• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава: Хочацца, каб людзi больш верылi афiцыйнай iнфармацыi.

    Прэс-сакратар Мiнiстэрства ўнутраных спраў Вольга Чамаданава расказала, як у яе атрымлiваецца сумяшчаць сям'ю i кар'еру.

    — Вольга, падзялiцеся, калi ласка, сакрэтам, як спалучаць мацярынства i работу, якая патрабуе шмат часу i сiл?

    — Асаблiвага сакрэту няма. Уся справа ў правiльным размеркаваннi асабiстага i службовага часу. Калi ўмець гэтым упраўляць, нiхто не застанецца пакрыўджаны — нi дзецi, нi праца. Гэта залог поспеху сучаснай, прагрэсiўнай жанчыны, якая павiнна быць не толькi добрай мацi, але i адказным кiраўнiком. Будзе няпраўдай, калi я скажу, што гэта проста. Правiльна арганiзаваць сваё жыццё, прытрымлiвацца такога рытму — каласальная праца. I яна патрабуе пэўных намаганняў, жыццёвай мудрасцi i ўнутранага стрыжню.

    — Як навучыцца кiраваць сваiм часам?

    — Як i любы iншы навык, тайм-менеджмент развiваецца паступова. Сучасная жанчына павiнна быць усебакова развiтым чалавекам, першакласным спецыялiстам, выдатнай мамай. Вельмi цяжка пакласцi на вагi сям’ю i кар’еру. Тут не павiнна быць першынства, хоць i сумяшчаць цяжка. Сёння ёсць усе ўмовы, каб развiвацца па розных кiрунках. Самае галоўнае — не баяцца, не сумнявацца. Заўсёды кiравацца перакананасцю ў сваiх унутраных сiлах.

    — Гэта ваша прыродная якасць, цi прыйшлося яе выхоўваць?

    — Хутчэй прыродная. Калi я прыйшла на службу ў 1999 годзе, многiя мяне не разумелi, лiчылi, што я раблю вялiкую памылку. У той час жанчын вельмi неахвотна прымалi на службу. Асаблiва хвалявала пытанне наконт дэкрэтнага адпачынку. Ускладняла сiтуацыю i тое, што я скончыла Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт, а не Акадэмiю ўнутраных спраў. Але я не пабаялася мужчынскай працы, адсутнасцi вольнага часу, iншых цяжкасцяў. Я была шчыра ўпэўнена, што хачу i нават павiнна служыць у органах унутраных спраў. Нешта мяне туды цягнула. Каб мне паверылi, што я буду аддана служыць, прыйшлося зрабiць амаль немагчымае. Я пераканала ўсiх, што апраўдаю дадзены мне шанц. I да гэтага часу мной рухаюць настойлiвасць i мэтанакiраванасць.

    — Напэўна, на гэтым шляху прыйшлося нялёгка?

    — Я адразу вырашыла для сябе, што першыя гады трэба працаваць для ўсяго i ўсiх, а потым ужо аўтарытэт пачне працаваць на мяне. У органах унутраных спраў шмат розных кiрункаў дзейнасцi. Можна ўвогуле не выходзiць з кабiнета, пастаянна займаючыся з дакументамi. Для жанчыны гэта аптымальны варыянт. Але не ў маiм выпадку. Я працавала ўчастковым iнспектарам, iнспектарам па справах непаўналетнiх, была кiраўнiком розных аддзяленняў мiлiцыi. Мая служба амаль нiколi не была звязана з кабiнетам, а толькi з лёсамi людзей. Канешне, гэта цяжка i фiзiчна, i псiхалагiчна.

    — Настаўнiкi цi аднакласнiкi вашых дзяцей здзiўляюцца, калi тыя дзецi кажуць, што iх мама — мiлiцыянер?

    — Было такое. Мама i тата палкоўнiкi мiлiцыi — не зусiм традыцыйная сям’я. Самi дзецi ставяцца да гэтага спакойна. Выхаванне дзiцяцi азначае не толькi забеспячэнне яго сацыяльных i матэрыяльных патрэб. Гэта яшчэ i фармiраванне яго адносiн да сябе як да асобы, да грамадства, да свайго прызначэння ў свеце. I бацькi павiнны паказваць прыклад, бо дзецi ўбіраюць усё, як губка. Яны капiруюць бацькоў, ад гэтага нiкуды не дзецца. Так, бацькi, якiя працуюць, не могуць прысвячаць дзецям столькi часу, колькi б хацелася. Але патрэбна паказваць, што дзецi для iх вельмi важныя, цiкавыя. Галоўнае, адразу запусцiць традыцыю даверлiвых i паважлiвых зносiн памiж бацькамi i дзецьмi. I тады сям’я будзе моцная.

    — Раскажыце, калi ласка, пра свае сямейныя традыцыi.

