«Прессбол» кардынальна мяняе газетны фармат
З 1 ліпеня газета «Прессбол» змяняе фармат выхаду ў друк. Замест чатырох разоў на тыдзень выданне будзе выходзіць толькі два разы — у аўторак і пятніцу. У сераду і чацвер яна выходзіць не будзе.
Тыднёвы наклад «Прессбола» ў апошнія гады складае каля 25 тысяч асобнікаў. Аўторкавы і пятнічны нумары выдаюцца тыражом 7–8 тысяч, у сераду і чацвер — каля пяці тысяч.
Галоўны рэдактар «Прессбола» Сяргей Кайко распавёў, чаму газета больш не будзе выходзіць чатыры разы на тыдзень.
«У «ПБ» няма «Беларуськалія», БелАЗа, НПЗ або Мінспорта. Няма дзяржпадтрымкі, грантаў і любых іншых прамых датацый, якія даюць апору ў стагоддзе, калі хлеб нашмат важнейшы, чым відовішчы. Мы жылі і жывем за кошт галоўнай і самай каштоўнай сваёй крыніцы — падтрымкі чытацкай аўдыторыі, з дапамогай якой зводзілі дэбет з крэдытам, а цяпер канцы з канцамі. Так было і будзе да таго часу, пакуль папяровая прэса запатрабаваная, пакуль яе купляюць і чытаюць — дзякуючы якасці, стылю і вастрыні, насуперак падступаючаму з усіх бакоў інтэрнэту, дзе ўсё бясплатна, проста і на адзін клік.
З ліпеня і далей папяровы «ПБ» будзе выходзіць двойчы на тыдзень: у аўторак і пятніцу — два 16-старонкавыя нумары, у якіх, абяцаем, мы па-ранейшаму не выпусцім нічога важнага, цікавага, надзённага і вартага ўвагі», — напісаў Кайко.