праблема ў сферы фрылансу: беларускія ўлады не хочуць прызнаваць журналістаў-фрылансераў за прафесійных журналістаў на ўзроўні дзяржавы. Гэтая сітуацыя даволі абсурдная. Бо журналісты працуюць, але адначасова яны пазбаўлены права на працу паводле сваёй спецыяльнасці, яны спазнаюць ціск з боку ўладаў і прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці за стварэнне медыйнага прадукту. Але нават паводле заканадаўства, стварае медыйны прадукт рэдакцыя, а не журналіст, і дзіўна, што судовая сістэма заплюшчвае на гэта вочы.
Журналісты — гэта вочы і вушы грамадства, і незалежныя журналісты, у тым ліку журналісты-фрылансеры, агучваюць тыя праблемы, якія нязручныя для ўладаў, якія б яны хацелі ігнараваць. А з боку дзяржаўных СМІ адбываецца замоўчванне многіх праблемаў, бо яны цалкам фінансава залежныя ад уладаў. У сваю чаргу незалежныя СМІ іх раскрываюць.
Падчас мерапрыемства быў праведзены «мазгавы штурм» — разглядалі прапановы па паляпшэнні працы журналістаў-фрылансераў у Беларусі і перспектывы кампаніі “За фрыланс”.
У другой частцы сустрэчы прысутныя журналісты абмеркавалі юрыдычныя аспекты працы з медыя-юрыстам Вольгай Сяховіч. Спачатку гаварылі пра гісторыю ўзнікнення фрылансу.
Паняцце фрылансу было прыдумана шатландскім пісьменнікам Вальтэрам Скотам. У сваім рыцарскім рамане “Айвенга” ён ужыў слова “freelance”, каб апісаць рыцара-найміта, які вольны прадаваць свае паслугі таму, каму ён захоча.
Потым абмеркавалі ўмовы працы журналістаў-фрылансераў у Беларусі. Вольга Сяховіч звярнула ўвагу на тое, што ўлада неправамерна прыцягвае журналістаў-фрылансераў да адказнасці па ч. 2 арт. 22.9 КаАП і арт. 36 закона “Аб СМІІ”. Прысутныя журналісты разам з юрысткай абмеркавлі плюсы і мінусы фрылансу, а таксама падзяліліся сваім досведам.
Таксама Вольга Сяховіч падрабязна распавяла пра аўтарскае права і выпадкі яго парушэння. Паводле юрысткі, аўтарскае права пачынае дзейнічаць з моманту стварэння твора або артыкула ў друкаваных СМІ або электронных, пад якім стаіць подпіс журналіста.
Вольга Сяховіч звярнула ўвагу на выпадкі вольнага выкарыстання інфармацыі. Паводле яе, аўтарскае права не распаўсюджваецца на афіцыйныя дакументы, ідэі, працэсы, канцэпцыі, сістэмы, метады, а таксама на факты ў інфармацыі.
Юрыстка дала парады прысутным журналістам, як карэктна ў сваёй дзейнасці карыстацца чужым матэрыялам. Пасля гэтага адказала на пытанні прысутных датычных аўтарскага права.