«Прасілі для ілюстрацыі інтэрв’ю фота з мужам або ў больш адкрытым адзенні». Ці ёсць месца для паэтак і пісьменніц у медыя
Рускамоўныя “Дзеці бума вышыванкі” — аўдыторыя беларускамоўных рэсурсаў у інтэрнэце.
Пра запатрабаванасць у чытачоў матэрыялаў на культурніцкую тэматыку агулам і пра літаратурны працэс у прыватнасці піша Алена Ляшкевіч.
Спачатку трэба вызначыцца, што такое “жаночая літаратура”. Даследчыца Элізабэт Грос піша пра тры яе тыпы — уласна жаночая літаратура, якую напісалі жанчыны, фемінісцкая літаратура, напісаная з мэтай перагляду гендарных стэрэатыпаў, і літаратура, напісаная ў стылі, які традыцыйна лічыцца жаночым. Творы другога і трэцяга тыпу могуць быць напісаны і мужчынам. Як бачым, паняцьце «жаночая літаратура» – вельмі неадназначнае, таму, каб акрэсліць нейкія межы, паглядзім, як беларускія СМІ адлюстроўваюць творчасць жанчын-аўтарак: пісьменніц, паэтак, перакладчыц.
Не заўсёды самі аўтаркі хочуць, каб іх жаноцкасць неяк падкрэслівалася, а творчасць выдзялялася з агульнага літаратурнага працэсу. Часам жанчына прадстаўляецца як “паэт” ці “пісьменнік”, нават калі піша па-беларуску (а ўжыванне фемінітываў вельмі характэрнае для беларускай мовы). Напрыклад, Наста Кудасава ў праграме “Толькі жанчыны” на “Радыё Свабода» казала:
“Мне ня тое, што ня вельмі прыемна, калі пра маю творчасьць кажуць як пра жаночую літаратуру. І тады ў мяне ўзьнікае пытаньне, а што літаратура апрыёры мужчынская? Быць паэтам для мяне не азначае быць паэтам мужчынам, а быць паэткай — гэта быць жанчынай. Гэта для мяне нешта агульнае і бясполае. І таму, калі мы вылучаем жаночую літаратуру, то я пытаюся, а што такое мужчынская літаратура? Тады пра яе трэба казаць як пра нешта асобнае”.
Да таго ж літаратурны кантэнт як такі не дужа запатрабаваны ў СМІ, незалежна ад таго, “мужчынская” гэта літаратура ці “жаночая”.
Падчас сёлетняга фестывалю “Горад і кнігі” прайшла дыскусія, прысвечаная гэтай тэме. Дзяніс Марціновіч, рэдактар рубрыкі “Кругагляд” на Tut.by (там, у тым ліку, выходзяць матэрыялы пра культуру) адзначыў, што культурніцкія (і, суадносна, пра літаратуру таксама) — адны з найменш чытаных навін на рэсурсе.
Калі яны не прывязаны да праяў масавай культуры або штодзённых актуальных падзей, то пераважна маюць каля 10 тысяч праглядаў. У маштабах Tut.b гэта — мізер, бо артыкулы на грамадска-палітычную тэматыку набіраюць па 100, 300 тысяч, асобныя тэксты нават больш за мільён. Да таго ж лічба ў плюс-мінус 10 тысяч застаецца стабільнай з 2016 года. Часам можна крыху “хайпануць” на назве і тады будзе “нават” 40 тысяч праглядаў. Столькі сабраў матэрыяла “Прывітанне з Буэнас-Айрэса. Польскі разведчык пра Бабруйск і ўцёкі з беларускай турмы”, прысвечаны раману Фларыяна Чарнышэвіча “Надбярэзінцы”.
Каментатары заўжды рэагуюць на матэрыялы, у загаловак якіх вынесена прозвішча Святланы Алексіевіч. Але, на жаль, большасць каментароў будзе абразлівай. Яшчэ чытачы Tut.b троху ведаюць Уладзіміра Арлова, Альгерда Бахарэвіча, Віктара Марціновіча, Андрэя Горвата, бадай і… усё.
Але агулам навіны пра ўсіх беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц малаклікабельныя.
Паўстае і пытанне мовы артыкулаў: Tut.b публікуе па-руску, бо беларускамоўныя матэрыялы чытаюцца ўдвая менш.
Прэс-сакратар Budzma.by Канстанцін Касяк на той жа дыскусіі распавёў, што іх чытачы — “дзеці бума вышыванкі”: ім па 20 — 30 год, яны хутчэй рускамоўныя, але чытаюць па-беларуску. Гэта аўдыторыя ўспрымае артыкулы пра літаратуру, але пераважна “хардкорны” матэрыял, дзе ёсць нейкія спрэчкі — ужо як бы і не зусім літаратурны кантэнт, хутчэй “каля літаратуры”.
“Кампанія “Будзьма беларусамі!” надае ўвагу і жаночай літаратуры і ўвогуле гендарным пытанням. Мы рэгулярна асвятлаем тэматычныя мерапрыемствы, якія ладзяцца нашымі партнёрамі, у прыватнасці Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Таксама звяртаем увагу нашых чытачоў на кнігі жанчын-літаратарак, якія выходзяць. Прычым не толькі нашых сучасніц, але і папярэдніц. У свой час на “Будзьме” выйшла некалькі рэцэнзіяў на анталогію беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду “Бліскавіцы”, якую ўклалі Аксана Данільчык і Віктар Жыбуль. Для нас на важныя тэмы, што закранаюць пытанні гендара, пішуць Ганна Янкута і Таня Сяцко. А колькі гадоў таму мы правялі невялікую кампанію “Будзьма беларускамі!” — распавёў Канстанцін Касяк.
На адной з дыскусій пра жаночую літаратуру пісьменніца Людміла Рублеўская сказала, што ў беларускім грамадстве дыскрымінавалася і дагэтуль дыскрымінуецца само пісьменьніцтва на беларускай мове, і таму яна сябе адчувае дыскрымінаванай па вялікім спектры, і жаночае там не займае вялікай часткі.
І ўсё ж, нягледзячы на разнастайнасць меркаванняў, жаночая літаратура ў Беларусі ёсць і спецыфічныя праблемы творцаў жаночага полу — таксама. Як трапна заўважыла пісьменніца Анка Упала (Алена Казлова) у інтэрв’ю “Радыё Свабода”,
“У культурным жыцьці вецер магутна дзьме аўтару ў сьпіну і аўтарцы ў твар”.
Аналізуючы пазіцыю “жаночай творчай адзінкі” ў сучаснай Беларусі для часопіса “Прайдзісвет”, Алена Казлова ўзгадала адсутнасць у фотарэпартажах СМІ партрэтаў жанчын, што выступалі на адкрыцці кнігарні “Галіяфы” ў 2015 годзе, і нават жанчын, што ўвайшлі ў шорт-ліст прэміі Гедройца на цырымоніі яе ўручэння за 2014 год. У лепшым выпадку жанчыны траплялі на агульныя фота.
“Гэта сістэмны ў Беларусі погляд на аўтарку, які ёсць працягам агульнага бачання ролі і месца жанчыны. Недаацэнка ў статусе актыўнай дзейнай фігуры ідзе даважкам да жаночага імені. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ён істотна ўплывае на ацэнку дасягненняў” — адзначае Алена.
На жаль, сітуацыя паўтарылася і сёлета. Ілюструючы навіну аб уручэнні прэміі «Дэбют», дзе перамогу ва ўсіх трох намінацях атрымалі жанчыны, рэдактары «Радыё Свабода» выставілі галоўным фота з іншымі намінантамі (усе яны былі мужчыны). Потым галоўную карцінку памянялі, але праглядзеўшы матэрыял цалкам, можна было зразумець: жанчыны былі не зусім у фокусе фатографа на той імпрэзе.
Як адзначае Алена Казлова, сітуацыя мяняецца са зменай сістэмы каардынатаў, у якой адбываецца ацэнка плёну працы пісьменніцы, на больш дэмакратычную. Кніга Святланы Алексіевіч “Час second hand”, намінаваная на прэмію “Кніга году” (2014), дзе пераможцу абірае пісьменніцкая супольнасць Беларусі, не ўвайшла нават у тройку ацэненых найвышэй. А праз год той жа твор сукупна з усім даробкам прынёс аўтарцы Нобелеўскую прэмію ў літаратуры.
Літаратуразнаўца Ганна Кісліцына не выдзяляе жанчын з агульналітаратурнага кола.
Але заўважае, што агулам жанчыны радзей выдаюць кнігі, а калі ўсё ж выдаюць, то часта гэта жанчыны без дзяцей. Вялікая праблема аўтарак — малая колькасць вольнага часу.
Часта гэта і пытанне мэтаскіраванасці. Ёсць і супрацьлеглая тэндэнцыя: у беларускай літаратуры, на думку Ганны Кісліцынай, адбываецца гендарны паварот. Ён выяўляецца перш за ўсё ў выбары тэм літаратурных твораў: “Раней аўтаркі “ратавалі свет”, а цяпер не баяцца пісаць пра побыт. Пра рэчы, якія лічыліся прадметамі «жаночага свету», кшталту, патэльні. І на гэтай патэльні, вакол яе, знаходзяць прыгажосць і паэтычнасць”.
На думку Ганны Кісліцынай, гендарны паварот адлюстроўвае і павелічэнне колькасці жанчын-перакладчыц, і тое, што жанчына — Таццяна Нядбай — кіруе ПЭН-цэнтрам, прадстаўляе яго ў медыях.
Пісьменніца Марыя Мартысевіч не адчувае, што плён яе працы (уласныя кнігі і перакладчыцкія праекты) мала прадстаўлены ў медыях. Яна лічыць, што пазіцыянаванне і прасоўванне ў СМІ — гэта вялікая праца, але яна дае вынік. Цяжка прапаноўваць літаратурны кантэнт медыям, але многія пляцоўкі ідуць насустрач. Апошнім часам матэрыялы СМІ спрыяюць пазнавальнасці літаратурных твораў. Марыя ў сваёй працы імкнецца высунуць на першы план кнігі, а аўтара ці перакладчыка пакінуць крыху ў цень. Ёй не падабаюцца спробы некаторых СМІ рабіць з літаратараў селебрыці: калі бяруць інтэрв’ю, яно выходзіць — і аўтарка ці аўтар разумее, што ўласна пра літаратуру там нічога не напісалі. Былі выпадкі, калі медыя публікавалі (фактычна кралі) здымкі пісьменнікаў з пастоў «толькі для сяброў» у сацыяльных сетках.
Бывала, што прасілі для ілюстрацыі інтэрв’ю фота з мужам ці ў больш адкрытым адзенні.
“Забыванне на жанчын” у медыях адбываецца несвядома: спачатку на іх забываюцца фотакарэспандэнты, потым рэдактары… На думку Марыі Мартысевіч, гэта пытанне прафесіяналізму супрацоўнікаў СМІ. Сітуацыю можна палепшыць шляхам перамоў. Тады адлюстраванне літаратурнага кантэнту ў медыях будзе цікавейшым, карысным і гендарна карэктным. Напрыканцы канцоў, выніковая мэта і ў пісьменнікаў, і ў журналістаў, агульная: і тыя, і тыя хочуць, каб напісанае імі больш чыталі.
Журналисты решают, кого общество увидит и услышит. Об этом стоит размышлять
Любоў Лунёва: “Жанчыны ў гарачых кропках працуюць больш стрымана за мужчын” (фота, відэа)
Хто самая ўдзячная аўдыторыя? Канешне жанчыны!
Исследование: В Беларуси 22 % журналисток сталкивались с сексуальными домогательствами
Женщины и мужчины в белорусских СМИ: кого не замечают журналисты?
Women in front! БАЖ далучаецца да кампаніі МФЖ з нагоды 8 сакавіка
Мужские издания Беларуси. Суслика видишь?..
Женские издания Беларуси. Неужели не о «выйти замуж»?!