• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Праваабаронца, сябра ГА “БАЖ” з Гомеля Леанід Судаленка ўзнагароджаны прэстыжнай французскай прэміяй

    Прэмія “Свабода-Роўнасць-Братэрства” заснаваная Французскай Рэспублікай у 1988 годзе. Яна штогод уручаецца асобным людзям ці арганізацыям за важкі ўнёсак у абарону правоў чалавека.

    На 10 снежня гомельскі праваабаронца, сябра ГА “БАЖ” Леанід Судаленка запрошаны на цырымонію ў Парыж, дзе міністр юстыцыі Францыі мае ўручыць яму прэмію “Свабода-Роўнасць-Братэрства”. Гэта першы выпадак уганаравання беларуса за праваабарончую дзейнасць такой узнагародай.

    Амаль за два дзесяцігоддзі працы Судаленка атрымаў дзясяткі перамог у беларускіх судах у справе абароны правоў грамадзянаў. Незаконныя звальненні людзей з працы, калецтвы на вытворчасці, невыплаты належнага заробку наймальнікамі, пераследы за грамадскую і палітычную дзейнасць – гэта далёка няпоўны пералік пытанняў, з якімі звяртаюцца людзі да праваабаронцы. Нярэдка цэлыя вытворчыя калектывы звяртаюцца да Леаніда Судаленкі, каб ён абараняў іхнія інтарэсы ў судах у цяжбе з адміністрацыяй. Так, у прыватнасці, паступілі рабочыя ААТ “Мілкавіта”, тлушчакамбінату, лікёра-гарэлачнага завода, калі дырэкцыі вінавацілі іх у недастачы сыравіны і гатовай прадукцыі.

    Праваабаронца абараняў інтарэсы так званых “дармаедаў”, калі тых пераследавалі за акцыі пратэсту супраць сумнавядомага дэкрэта №3.

    Аказвае Леанід Судаленка дапамогу і незалежным журналістам-фрылансерам, якіх улады абвінавачваюць у незаконным вырабе прадукцыі СМІ.

    Заўважная і міжнародная дзейнасць юрыста Судаленкі. Кожная трэцяя скарга з Беларусі ў Камітэт ААН па правах чалавека падрыхтаваная гомельскім праваабаронцам. Ён займаўся таксама і гучнай справай “француза з патронам” Жаляна Віё. Гомельская філіія ГА “БАЖ” арганізавала харчовую перадачу французу ў СІЗА, а Леанід Судаленка падрыхтаваў праваабарончы даклад пра парушэнні з боку беларускіх уладаў у справе затрымання і абвінавачання замежніка, сачыў за яго судовым працэсам. Урэшце суд апраўдаў Жаляна Віё.

    Віншуем Леаніда Судаленку з уганараваннем прэміяй “Свабода-Роўнасць-Братэрства”!

     

    Фота: Вольга Хвоін

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці