Пратакол супраць журналісткі-фрылансера Марыі Булавінскай суд вярнуў у міліцыю на дапрацоўку
Суд Чыгуначнага раёна Гомеля праз sms-паведамленне апавясціў журналістку-фрылансера, сябра ГА “БАЖ” Марыю Булавінскую, што прызначыны на 7 красавіка разгляд адміністрацыйнай справы за незаконны выраб прадукцыі СМІ (паводле артыкулу 22.9 КаАП) не адбудзецца: справа накіравана ў Чыгуначны РАУС на дапрацоўку.
“Што і як павінны дапрацаваць у міліцыі, мне невядома, — паведаміла Булавінская Службе маніторынгу ГА «БАЖ». — Хутчэй за ўсё гераіня відэасюжэту Марыя Быстранкова, маці афіцэра-афганца, памерлага ад атрыманых ранаў, паскардзілася ў міліцыю. Там запісалі нейкіх выпадковых жанчын, у якіх я нібыта брала інтэрв’ю. Гэткім чынам і “згатавалі” пратакол на парушэнне”.
Адміністрацыйны пратакол у дачыненні да журналісткі-фрылансера складзены на падставе апытання, якое зрабіў намеснік начальніка аддзелу аховы грамадскага парадку Чыгуначнага РАУС, капітан міліцыі Варатніцкі без удзелу абаронцы — адваката юрыдычнай кансультацыі.
Марыя Булавінская патлумачыла, што відэасюжэт над назваю “Як беларускія жанчыны змагаюцца з Лукашэнкам”, паказаны на тэлеканале “Белсат” 8 сакавіка, яна не рыхтавала. Аднак у ім скарыстаны фрагменты інтэрв’ю з маці афіцэра-афганца Марыяй Быстранковай, знятага Булавінскай. Іншых персанажаў сюжэту, нібыта ідэнтыфікаваных міліцыяй, журналістка-фрылансер не ведае. Свае відэаматэрыялы Булавінская змяшчае на адмысловай старонцы ў YouTube. Доступ да іх адкрыты.
“Па Канстытуцыі я маю права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. І калі нейкія інфармацыйныя рэсурсы, “Белсат” у тым ліку, іх выкарыстоўваюць, я толькі радуюся. Гэта адзнака маёй працы”, — гаворыць журналістка Булавінская.