Праваабаронца Андрэй Палуда распавёў пра сустрэчу ў камеры на Акрэсціна з рэдактарам «Нашай Нівы» Ягорам Марціновічам
Праваабаронцу “Вясны” і каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуду затрымалі 14 ліпеня — у той дзень прыйшлі і да іншых “вясноўцаў”. Трое сутак ён правёў на Акрэсціна, дзе, між іншым, сядзеў разам з галоўным рэдактарам “Нашай нівы” Ягорам Марціновічам і журналістам “Белсат” Ігарам Ільяшом. Умовы ўтрымання праваабаронца называе “скоцкімі”, піша сайт spring96.org.
Усе сукамернікі Андрэя Палуды ўтрымліваліся па крымінальных справах. Сярод іх быў беларус ангольскага паходжання, які працаваў таксістам; айцішнік, якога ўзялі па падазрэнні ў “тэрарызме”; футбольны фанат, што сядзеў па 342‑м артыкуле (“Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак”). Быў і мужчына, якога звалі Аляксей — неўзабаве яго перавялі ў СІЗА‑1, як толькі скончыліся яго дзесяць сутак.
“Ён вельмі дрэнна сябе адчуваў, бо быў гіпертонікам — а там жа ўмовы цяжкія, спякота. Яму далі адну таблетку, ён яе адкусіў — і палавінку пакінуў на потым на ўсялякі выпадак”, — успамінае праваабаронца.
Разам з Андрэем Палудам, акрамя журналіста “Белсата” Ігара Ільяша, сядзеў таксама і галоўны рэдактар “Нашай нівы” Ягор Марціновіч. Той распавёў Палуду, як яго збілі пры затрыманні:
“Апранулі на галаву баксёрскі шлем і лупілі па галаве. Падчас ператрусу яго таксама білі. Нават калі ён хацеў выйсці з аднаго пакоя ў той пакой, дзе праходзіў ператрус, — яго білі. Ён робіць крок — яму ўдар. Яму было дрэнна — і хуткую дапамогу [спачатку] не хацелі пускаць да следчага [які яго дапытваў пасля ператрусу]”, — падзяліўся гісторыяй Ягора Марціновіча Андрэй Палуда.
*таксама “Вясне” з іншых крыніц стала вядома, што гэты шлем належыць аднаму з калег Ягора — той прафесійна займаецца боксам. Сілавікі знайшлі яго падчас ператрусу ў памяшканні, дзе збіраецца рэдакцыя “Нашай нівы”, і сказалі Ягору: “Зараз мы табе пакажам, як ён прымяняецца”.
Андрэй Палуда падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы з галоўным рэдактарам “Нашай нівы”:
“Ягор – вялікі малайца. Чалавек, які і сябе трымаў годна і мужна, і яшчэ і падтрымліваў іншых. Для мяне было важна гэта пабачыць, бо з Ягорам я знаёмы ўжо вельми даўно — і ён менавіта такі, якім я яго ведаў..
Там, дзе мы былі, проста скоцкія ўмовы. Але яны з’яўляюцца нібы індыкатарам: праз іх, як праз лупу, усё бачна. То бок у гэтых скоцкіх умовах чалавечыя якасці праяўляюцца яшчэ больш. І калі ў чалавека нейкіх чалавечых якасцяў больш, то ў гэтых умовах ён іх альбо больш яўна праяўляе, альбо іншыя іх не могуць не заўважыць.
Чым больш скоцкія умовы, тым больш праяўляюцца чалавечыя якасці.
Бо калі ты там знаходзішся 24/7 з людзьмі, то ўсё там празрыста. Таму што людзі знаходзяцца пад дастаткова сур’ёзным ціскам (эмацыйным, псіхалагічным, фізічным і фізіялагічным). То бок ты тут бачыш усё. І па чалавеку бачна, наколькі ён выхаваны, наколькі ён інтэлігентны, наколькі ён гатовы праяўляць салідарнасць [а Ягор Марціновіч менавіта такі]”
Некалькі іншых сукамернікаў распавядалі, што ў дачыненні да іх пры затрыманні выкарыстоўвалася сіла і электрашокеры. І паказвалі сляды ад іх.
Яшчэ раз пра чалавечнасць
Андрэй Палуда кажа, што свой досвед знаходжання ў ІЧУ ён выкарыстоўваў і як “актыўнае назіранне за жыццём у такіх умовах”. Напрыклад, ён заўважыў, што супрацоўнікі ІЧУ могуць па-рознаму сябе праяўляць — і тут шмат што залежыць ад чалавека:
“Гэта можна пабачыць у залежнасці ад змены. Напрыклад, быў супрацоўнік (як распавядалі сукамернікі), які ў папярэднюю ноч перад маім затрыманнем паднімаў затрыманых з камеры а 2‑й, 4‑й гадзіне ночы і потым а 6‑й — і трэба было кожны раз называць свой артыкул. Вядома, што па працэдуры ёсць стандартны “шмон” зранку і ўвечары, але [такія паводзіны гэтага супрацоўніка – яго ініцыятыва]”.
Таксама Андрэй Палуда перадаў просьбу ўсім, хто будзе чытаць гэты артыкул, быць салідарнымі:
“Салідарнасць — гэта сапраўды вельмі і вельмі важна. Людзі, якія там знаходзяцца, — розныя па складу характару: хтосьці больш моцны, хтосьці менш. Але для любога чалавека вельмі важна адчуванне салідарнасці. Я разумею, што гэта можа прагучаць банальна — бо ўвесь час гаворыцца пра салідарнасць. Але я зараз кажу як чалавек, які там быў і прапусціў усё праз сябе.
І ведаеце, я, калі там знаходзіўся, стараўся на ўсё глядзець яшчэ вачыма праваабаронцы таксама. То бок праводзіў такі нібы маніторынг месцаў несвабоды знутры, і зрабіў пэўныя нататкі для сябе. І магу сказаць, што тая сістэма, якая зараз існуе (ІЧУ Акрэсціна), накіравана цалкам на тое, каб прынізіць чалавечую годнасць, а нам варта памятаць, што чалавечая годнасць — гэта фундаментальная рэч, якая палягае ў аснове канцэпцыі правоў чалавека. Таму з упэўненасцю можна сказаць, што гэтыя ўмовы ўтрымання, і гэтая выбудаваная сістэма з правамі чалавека абсалютна не сумяшчальныя”.
Калі скончыліся 72 гадзіны, Андрэя Палуду адпусцілі з ІЧУ. Але пасля гэтага ціск на яго працягваўся: на праваабаронцу распачалі адміністрацыйны працэс за непадпарадкаванне службовай асобе (арт. 23.4 КаАП)—бо ён не даў узор свайго подпісу следчаму падчас допыту 14 ліпеня, у дзень затрымання. Палудзе паградалі новыя суткі. Ён пакінуў Беларусь.
Ігара Ільяша вызвалілі 26 ліпеня. Ягор Марціновіч быў пераведзены з ІЧУ ў СІЗА‑1 (вул. Валадарскага, Мінск).