Праваабаронцы звярнуліся ў ААН у звязку з сітуацыяй пры акрэдытацыі СМІ на суд Бабарыкі
ПЦ “Вясна” звярнуўся з тэрміновым паведамленнем у Савет па правах чалавека ААН, у якім просіць даць ацэнку парушэнням прынцыпу галоснасці судовага разбіральніцтва і ўжывання дыскрымінацыйнага падыходу ў дачыненні да незалежных СМІ, якіх не акрэдытавалі на слуханні па справе Віктара Бабарыка.
Як стала вядома напярэдадні, судовае пасяджэнне па крымінальнай справе будзе адкрытым, але прадстаўнікоў незалежных сродкаў масавай інфармацыі TUT.BY, Onliner, “Беларусы і рынак”, БелаПАН, Naviny і “Наша ніва” не пусцяць у залю судовага пасяджэння, ім адмоўлена ў акрэдытацыі без тлумачэння прычын. Пазьней на сайце Вярхоўнага суда з’явілася паведамленне аб тым, што “пытанне допуску жадаючых вырашаецца судом з улікам умяшчальнасці залі”. У апублікаваным тэксце паведамляецца, што “паводле рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя неабходная дыстанцыя паміж наведвальнікамі павінна складаць не менш за 1–1.5 метра адзін ад аднога”.
“Вясна” звярнулася да спецыяльных дакладчыкаў ААН па свабодзе выказвання меркаванняў і па правах чалавека ў Беларусі, адзначаючы, што дзеянні ўладаў як парушаюць прынцып галоснасці судовага разбіральніцтва, так і дэманстратыўным чынам дыскрымінуюць незалежныя медыя-рэсурсы, якім адмоўлена ў акрэдытацыі.
Як адзначае юрыст ПЦ “Вясна” Аляксей Лойка, улады парушаюць прынцып публічнага судовага разбіральніцтва, які замацаваны ў пункце 1 артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Праваабаронца падкрэслівае, што галоснасць і адкрытасць суда – гэта важны складнік стандарту справядлівага судовага разбіральніцтва, бо калі мы чуем, што кіраўнік дзяржавы яшчэ да суда выказваецца пра фігуранта крымінальнай справы як пра заведама вінаватага, гэта парушае прэзумпцыю невінаватасці абвінавачанага. У сувязі з гэтым, калі на пасяджэнне не дапускаюцца незалежныя СМІ, грамадства пазбаўляецца канала атрымання грамадска значнай інфармацыі аб ходзе судовага разбіральніцтва. Рашэнне ўладаў праводзіць слуханні падобным чынам пазбаўляе працэдуру адпраўлення правасуддзя ўсялякага даверу, што ставіць пад сумнеў аб’ектыўнасць высноваў суда па выніках разгляду крымінальнай справы.
Юрыст рэзюмуе, што ўлады ў чарговы раз прадэманстравалі “гнуткасць” у выкарыстанні пандэміі: падчас правядзення УНС адзінкі з прысутных у залі знаходзіліся ў масках. Калі ж справа датычыцца Белгазпромбанка, Вярхоўны суд заклапаціўся пра размяшчэнне людзей у залі судовага пасяджэння. Усё гэта вельмі нагадвае падзеі пачатку жніўня мінулага году, калі ўлады выкарыстоўвалі меры па барацьбе з COVID-19 для таго, каб ніхто не змог убачыць працэдуру галасавання і падліку вынікаў, што прывяло да таго, што пераважная частка грамадства паставіла пад сумнеў афіцыйныя вынікі выбараў.
*Праваабарончая супольнасць шматразова падкрэслівала, што выкананне стандартаў справядлівага судовага разбіральніцтва ў дачыненні да палітвязьня Віктара Бабарыкі несумяшчальна з парушэннем яго права на абарону з моманту затрымання; парушэннем яго права на канфідэнцыйныя зносіны з адвакатамі на этапе азнаямлення з матэрыяламі крымінальнай справы перад перадачай у суд; з працэдурай разгляду яго крымінальнай справы Вярхоўным судом па першай інстанцыі з‑за немагчымасці абскардзіць прысуд у парадку апеляцыі; заключэннем пад варту адваката палітвязьня па пытаннях выбарчага заканадаўства Максіма Знака; палітычна матываваным і абуральна неправамерным пазбаўленнем ліцэнзіі адваката палітвязьня Аляксандра Пыльчанка за каментар пра паўнамоцтвы дзяржаўных органаў па расследванні жнівеньскіх злачынстваў супраць бясьпекі чалавецтва, адказнасць за якія цалкам ляжыць на беларускіх уладах; а таксама цэнзураваннем і застрашэннем адвакацкай карпарацыі ў сувязі з публічнымі выказваннямі адвакатаў ў СМІ.