Праваабаронца Левінаў падаў заяву ў міліцыю на самога сябе. Навошта?
Віцебскі праваабаронца і сябра ГА “БАЖ” Павел Левінаў здзейсніў незвычайны перфоманс: напісаў заяву начальніку УУС Віцебскага аблвыканкама Міхаілу Грыбу, каб супраць яго распачалі адміністрацыйную справу па арт. 22.9 — бо ён “размяшчае інфармацыю на замежных сайтах без акрэдытацыі”.
Менавіта такая фармулёўка часцяком гучыць у судах, калі журналістаў-фрылансераў судзяць па фактах з’яўлення матэрыялаў на сайце тэлеканала “Белсат”. Такое абвінавачанне прагучала ў тым ліку і ў судзе Віцебскага раёна, дзе 12 снежня аштрафавалі журналістаў Алену Шабуню і Змітра Лупача.
Праваабаронца піша міліцэйскаму кіраўніцтву, што робіць практычна тое самае:
“У Беларусі і Facebook, і Instagram, і “Вконтакте” з’яўляюцца замежнымі сайтамі. Але людзі пастаянна размяшчаюць на іх розную інфармацыю. Паводле судовай і міліцэйскай логікі, з гэтымі сайтамі, не маючы аніякай акрэдытацыі, супрацоўнічаюць не толькі простыя грамадзяне, але і міліцыянты, і суддзі, і пракуроры”.
Павел Левінаў чакае, які будзе адказ з абласной міліцэйскай управы. Калі яго насамрэч прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці, то падобным чынам давядзецца караць і пералічаныя вышэй катэгорыі грамадзян.
— А калі не — то фармулёўку адмовы можна будзе цытаваць у судах, калі журналістаў-фрылансераў чарговы раз будуць вінаваціць за “размяшчэнне інфармацыі на замежным сайце без акрэдытацыі”, — кажа праваабаронца.