• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Праваабаронцы: Пераслед блогераў можа сведчыць пра ўзмацненне кантролю ў інтэрнэце напярэдадні выбараў

    Сайт Spring96.org апублікаваў агляд сітуацыі з правамі чалавека ў сакавіку 2019 года. Праваабаронцы шмат увагі надаюць пераследу журналістаў і блогераў, а ўзмацненне ціску звязваюць з выбарчымі кампаніямі гэтага года.

    У аглядзе згадваецца, што 4 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска агучыў прысуд галоўнай рэдактарцы партала Tut.by Марыне Золатавай па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы). У адпаведнасці з вынесеным суддзёй Аляксандрам Петрашам прысудам, М. Золатава была прысуджаная да штрафу ў памеры 300 базавых велічынь, альбо 7 650 рублёў. Таксама з яе спагнаныя выдаткі БелТА на адвакатаў у памеры больш за 6 000 рублёў.

    Нагадаем, што 7 жніўня 2018 г. Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь распаўсюдзіў інфармацыю аб узбуджэнні крымінальнай справы па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, здзейснены з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці, або групай асоб па папярэдняй змове, або асобай, якая мае доступ да камп’ютарнай сістэмы або сеткі).

    Усяго за два дні былі затрыманыя 9 журналістаў розных інфармацыйных выданняў і рэсурсаў, а ў рэдакцыях вядучых незалежных інфармацыйных парталаў і па месцы жыхарства журналістаў былі праведзеныя ператрусы. Сямёра журналістаў былі затрыманыя на трое сутак у якасці падазраваных па ўзбуджанай крымінальнай справе і змешчаны ў ІЧУ. На працягу трох сутак усе затрыманыя былі вызва леныя. Марыне Золатавай прад’яўленае абвінавачванне ў бяздзейнасці службовай асобы.

    «Відавочна рэпрэсіўныя і непрапарцыйныя дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да незалежных СМІ і журналістаў выклікалі значны грамадскі рэзананс і пратэсты з боку як нацыянальных, так і міжнародных журналісцкіх і праваабарончых арганізацый», — гаворыцца ў аглядзе.

    У сувязі са згаданымі падзеямі ГА «БАЖ» і ПЦ “Вясна” таксама выступілі з сумеснай заявай, у якой назвалі тое, што адбываецца, грубым парушэннем свабоды выказвання меркаванняў і дзейнасці СМІ. Сумесны зварот праваабарончых арганізацый Беларусі быў накіраваны спецыяльнаму дакладчыку ААН па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Дэвіду Кайе і Прадстаўніку АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлему Дэзіру.

    7 сакавіка ў г. Бяроза ў доме блогера Аляксандра Кабанава быў праведзены ператрус у рамках узбуджанай у дачыненні да яго крымінальнай справы. Крымінальная справа па ч. 1 арт. 211 КК (прысваенне або растрата) была ўзбуджаная Бярозаўскі раённым аддзелам Следчага камітэта па заяве аднаго з суседзяў па хаце, які з’яўляецца дзеючым супрацоўнікам міліцыі.

    Блогер падазраецца ў тым, што ў 2017 годзе нібыта атрымаў ад жыхароў дома, у якім ён пражывае, грашовыя сродкі на дзяржаўную рэгістрацыю таварыства ўласнікаў і выраб праектнай дакументацыі на будаўніцтва падвальных памяшканняў. Пасля гэтага, не выканаўшы узятыя на сябе абавязацельствы, ён прысвоіў дадзеныя грашовыя сродкі ў памеры 400 рублёў.

    Сам А. Кабанаў сцвярджае, што 440 рублёў былі яго заработнай платай за выкананне iм на працягу чатырох месяцаў абавязкаў старшыні таварыства ўласнікаў. Дадзеныя сродкі добраахвотна перадаваліся яму жыхарамі дома і ніякіх прэтэнзій да яго да нядаўняга часу ніхто з іх не выстаўляў.

    Варта нагадаць, што 1 лютага 2019 года Брэсцкім міжраённым аддзелам Следчага камітэта была вынесена пастанова аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага яшчэ аднаго вядомага блогера з Брэста — Сяргея Пятрухіна. Яго абвінавачваюць па ч. 2 арт. 188 (паклёп) і ч. 2. арт. 189 (абраза) КК. Падставай для распачынання справы сталі яго відэаролікі, у якіх ён заявіў пра дачыненне шэрагу супрацоўнікаў Ленінскага РУУС г. Брэста да збіцця ў 2016 г. жыхара горада П. Камінскага.

    Блогеры Cяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў — нязменныя ўдзельнікі акцый пратэсту супраць будаўніцтва экалагічна шкоднага акумулятарнага завода ў Брэсце, раней неаднаразова затрымліваліся ў сувязі з гэтым супрацоўнікамі міліцыі. Таксама Пятрухін і Кабанаў сталі вядомыя дзякуючы шматлікім відэаролікам, якія крытыкуюць дзейнасць прадстаўнікоў мясцовай улады, у тым ліку і органаў унутраных справаў.

    Праваабаронцы ПЦ “Вясна” таксама занепакоеныя сітуацыяй, якая склалася вакол блогера Андрэя Павука, якога 20 сакавіка затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў г. Акцябрскі Гомельскай вобласці. Пазней па месцы яго пражывання ў рамках узбуджанай крымінальнай справы супрацоўнікамі міліцыі быў праведзены ператрус, канфіскаваныя камп’ютар і іншая тэхніка. Крымінальная справа ў дачыненні да А. Павука была ўзбуджаная па ч. 1 арт. 340 КК (заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы). Па версіі следства, А. Павук адправіў з свайго адраса электронны ліст у гомельскае абласное аддзяленне МНС з паведамленнем аб мініраванні Кастрычніцкага райвыканкама, супрацоўнікі якога былі ў сувязі з гэтым эвакуіраваны адмысловымі службамі. Пасля допыту ў якасці падазраванага А. Павук быў адпушчаны.

    На думку праваабаронцаў “Вясны”, дадзеныя факты крымінальнага пераследу блогераў па відавочна надуманых падставах могуць сведчыць пра ўзмацненне кантролю ў інтэрнэт-сферы напярэдадні выбараў, якія адбудуцца ўжо сёлета.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці