• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Праўленне ГА «БАЖ» узнагародзіла Іосіфа Сярэдзіча Ганаровым дыпломам

    Ганаровым дыпломам ад ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" за выбітную шматгадовую працу на карысць свабоды слова і прафесійнай журналістыкі ўзнагароджаны заснавальнік, галоўны рэдактар газеты "Народная воля" Іосіф Сярэдзіч.

    Перад пачаткам цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу «Вольнае слова» ганаровы дыплом ад ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» за выбітную шматгадовую працу на карысць свабоды слова і прафесійнай журналістыкі быў уручаны  заснавальніку, галоўнаму рэдактаур газеты «Народная воля» Іосіфу Сярэдзічу.

    — Гэтым разам Праўленне БАЖ задумалася над цырымоніяй узнагароджвання. Нават калі ўзяць “Оскар”, ёсць шэсць спецпрызоў — ганаровы «Оскар», якім узнагароджваюць выбітных дзеячоў кінамастацтва. Мы вырашылі ў гэтым годзе заснаваць спецпрызы Беларускай асацыяцыі журналістаў. У нас ёсць легендарная, выбітная асоба – Іосіф Паўлавіч Сярэдзіч, які чвэрць стагоддзя кіруе “Народнай Воляй”. Я дзіўлюся мужнасці і энэргіі, якія Іосіф Паўлавіч прыкладае, каб гэтае выданне было ў нашай краіне, — сказаў старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец.

    На што спадар Сярэдзіч агучыў свае думкі і апасенні наконт таго, што прафесія журналіста змяняецца не ў лепшы бок, ды заклікаў ахвочых працаваць у Народнай Волі» прыйсці да яго на сумоўе.

    —  Працэнтаў 90 з прысутных з’явіліся на свет пасля таго, як я пачаў выдаваць газеты. Але вы лепш узнагародзьце мяне двума нармальнымі журналістамі: адзін для сайта, другі для газеты. Таму хто прэтэндуе — я выходжу з залі і вы за мной.

    Я перажываю, што знікае наша прафесія, і ў пэўнай ступені па нашай віне. Так, прыйшлі новыя тэхналогіі, але і друкаваную прэсу рана хаваць. Журналістыка 20–30 гадоў таму — гэта валоданне словам, журналістскае майстэрства, адказнасць. Я перажываю за прафесію. Журналістыка не павінна знікнуць, яна павінна мець новае аблічча, новы твар. Сёння мы ўсе маем адукацыю, але не валодаем тым словам, як гэта  было раней, — са скрухай заўважыў Іосіф Сярэдзіч.

     

    ***

    Іосіф Сярэдзіч — беларускі журналіст, рэдактар і выдавец газеты «Народная Воля». Нарадзіўся ў вёсцы Забараўцы, Пінскі раён. Журналістыкай займаецца з 1967 года. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Працаваў у «Сельскай газеце», «Советской Белоруссии» (да 1990 года).

    З мая 1990 па студзень 1996 — дэпутат Вярхоўнага Савета XII склікання. Адначасова з 1990 па 1995 год займаў пасаду галоўнага рэдактара «Народнай газеты» — органа Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Выданне займала ўмераную цэнтрысцкую пазыцыю, імкнучыся адлюстраваць палітычныя погляды большасці грамадзян. 17 сакавіка 1995 г. Указам № 113 Аляксандр Лукашэнка прызначыў галоўным рэдактарам «Народнай газеты» Мікалая Галко, не зважаючы на тое, што правам прызначаць галоўнага рэдактара сваёй газеты валодаў толькі Вярхоўны савет.

    Іосіф Сярэдзіч стварыў газету «Народная Воля», першы нумар якой выйшаў 11 ліпеня 1995 года. З таго часу з’яўляецца галоўным рэдактарам выдання.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці