Праз дваццаць гадоў: Як судзілі журналістаў «Пагоні»
У Гродна 21 чэрвеня затрымалі Мікалая Маркевіча — удзельніка дэпутацкай галадоўкі 1995 года, былога заснавальніка і рэдактара газеты «Пагоня». Мабыць, не толькі мы памятаем гісторыю: у міліцыі таксама вырашылі нагадаць яму пра 20-гадовы юбілей першага прысуду.
Суд Ленінскага раёна Гродна ў асобе суддзі Таццяны Клімавай 24 чэрвеня 2002 года прызнаў Мікалая Маркевіча і журналіста газеты «Пагоня» Паўла Мажэйку вінаватымі па артыкуле аб паклёпе на Лукашэнку. Гэта быў гучны (таму што ці не першы працэс) у якім незалежнае выданне абвінавацілі ў абразе першай асобы дзяржавы. Можна сказаць, што менавіта рашэнне гродзенскага суду паклала пачатак практыцы судовага свавольства ў дачыненні да недзяржаўных СМІ.
Пачатак гісторыі
Цяпер ужо нікога не здзівіць тым, як выносяцца прысуды ў Беларусі сёння. Аднак тады гэта было ў навінку.
У 2001 годзе праходзілі прэзідэнцкія выбары, і менавіта восенню 2001 года ўсё і пачалося. 4 верасня, за некалькі дзён да прэзідэнцкіх выбараў, начальнік Гарадзенскай управы КДБ палкоўнік Свораб адправіў у пракуратуру кароткую запіску «з просьбай» даць прававую ацэнку матэрыялам, апублікаваным у 36‑м нумары газеты «Пагоня». Цымус быў у тым, што на час з’яўлення гэтай запіскі нумар 36 азначанай газеты яшчэ не пакінуў сценаў друкарні, у якой ён друкаваўся. Скуль палкоўнік КДБ даведаўся пра змест нумару — мажліва, не загадка, але пэўныя пытанні ўсё ж выклікае.
Пракурор вобласці імгненна распачаў крымінальную справу па артыкуле «паклёп на прэзідэнта», а прадстаўнікі праваахоўных органаў прыйшлі ў друкарню і сканфіскавалі ўвесь надрукаваны тыраж — 10 тысяч асобнікаў. З ператрусам прыйшлі і ў рэдакцыю газеты, якая паспела выкласці «забаронены» нумар у Інтэрнэт.
21 верасня 2001 года пракуратура вынесла папярэджанне газеце «Пагоня» за распаўсюд напярэдадні выбараў інфармацыі, якая ганьбіць гонар і годнасць прэзідэнта. Паколькі крымінальная справа ўжо была ўзбуджаная, такім чынам пракуратура «перадвызначыла», што зганьбаванне гонару і годнасці Лукашэнкі мела месца — яшчэ да расследавання крымінальнай справы аб паклёпе.
На падставе гэтага папярэджання і папярэджання за публікацыю «ад імя незарэгістраванай арганізацыі», якое раней было ў выдання, Вышэйшы гаспадарчы Суд Беларусі 12 лістапада 2001 года вынес рашэнне аб ліквідацыі газеты «Пагоня».
На думку юрыста Міхаіла Пастухова, які тады абараняў «Пагоню», папярэджанне «аб знявазе гонару і годнасці» было абсалютна незаконна далучана да справы аб закрыцці газеты, бо грунтавалася на матэрыялах яшчэ не разабранай крымінальнай справы па абвінавачванні ў паклёпе. Толькі прысуд суда, які ўстанаўлівае факт паклёпу ў дачыненні да прэзідэнта, мог стаць падставай для закрыцця газеты — але не раней, паколькі ў Гаспадарчым судзе факты паклёпу і абразы не ўстанаўліваюцца. Але суддзя ВГС Жандараў, не праводзячы разбору, напісаў у рашэнні аб закрыцці газеты, што факт паклёпу усталяваны.
Гэта, па факце, і перадвызначыла абвінаваўчы прысуд Маркевічу і Мажэйку. Як заўважыў тады вядомы юрыст Гары Паганяйла, у судовай сістэме Беларусі дзейнічае прынцып прэюдыцыі. То-бок, калі дзеянні, якія атрымалі юрыдычную ацэнку ў адным судзе, прымаюцца як даказаныя наступнымі судамі. А паколькі Вышэйшы гаспадарчы суд «прызнаў» факт «паклёпу на прэзідэнта» (што, паўторымся, не меў права рабіць увогуле), то вердыкт суда Ленінскага раёна быў фактычна загадзя вядомы.
Абраза ад імя пракуратуры
У выніку расследавання крымінальнай справы аб паклёпе на прэзідэнта крамолу знайшлі ў трох матэрыялах «Пагоні», не якія дайшлі да аўдыторыі. Па-першае, ліст чытача са Слуцка, які павінен быў з’явіцца на старонках газеты пад назвай «Ён — не Лукашэнка». На думку пракурораў, паклёп на прэзідэнта ўтрымліваўся ў наступным сказе: «7 гадоў кіравання Лукашэнкі прадэманстравалі, што ён проста хворы чалавек, які знішчае наш народ, забівае сваіх апанентаў, разбурае ўсё нацыянальнае, што яшчэ засталося ў нашым грамадстве і мэтанакіравана вядзе беларускую нацыю да вымірання».
Другая крамола была знойдзена прадстаўнікамі пракуратуры ў артыкуле «Ідзем на выбары» журналіста рэдакцыі Паўла Мажэйкі ў фразе: «Урэшце, ці можа быць вартым народнай падтрымкі чалавек, які забівае апанентаў?»
І трэцяя — цытата з ананімнага вершу, напісанага на «арыгінальнай мове прэзідэнта» пад назвай: «Абашчал! Абяшчаю! Буду абаяжчать!» З 11-ці прыпевак прадстаўнікі пракуратуры зачапіліся за адну:
«Абаяшчаў народу я,
Што пагібнет мафія…
Можэце міня паздравіць:
Мафію рашыл… вазглавіць я».
Абвінавачванне Маркевіча і Мажэйка ў «паклёпе на прэзідэнта» было падобна на стары анекдот пра тое, як чалавек ідзе па вуліцы і прыгаворвае пра сябе: «Дурань! Які дурань!», а яго затрымліваюць супрацоўнікі міліцыі са словамі: «Мы ведаем, хто ў вас дурань!» У артыкуле Мажэйкі Лукашэнка наўпрост не згадваўся, у вершы таксама, а ліст чытача — гэта выказванне яго думкі, і журналісты «Пагоні» за меркаванне чытача адказнасці несці былі не павінны.
Але самае галоўнае: ў выніку канфіскацыі нумара газеты Камітэтам дзяржбяспекі нельга было лічыць, што матэрыялы, якія закідаліся абвінавачваннем, былі распаўсюджаныя. На той момант Інтэрнэт не быў прызнаны сродкам масавай інфармацыі, а адказнасць існавала толькі за распаўсюджванне паклёпу ў друкаванай прадукцыі. Такім чынам, не было распаўсюду — а значыць, і публічнага паклёпу.
«Гарадзенскія пракуроры пазналі свайго прэзідэнта. Мяне вядома гэта моцна абурае, а з другога боку і пацяшае. Калі яны лічаць, што іх прэзідэнт з пароды людзей, якія “мафію вырашыў узначаліць” і які з’яўляецца абяцалкіным, то сапраўды ў прэзідэнта дрэнныя справы. Але я думаю, што і ў пракурораў не ўсё ў парадку, каб убачыць у гэтай прыпеўцы, што прэзідэнт Лукашэнка арганізаваў злачынную групу і ўзначаліў яе», — казаў тады Мікалай Маркевіч.
«Я не думаю, што гэта адбылося ад вялікага вопыту ці вялікага розуму пракурорскіх работнікаў. Гэтая недарэчнасць, фантасмагарычнасць абвінавачвання сведчыць, што пракуратура паставіла перад сабой задачу прыбраць непажаданых журналістаў», — заяўляў Маркевіч.
Народ супраць
Працэс над Маркевічам і Мажэйкам можна назваць шматпакутным менавіта з‑за рэакцыі на яго грамадства. Першае пасяджэнне Ленінскага раённага суда горада Гродна было прызначанае на 9 красавіка. 5 красавіка супрацоўнікі газеты правялі пікет у падтрымку сваіх калегаў, усе ўдзельнікі акцыі былі затрыманыя і атрымалі адміністрацыйныя спагнанні. Гэта выклікала цэлую хвалю абурэння не толькі ў незалежных журналісцкіх колах Беларусі, але і за яе межамі. Асабліва аператыўна адрэагавала на беларускія падзеі суседняя Польшча: у некаторых цэнтральных выданнях гэтай краіны нават з’явілася спецыяльныя рубрыкі, прысвечаныя «Пагоні»; «глыбокую занепакоенасць» выказала Канцылярыя прэзідэнта Квасьнеўскага. З адмысловай заявай пратэсту выступіла Міністэрства замежных спраў Літвы, Літоўскі Саюз журналістаў, Расійскі фонд абароны галоснасці, а таксама шэраг міжнародных праваабарончых арганізацый («Article 19», Камітэт абароны журналістаў (Нью-Ёрк)).
У выніку 9 красавіка суддзя Сяргейка, які павінен быў весці справу Маркевіча і Мажэйкі, «захварэў». Пачатак суда перанеслі на 16 траўня, але тады ўжо «захварэў» пракурор. Слуханні пачаліся толькі 4 чэрвеня, прычым у залу суда, якая ахоўвалася ўзмоцненымі атрадамі МУС, упусцілі толькі 30 чалавек. Каля 70 чалавек, уключаючы прыехаўшых з Мінска беларускіх і замежных журналістаў, засталіся за дзвярыма. Мікалай Маркевіч заявіў хадайніцтва аб перанясенні суда ў больш прасторнае памяшканне, каб забяспечыць гарантаваную Канстытуцыяй адкрытасць працэсу — просьба была адхіленая, як і хадайніцтва аб допуску да працэсу грамадскіх абаронцаў.
Тады Маркевіч запатрабаваў адхіліць ад працэсу суддзю Клімаву. Абвясціўшы перапынак на 40 хвілін, суд сышоў «раіцца». Калі час скончыўся, аказалася, што ў залу не пускаюць нават тых, хто прысутнічаў на першай частцы пасяджэння. Каля дзвярэй завязалася тузаніна, міліцыя ўжыла сілу, пацярпелі некалькі чалавек:. Актывісткі моладзевай дэмакратычнай арганізацыі «Малады фронт» Святлане Нех нават прыйшлося выклікаць «хуткую».
Частка актывістаў усё ж прарвалася ў залу. Суддзя Клімава паспрабавала іх выгнаць, яны адмовіліся сысці, і яна перанесла пасяджэнне на наступны дзень, абвясціўшы папярэдне, што хадайніцтва Маркевіча аб яе адхіленні ад справы таксама не задаволенае.
Прыкладна па тым жа сцэнары развіваліся падзеі і на наступны дзень. Усе хадайніцтвы, заяўленыя Мажэйкам і Маркевічам, былі зноў адхіленыя: і аб пераносе слуханняў у большае памяшканне, і аб допуску грамадскіх абаронцаў, і аб адводзе суддзі. Паўнавартасны працэс пачаўся толькі 6 чэрвеня.
Як і меркавалася, галоўным аргументам абвінавачвання стала тое рашэнне Вышэйшага гаспадарчага суда, які «ўстанавіў» факт паклёпу. Адвакат Маркевіча і Мажэйкі Сяргей Цурко хадайнічаў, каб пракуратура аспрэчыла вердыкт ВГС і адмяніла яго, інакш Маркевіч і Мажэйка аказваліся ў стане своеасаблівай «прэзумпцыі вінаватасці». Суддзя Клімава, як і чакалася, адхіліла гэтае хадайніцтва.
«Не такі» вырак
Пракурор патрабаваў у дачыненні да Маркевіча і Мажэйкі 2,5 і 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму адпаведна. Суд выпісаў ім 2,5 і 2 гады, але не пазбаўлення волі, а абмежаванні з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). І гэты прысуд таксама выклікаў хвалю абурэння.
Праваабарончыя і прафесійныя журналісцкія арганізацыі расцанілі вырак суду, як выкананне папярэджання Лукашэнкі «разабрацца з незалежнай прэсай пасля выбараў», зробленае ім напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) выступіла з заявай, у якой гаварылася, што «Беларусь засталася апошняй дзяржавай у Еўропе, дзе СМІ пераследуюцца ўладай па палітычных матывах, а журналісты прыцягваюцца да адказнасці за сваю прафесійную дзейнасць».
26 чэрвеня прэс-служба АБСЕ распаўсюдзіла паведамленне, у якім упаўнаважаны АБСЕ па свабодзе СМІ Фраймут Дувэ выказаў заклапочанасць прысудам у дачыненні да журналістаў і падкрэсліў, што падобная практыка абсалютна недапушчальная ў краінах — чальцах АБСЕ. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Article 19» нават звярнулася да прэзідэнта з адкрытым лістом, у якім была выказана глыбокая заклапочанасць з нагоды абвінаваўчага прысуду.
Дарэчы, сам «абражаны» Лукашэнка гэты працэс не пракаментаваў аніяк. Падаецца, такі суд яго задаволіў.
15 жніўня Гродзенскі абласны суд знізіў тэрмін пакарання Маркевічу і Мажэйку да паўтара года і года адпаведна. Мікалай Маркевіч адбываў пакаранне ў Асіповічах Магілёўскай вобласці, а Мажэйка — у Жлобіне Гомельскай вобласці.
Праз 20 год…
Згадваючы той працэс, становіцца зразумелым, што сістэма судовага і пракурорскага свавольства – не вынаходніцтва найноўшага часу. Яна выбудоўвалася дзесяцігоддзямі. Такія працэсы ўсплывалі ў Беларусі раз-пораз.
Але выбудоўвалася не толькі карная сістэма. Як казаў Мікола Маркевіч 20 гадоў таму наконт меркавання жыхароў Гродна па тым працэсе: «Усякія ёсць меркаванні. Некаторыя кажуць, не бачыш, ты сутыкнуўся з катком і гэта каток рана ці позна цябе раздушыць. Але што тычыцца большасці людзей, мае знаёмыя, усе сваякі, мая сям’я — такой падтрымкі маральнай, фізічнай, канкрэтнай я не чакаў. Я не чакаў, што грамадскае меркаванне ў горадзе Гродна, гэта невялікі горад, будзе цалкам на маім баку».
Падаецца, вось тое «беларус беларусу беларус» таксама мае карані здаўна.
Чытайце яшчэ:
Аксана Колб: «У Беларусі шмат годных людзей. А дзе ж з імі яшчэ сустрэцца, як не за кратамі?»
Муж Ірыны Слаўнікавай: Тое, што цяпер адбываецца, яе не зламае
Пессимист. Что известно о Марке Бернштейне — арестованном редакторе википедии из Минска