Прэмія «Свабода прэсы 2022» шведскіх «Рэпарцёраў без межаў» таксама прысуджана БАЖу
Прэмія шведскай філіі арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» «Свабода прэсы 2022» прысуджаецца Беларускай асацыяцыі журналістаў. Прэмія будзе ўручаная ў сувязі з Міжнародным днём свабоды прэсы 3 траўня.
Прэмія за свабоду прэсы 2022 прысуджаецца ліквідаванай на паперы арганізацыі, якая выступае за свабоду прэсы і незалежную журналістыку, калі беларускі рэжым ператварае журналістаў у мішэні. Нягледзячы на пераслед, пагрозы, цэнзуру, арышты і катаванні, арганізацыя, члены якой цяпер распаўсюджаныя па ўсім свеце, працягвае працаваць для незалежных журналістаў у краіне і ў выгнанні. Дзякуючы журналістам, беларускае грамадства мае магчымасць атрымліваць бесстароннюю і незалежную інфармацыя, адзначаецца ў рашэнні «Рэпарцёраў».
— Няшмат арганізацый, якія настолькі заслугоўваюць гэтай узнагароды, як БАЖ. Нягледзячы на тое, што цяпер у цэнтры ўвагі Украіна, жорсткія рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі працягваюцца, і БАЖ адыграў вырашальную ролю ў інфармаванні свету пра таталітарныя злоўжыванні супраць журналістаў у Еўропе, — кажа Эрык Халькяер, старшыня арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» у Швецыі.
— Многія журналісты і супрацоўнікі БАЖ былі вымушаныя пакінуць краіну пад пагрозай расправы. Нягледзячы на гэта, БАЖ працягвае і на адлегласці адстойваць правы калег. За апошнія два гады БАЖ зарэгістраваў у Беларусі каля 1000 фактаў адвольных затрыманняў, нападаў, арыштаў, штрафаў і прыцягнення да адказнасці журналістаў. На сённяшні дзень за кратамі знаходзяцца 24 нашыя калегі, — кажа намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў.
У Швецыі арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» прысуджае шведскую прэмію за свабоду прэсы з 2003 года мужным і незалежным журналістам, якія сваёй працай зрабілі ўнёсак ва ўмацаванне свабоды прэсы.
Нагадаем, учора БАЖ быў названы лаўрэатам Сусветнай прэміі ЮНЭСКО / Гільерма Кано за абарону свабоды прэсы.