• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Праваабаронцу Насту Лойку, верагодна, пачнуць судзіць у траўні

    Сьледзтва працягнула ўтрыманьне праваабаронцы на «Валадарцы» да 14 красавіка.

    «Каляровых шкарпэтак больш ня трэба»

    Праваабаронцу Human Con­stan­ta Насту Лойку затрымалі ў кастрычніку 2022 году. Некалькі запар адміністрацыйных арыштаў тэрмінам па 15 сутак Лойка адбыла ў ЦІП на Акрэсьціна. Паводле інфармацыі Human Con­stan­ta, падчас адміністрацыйнага арышту Насту двойчы адводзілі на гутаркі з супрацоўнікамі ГУБАЗіКу, дзе адзін раз яе ўдарылі электрашокерам, а 11 лістапада адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў бяз вопраткі на 8 гадзін.

    Пазьней Насту Лойку перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага і выставілі ёй абвінавачаньне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўным удзеле ў іх» (арт. 342 КК), і ў «распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасьці» (арт. 130 КК).

    У СІЗА на вуліцы Валадарскага Наста Лойка ўжо больш за чатыры месяцы. Паводле зьвестак, якія даходзяць ад Насты, лістоў яна не атрымлівае — ні ад сяброў і калегаў, ні ад каго яшчэ. Даходзяць грашовыя пераводы і бандэролі.

    Маці палітзьняволенай папрасіла людзей, якія дапамагаюць яе дачцэ, не прысылаць ёй больш каляровых шкарпэтак, якія Наста вельмі любіць. Іх у яе сабралася столькі, што ўжо няма дзе трымаць. Маці палітзьняволенай праваабаронцы таксама вельмі перажывае, што ў дачкі абвастрыліся праблемы са здароўем.

    Вядома, што Наста Лойка за кратамі пакутуе ад праблемаў са страўнікам. Яна вэган і таму ня можа есьці таго, чым кормяць на «Валадарцы». Даводзіцца харчавацца толькі тым, што атрымлівае з волі празь перадачы і што можна набыць у турэмнай краме. Забясьпечыць паўнавартаснае харчаваньне не ўдаецца.

    Таксама Насьце Лойцы трэба палячыць зубы, аднак і тут узьнікла праблема. Стаматоляга, якога для яе знайшлі блізкія, у турму не прапусьціў Сьледчы камітэт.

    Паводле лістоў, якія даходзяць ад Насты родным, яна захоўвае аптымізм і настрой на тое, што па выхадзе на волю зоймецца ранейшай праваабарончай працай. Напісала, што з дапамогай сукамэрніцы вучыць францускую мову і этыку.

    Добрай навіной для Насты Лойкі стала тое, што сяброўкі на волі змаглі ўладкаваць да надзейных гаспадароў яе сабаку — пяцігадовую аўчарку Эрыка. «Эрык цяпер у Чэхіі, у добрай сям’і, за яго можна не турбавацца», — расказваюць сябры Насты.

    Праваабарончая арганізацыя Human Con­stan­ta, у якой працавала Наста Лойка, працягвае змагацца за яе вызваленьне. Аб справе Насты Лойкі праінфармавалі ААН. Зьвярнуліся і ў дзяржаўныя ўстановы Беларусі, адказу пакуль няма.

    Чытайце яшчэ:

    Фрылансера Івана Мураўёва, якога ўжо перавялі ў калонію, зноў збіраюцца судзіць

    Справы відэааператараў: выпадковыя супадзенні або зададзены пераслед?

    Пракурор падаў апеляцыйны пратэст на прысуд па «справе Вясны»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці