Праваабаронцы: справа супраць блогера Лосіка палітычна матываваная
Паводле юрыста «Вясны» Валянціна Стэфановіча, беларускія праваабаронцы неўзабаве могуць прызнаць затрыманага блогера Ігара Лосіка палітзьняволеным.
Праваабаронцы разглядаюць справы ўсіх затрыманых блогераў як «палітычна матываваныя», гэта тычыцца і Ігара Лосіка, якога вінавацяць паводле крымінальнага артыкулу 342 (арганізацыя масавых беспарадкаў), зазначыў Свабодзе Стэфановіч.
«Мы разглядаем усіх блогераў, затрыманых паводле 342 артыкулу, у кантэксце палітычных зьняволеных. У дачыненьні да Цыгановіча і Лосіка мы пакуль ня ведаем, у чым канкрэтна іх абвінавачваюць», — сказаў Валянцін Стэфановіч.
На сёньня праваабаронцы прызналі палітзьняволеннымі 15 чалавек, і гэты сьпіс можа пашырыцца.
На затрыманага адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальную справу паводле артыкулу за арганізацыю масавых беспарадкаў, паведаміла Свабодзе жонка затрыманага Дарʼя Лосік. Крымінальны артыкул 342 прадугледжвае да 3 гадоў турмы.
Ігар Лосік знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна ў Менску.
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасьля ператрусу ў яго кватэры ў Баранавічах. На ягоны канал «РБ головного мозга» падпісаны 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі вакол маючых адбыцца выбараў прэзыдэнта Беларусі, у тым ліку апошнія затрыманьні падчас «ланцуга салідарнасьці» ў Менску і іншых гарадах 18 і 19 чэрвеня.
На гэтых акцыях людзі патрабавалі вызваліць з‑пад варты патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда, а таксама відэаблогера Сяргея Ціханоўскага. Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі за чатыры дні затрымалі звыш 360 чалавек.