    — Мы павiнны хоць бы адзiн дзень на тыдзень правесцi разам, з’ездзiць у вёску, абмеркаваць навiны. Наша традыцыя — штогод планаваць адпачынак, прапаноўваць розныя iдэi i варыянты яго арганiзацыi. Зiмой абавязкова ездзiм катацца на лыжах, на санках. Для нашай сям’i галоўная традыцыя — разам праводзiць час.

    — Вашы бацькi паўплывалi на выбар прафесii?

    — Я старэйшая ў сям’i i заўсёды была самастойная, сама iшла да сваiх мэт. Бацькi нiколi мне не перашкаджалi. Я з iмi раiлася, яны выказвалi сваё меркаванне, але канчатковае рашэнне я прымала сама. Лiчу правiльным самой несцi адказнасць за свой выбар. Патэнцыял жанчыны бязмежны, мне здаецца, яна можа ўсё. Самае галоўнае — не зламацца, не паддацца эмоцыям там, дзе гэта не трэба, шчыра любiць сваю працу. I весцi за сабой сваiх дзяцей. Я хачу, каб мае дзецi ганарылiся тым, што я тут служыла. Хачу, каб яны на свае вочы бачылi, як насамрэч працуюць работнiкi органаў унутраных спраў. Дзецям патрэбна часцей гаварыць, што ты ганарышся тым, што робiш, тады i ў iх усё атрымаецца.

    — Як вы лiчыце, дзецi пойдуць па вашых слядах?

    — Iм яшчэ рана рабiць канчатковы выбар. Я не выключаю, што яны захочуць звязаць сваё жыццё з органамi ўнутраных спраў. Дакладна не буду гэтаму перашкаджаць, а толькi падтрымаю. Як бы цяжка нi было, прафесiя многаму мяне навучыла i сфармiравала мяне як чалавека. Вынослiвасць, вытрымка, мэтанакiраванасць, жыццёвая мудрасць, трывалыя адносiны да грамадства i жыццёвыя каштоўнасцi ў мяне з’явiлiся дзякуючы службе. Калi б не прайшла праз усе тыя выпрабаваннi, невядома, якой бы я стала. Толькi ў цяжкiх сiтуацыях можна чамусьцi навучыцца. Я ганаруся, што 20 гадоў аддала абароне правоў дзяцей i iх прадстаўнiкоў. Не пералiчыць лёсы, на якiя давялося паўплываць. Сёння я не ўспомню пэўную грамату за службовыя дасягненнi, але памятаю кожнае слова падзякi ад людзей. Гэта галоўны вынiк службы i ўсiх намаганняў. I, канешне, мне як мацi хочацца, каб мае дзецi маглi б перажыць штосьцi падобнае.

    — Вольга, пасада прэс-сакратара Мiнiстэрства ўнутраных спраў патрабуе ведання спецыфiкi работы з журналiстамi, сувязяў з грамадскасцю. Вам цяжка было з гэтым разабрацца?

    — Не магу сказаць, што я адпрацавала год на пасадзе прэс-сакратара i мне адразу стала ўсё зразумела. Увесь час я вывучаю асаблiвасцi гэтай дзейнасцi. У нечым мне прасцей, я дасканала ведаю работу мiлiцыянера. Гэта дапамагае ўзаемадзейнiчаць з журналiстамi. Я бачу поўную карцiну i магу прадугледзець, як будзе развiвацца сiтуацыя. Нiколi не думала, што буду звязана з прэс-службай. Але я ўдзячная лёсу за такую магчымасць. Вельмi адказна прадстаўляць цэлае мiнiстэрства. Патрэбна прымаць важныя рашэннi, рэагаваць, асаблiва сёння, калi iнфармацыйнае поле вельмi шырокае i насычанае не толькi рэальнымi навiнамi, але i «фэйкамi».

    — На ваш погляд, як трэба змагацца з «фэйкавымi» навiнамi?

    — А цi варта з iмi змагацца, калi афiцыйныя крынiцы даюць праўдзiвую iнфармацыю? Яшчэ некалькi гадоў таму мы нават не ведалi такога паняцця, як «фэйк». А сёння iх вельмi шмат — у сацыяльных сетках, у месенджарах. Мяне як чалавека, якi працуе з iнфармацыяй, больш непакоiць, што наша моладзь слепа верыць гэтай неправеранай iнфармацыi i распаўсюджвае яе. Мне ад гэтага балюча, хочацца, каб людзi больш верылi афiцыйнай iнфармацыi.

    — Як з’явiлася iдэя вашага асабiстага тэлеграм-канала?

    — З самага пачатку я разумела, што як прэс-сакратар магу i павiнна заяўляць, што адбываецца ў органах унутраных спраў, штосьцi каментаваць, тлумачыць. Мне было важна паказаць, што мiнiстэрства трымае руку на пульсе i не застаецца ўбаку. Я хацела, каб, расказваючы навiну, магла ад свайго iмя яе пракаментаваць. Такiм чынам я магу звяртаць увагу людзей, заклiкаць iх падумаць. I так мне прасцей узаемадзейнiчаць з журналiстамi, яны могуць атрымаць мой каментарый па тым цi iншым пытаннi ў маiм тэлеграм-канале. Гэта эканомiць i iх, i мой час.

