Праваабарончая дзейнасць адрозніваецца ад іншых відаў грамадзянскага актывізму, — вялікае інтэрв’ю з Таццянай Равяка
У пятніцу і суботу ў Вільні пройдзе ІV Беларускі праваабарончы форум. Прадстаўнікі арганізацый збяруцца разам, каб абмеркаваць становішча з правамі чалавека, а таксама супрацоўніцтва паміж сабою. Асаблівая ўвага будзе нададзена абмеркаванню Прынцыпаў дзейнасці праваабаронцаў Беларусі.
Напярэдадні форуму мы гутарым з адной з самых вядомых беларускіх праваабаронцаў Таццянай Равяка — пра сёння і заўтра праваабарончага руху, еднасць сярод праваабаронцаў і дачыненні іх са СМІ.
— Чаму праваабаронцы вырашылі сабраць форум? Хто арганізоўвае яго і ці ўсе жадаючыя жадаючыя змогуць на яго патрапіць?
— Праваабарончы форум, які адбудзецца бліжэйшымі днямі, ужо чацвёрты па ліку. Першы адбыўся ў 2004 годзе, другі — у 2010‑м, трэці — у 2013‑м. Першы быў праведзены ў Беларусі, пад Мінскам. Але пасля праблем, з якімі мы сутыкнуліся, калі мерапрыемства знаходзілася на мяжы зрыву, наступныя ўжо праводзілі па-за межамі краіны, а менавіта — у Вільні. Цяпер некаторыя мерапрыемствы, як паказала практыка, ужо можна праводзіць і ў Беларусі, але, па-першае, гарантый, што ў апошні момант нечага не здарыцца — няма, па-другое, прыняць удзел у форуме ў Беларусі не змаглі б нашы калегі, якія не па сваёй волі знаходзяцца за межамі краіны — Алена Танкачова і некаторыя іншыя. Так што чарговы Праваабарончы форум у Вільні — гэта ў тым ліку знак салідарнасці з імі, а таксама знак таго, што рэпрэсіўныя практыкі ў адносінах да праваабаронцаў — па-ранейшаму наша рэчаіснасць. Праводзіць Праваабарончыя форумы — гэта не сённяшняе рашэнне.
Яшчэ на форуме ў 2010 годзе, калі пачалі абмяркоўваць агульную стратэгію беларускага праваабарончага руху, вырашылі, што важна мець рэгулярную агульную пляцоўку для камунікацыі ў шырокім фармаце, абмеркавання сітуацыі з правамі чалавека, абмену вопытам. Вось так і быў зацверджаны фармат Праваабарончага форуму як рэгулярнай пляцоўкі.
Як і раней, працу па арганізацыі форуму выконвае аргкамітэт. Гэтым разам ён складаўся з 8 арганізацый (Асамблея НДА, Беларускі хельсінкскі камітэт, ПЦ «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звоскава, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» і Цэнтр прававой трансфармацыі), большасць з якіх займаліся падрыхтоўкай і папярэдніх форумаў. Аргкамітэт прымае рашэнне ў тым ліку і пра запрашэнне ўдзельнікаў — арганізацый і асобных праваабаронцаў.
Ці ўсе жадаючыя праваабаронцы змогуць патрапіць на форум — цікавае пытанне. Відаць, адказ мой будзе такі: Аргкамітэт запрасіў 29 арганізацый, такім ён бачыць сённяшні праваабарончы сектар.
— Якія пытанні ў праваабарончым руху найбольш актуальныя зараз?
— Як у канцэпцыі правоў чалавека няма іерархіі — выдзялення, якія правы важнейшыя, а якія менш важныя, так, на мой погляд, немагчыма казаць пра найбольш ці найменш актуальныя праблемы для праваабарончага руху. Напрыклад, для БАЖ і ПЭН-цэнтра, відавочна, пытанні, звязаныя з выказваннем, з’яўляюцца дамінуючымі, для Lawtrend і Асамблеі НДА — свабоды асацыяцый, для Камітэта “Салідарнасць” ці ПЦ “Вясна” — праблемы палітычных рэпрэсій, для ТаймАкта — умовы ўтрымання ў месцах несвабоды. У якім накірунку працуе тая ці іншая арганізацыя — праблемы ў той сферы яна назаве найбольш актуальнымі.
Аднак, нягледзячы на шырокі спектр праблем, думаю, што іх аб’ядноўвае тое, што праблемы ва ўсіх сферах з’яўляюцца сістэмнымі і сістэматычнымі, а негатыўныя практыкі з гадамі замацоўваюцца ў заканадаўчых актах.
У гэтым годзе парадак дня форуму максімальна сфармавалі самі арганізацыі-удзельніцы — яны мелі магчымасць ініцыяваць правядзенне паралельных мерапрыемстваў на тэму, якая, на іх погляд, патрабуе асобнага абмеркавання.
Было заяўлена 11 такіх мерапрыемстваў на розныя тэмы, сярод якіх — права на інфармацыю ў Беларусі, салідарнасць падчас рэпрэсій, пытанні гендарнай ідэнтычнасці, практыкі выкарыстання крытэраў вызначэння палітвязняў і іншыя. Верагодна, гэта і ёсць цяпер актуальныя пытанні.
— Праваабарончы рух у Беларусі пашыраецца ці наадварот праваабаронцаў становіцца меней? Чым будзе займацца беларуская праваабарона заўтра?
— Для адказу на гэтае пытанне прывяду лічбы: калі ў 2010 годзе ў форуме прымалі ўдзел 17 арганізацый, у 2013 — 25, то цяпр — 29.
Так што праваабарончая супольнасць, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, не звужаецца, з’яўляюцца новыя арганізацыі, новыя людзі, новыя накірункі, якімі яны пачынаюць займацца. Напрыклад, з часу апошняга форуму сур’ёзна заявіла пра сябе Human Constanta, якая заняла “незакрытую нішу” — правы бежанцаў і мігрантаў, правы і свабоды ў лічбавую эпоху; актыўна запрацаваў Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын “Яе правы”; не адстаюць і рэгіёны, пра што сведчыць з’яўленне Полацкага праваабарончага таварыства.
Гэта толькі частка новых арганізацый, якія папоўнілі праваабарончую супольнасць. І што я б адзначыла, новыя арганізацыі “робяць стаўку” на прафесіяналізм. Увогуле бачу сур’ёзную прафесіяналізацыю сектару, рост экспертнага патэнцыялу, усвядомленасць у падыходах да вырашэння праблем, актыўнае выкарыстанне міжнародных механізмаў. Як будзе далей — пакажа час, прагнозы — рэч няўдзячная, але думаю, што заняпаду чакаць не прыходзіцца.
— Ці ёсць сёння еднасць у беларускім праваабарончым руху? Ці можна казаць, што усе праваабаронцы заўсёды салідарныя паміж самой і аднолькава глядзяць на тыя ці іншыя кейсы?
— Як кажа мой калега, трэба пачынаць з матчасткі. Хто такія праваабаронцы і што такое праваабарончая дзейнасць? Сёння мы маем некалькі міжнародных дакументаў, найперш гэта — Дэкларацыя аб праваабаронцах ААН і Кіруючыя прынцыпы па абароне праваабаронцаў АБСЕ, якія даюць адказы на гэтыя пытанні. Формула прыкладна такая:
праваабаронцы — гэта тыя, хто 1) індывідуальна ці супольна абараняюць і прасоўваюць правы чалавека 2) мірнымі сродкамі, 3) прытрымліваючыся прынцыпу ўніверсальнасці правоў (усе правы чалавека для ўсіх без выключэнняў).
Дадзенае разуменне замацавана і ў “Прынцыпах дзейнасці праваабаронцаў Беларусі”, якія распрацоўваліся на працягу апошняга года і пра якія будзе ісці асобная гаворка на форуме.
Такім чынам, калі хтосьці робіць добрую і карысную працу ў нейкім накірунку, але пры гэтым, напрыклад, выступае за смяротнае пакаранне, называе дзейнасць пра прадухіленні дыскрымінацыі ЛГБТ гей-прапагандай і лічыць правільным абмежаванне правоў дадзенай сацыяльнай групы, дазваляе сабе ўжыванне мовы варожасці ў дачыненні да носьбітаў іншай сістэмы каштоўнасцяў і г. д., то агулам назваць такую дзейнасць праваабарончай не выпадае.
Калі хтосьці лічыць, што правы — гэта толькі для тых, хто падабаецца, “для сваіх”, а камусьці адмаўляе ў наяўнасці такіх правоў — гэта не праваабарона, бо тут “выпадае” асноватворны прынцып універсальнасці — “усе правы для ўсіх”.
Так, праваабарончая дзейнасць адрозніваецца ад іншых відаў грамадзянскага актывізму, яна грунтуецца на шэрагу прынцыпаў, і гэта тое, што з аднаго боку — аб’ядноўвае ў праваабарончы сектар, з іншага — адрознівае ад іншых суб’ектаў грамадзянскай супольнасці.
А што датычыць еднасці ў праваабарончым сектары, то лічу, што яна ёсць — і ў прытрыманні агульных прынцыпаў, супольных дзеяннях, як, напрыклад, па вызваленні палітвязняў і арганізацыі грамадскіх кампаній, і ў здольнасці да скаардынаванай працы і выпрацоўкі агульных пазіцый па тых ці іншых праблемах.
У якасці прыкладу прывяду працу над альтэрнатыўнымі дакладамі да Універсальнага перыядычнага агляду (УПА): калі ў 2010 годзе да першага раунду УПА альтэрнатыўны даклад рыхтавалі 2 праваабарончыя арганізацыі, то да 2015 года, другога раунду УПА, даклад быў зроблены кааліцыяй з 11 арганізацый. А над распрацоўкай рэкамендацый да Міжведамаснага плана рэалізацыі рэкамендацый, прынятых Рэспублікай Беларусь, працавала ўжо кааліцыя з 15 арганізацый, кожная з якіх рабіла свой унёсак.
— Як змянілася асвятлення праваабарончай дзейнасці ў СМІ? Чаго не хапае праваабаронцам у СМІ і чаго наадварот занадта?
— На мой погляд, праваабаронцы не чакаюць, што СМІ пра іх будуць пісаць без дай прычыны, хутчэй спрацоўвае алгарытм: ёсць важная тэма ці праблема, з якой яны працуюць, асобная справа — журналісты не пройдуць міма.
У сітуацыі, калі прававыя механізмы малаэфектыўныя, моц і ўплыў «чацвёртай улады» дапамагае калі не ў вырашэнні пэўных праблем, то ў стварэнні грамадскага меркавання, грамадскага ціску, і як вынік — вымушае ўлады рэагаваць.
Калі б не СМІ, то «справа Пішчэўскага» так і засталася б бядой асобнай сям’і, наўрад ці праз некалькі месяцаў пасля гэтага трагічнага здарэння суд па іншай справе аб збіцці гея ўпершыню прызнаў матыў нянавісці як абцяжарваючую абставіну.
Можна сказаць, што грамадскі розгалас у дадзеным выпадку адыграў папераджальную ролю для аналагічных выпадкаў, і тут журналісты і праваабаронцы працавалі «плячо ў плячо». Тое ж можна сказаць і пра шмат іншых праблем — палітвязні і палітычныя рэпрэсіі, збіццё і катаванні з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў, смяротнае пакаранне, гвалтоўныя знікненні, сумнавядомы дэкрэт «аб дармаедах» і інш.
Можа ў кагосьці ёсць іншы вопыт і іншы погляд, але я б назвала ўзаемадзеянне праваабаронцаў і СМІ канструктыўнай формай супрацоўніцтва.
За мерапрыемствамі ІV Беларускага праваабарончага форуму сачыце на нашым сайце — будзе арганізавана прамая відэатрансляцыя з Вільні.
Фота Сяргея Балая