“Прэс-фатаграфія Беларусі стала больш гаваркая”
22 верасня ў мінскай прасторы “Space” прайшла прэзентацыя фотаальбома “Прэс-фота Беларусі-2015” са здымкамі-пераможцамі аднайменнага конкурсу.
“Альбом даваўся не вельмі проста, але працаваць было прыемна, – зазначыў куратар конкурсу Сяргей Міхаленка. – Каманда была невялікая, але дружная”.
У папярэднія два гады з розных прычын альбом не выходзіў. Затое вярнуўся ён у абноўленым дызайне, падгледжаным, як прызнаўся сам куратар, у World Press Photo. Альбом стаў шырэйшы: “Будзе вылучацца на паліцы, але фота глядзяцца лепш”, – кажа Сяргей Міхаленка.
Акрамя таго, частка альбома аддадзена пад “Архіў”, дзе будуць змяшчацца біяграфічныя звесткі і творы беларускіх фотарэпарцёраў мінулага. Гэтым разам у “Архіве” распавядаецца пра Аляксандра Дзітлава (1912 – 2009), ваеннага карэспандэнта фотахронікі ТАСС, заслужанага журналіста Рэспублікі Беларусь.
“У беларускай прэс-фатаграфіі ў апошнія гады карцінка змянілася, – заўважыў вярстальшчык і дызайнер альбома Сяргей Піліповіч. – Яна стала больш “гаваркая”. Умець без словаў расказаць гісторыю – гэтак жа важна, як скласці фразу з асобных словаў так, каб дастукацца да сэрца”.
Фотаальбом “Прэс-фота Беларусі-2015” можна набыць у Сяргея Міхаленкі: +375 29 6537150