    — Паводле вашага вопыту работы ў iнспекцыi па справах непаўналетнiх, дзецi трапляюць у поле зроку мiлiцыi, таму што бацькi недагледзелi?

    — Я так не сказала б. Падлетак шмат часу праводзiць у калектыве равеснiкаў, якiя моцна ўплываюць на яго погляды i меркаванне. I нават самым адказным i пiльным бацькам складана гэта цалкам кантраляваць. Але аснова светапогляду, каштоўнасцi, адносiны да свету фармiруюцца ў сям’i. Моцны стрыжань, закладзены бацькамi, не дасць падлетку нарабiць памылак. Галоўнае не ўпусцiць момант. I падчас работы з падлеткамi таксама трэба працаваць i з iх бацькамi. Якiмi б нi былi нашы падлеткi, яны праз свой узрост асаблiвыя, з яшчэ не сфармiраваным светапоглядам, i бацькi нясуць за iх адказнасць. Нашы дзецi павiнны ведаць гiсторыю, каб цанiць сучаснасць i разумець, якой павiнна быць будучыня.

    — Вы звярталiся да бацькоў, якiя бяруць дзяцей на акцыi пратэстаў. Зразумела, што малыя поўнасцю залежаць ад дарослых. А што рабiць з падлеткамi, якiя самi могуць туды пайсцi?

    — Так, часам бацькi нават не ведаюць, куды пайшоў iх амаль дарослы сын або дачка. I ў такiм выпадку трэба надаваць асаблiвую ўвагу яго матывам. Некаторыя ведаюць, куды яны iдуць i навошта. У такiм выпадку размовы, папярэджаннi будуць неэфектыўныя, толькi адмiнiстрацыйная мера дапаможа. А ёсць тыя, хто не разумее, што яны робяць. Затрымлiваць такога падлетка, везцi яго ў РАУС i складаць пратакол нелагiчна. Тут трэба размаўляць з бацькамi, выслухаць iх пазiцыю i растлумачыць наступствы для юнай псiхiкi. Мы змагаемся не за тое, каб скласцi як мага больш пратаколаў, а каб забяспечыць бяспеку непаўналетняга. I бацькi ў сваю чаргу павiнны абаранiць дзiця ад таго, што можа нашкодзiць яго псiхiцы i светапогляду.

    — А якi ўклад уносiць у гэта школа?

    — Асноўная задача школы — даць веды, сфармiраваць культуру паводзiн, у тым лiку i ў iнтэрнэце, сёння гэта асобная культура. У школе дзецi павiнны навучыцца трымаць сябе ў грамадстве, кiравацца пэўнымi правiламi. Фармiруючы веды i правiлы паводзiн, настаўнiкi закладваюць у дзецях правiльнае стаўленне да сябе, прыроды, Радзiмы. Я ўсё жыццё буду ўдзячна сваёй настаўнiцы, якая ўвесь школьны час укладвала ў мяне веды i тым самым рабiла з мяне чалавека. Але асноўнае выхаванне павiнна ажыццяўляцца дома, гэта адказнасць бацькоў.

    — Хiба сёння, калi ў кожнага ёсць свабодны доступ у iнтэрнэт, дзяцей можна цалкам кантраляваць i абараняць ад шкоднага ўплыву?

    — На жаль, поўнасцю iх засцерагчы немагчыма. Але абсалютна рэальна кантраляваць, назiраць за сваiм дзiцем. Кожны бацька цi мацi можа стаць блiжэй, пацiкавiцца, чым дзiця занятае, што яго хвалюе.

    — Вольга, якi ваш асноўны прынцып як мамы?

    — Я заўсёды павiнна быць прыкладам для сваiх дзяцей. Як бы цяжка нi было сумяшчаць ролю мацi i кiраўнiка, грамадскага дзеяча. Я не павiнна быць перад сваiмi дзецьмi слабай цi раздражнёнай. Яны павiнны бачыць мяне моцнай i актыўнай.

    — Што вы можаце пажадаць усiм матулям да Дня мацi?

    — Мама — гэта не проста цёплае слова. Яно змяшчае ў сабе шмат абавязкаў. I як бы цяжка нi прыходзiлася любой маме, я жадаю кожнай жанчыне заставацца ёю пры любым надвор’i, пры любых умовах. Маму нiхто нiколi не заменiць, толькi яна патрэбна дзiцяцi. А якой мамай быць, кожная няхай вырашае для сябе — стрыманай, эмацыянальнай, сумнай цi шчаслiвай.

    Фота з асабiстага архiва гераiнi

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці