• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пратакол за дыcлайк у “Одноклассниках” вярнулі ў міліцыю на дапрацоўку

    Суддзя Дрыбінскага раённага суда Барыс Пігаль азнаёміўся з матэрыяламі адміністрацыйнай справы мясцовага грамадскага актывіста Андрэя Юркова і прыняў рашэнне вярнуць іх у Дрыбінскі РАУС для выпраўлення недахопаў.

    Андрэя Юркова спрабуюць прыцягнуць да адказнасці  паводле ч.2 арт. 17.11 КаАП— нібыта за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні быў складзены напрыканцы лістапада. Падставай для гэтага паслужыў дыслайк у сацыяльнай сетцы “Одноклассники” пад матэрыялам, дзе пазначана, што пад нацысцкім сцягам знішчана 35 мільёнаў савецкіх грамадзян.

    Андрэй Юркоў з выстаўленымі яму абвінавачаннямі не пагадзіўся і напісаў у пратаколе, што нічога не размяшчаў на сваёй старонцы, а проста паставіў дыслайк пад чужым тэкстам.

    За гэты дыслайк яму зараз пагражае штраф у памеры ад 10 да 50 базавых велічынь.

    Паводле пастановы суддзі Барыса Пігаля, адміністрацыйную справу вярнуліна дапрацоўку ў міліцыю па фармальных падставах. У прыватнасці, ч.2 арт.17.11 КаАП РБ прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства.

    У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні гэта не ўказана. Акрамя таго, апісанне абставін здзяйснення правапарушэння ў пратаколе не адпавядае дыспазіцыі ч.2 арт.17.11 КаАП РБ. Там таксама не ўказана, “з дапамогай якіх сродкаў распаўсюджвалася інфармацыйная прадукцыя, а ў прыкладзеных да пратакола матэрыялах адсутнічае пратакол агляду сродкаў распаўсюду інфармацыйнай прадукцыі”.

    Андрэй Юркоў — добра вядомы ў Дрыбіне, Мсціславе і Горках грамадскі актывіст. На парламенцкіх выбарах 2019 года ён вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Горацкай выбарчай акрузе №82. Згодна афіцыйнай інфармацыі ЦВК, падчас гэтых выбараў за Юркова аддалі свае галасы 7,21% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў акругі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці