• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Брэсце прапагандысты зладзілі беларуска-расійскую «школу журналістыкі»

    У рэдакцыі дзяржаўнай абласной газеты «Заря» ў Брэсце 14 чэрвеня арганізавалі мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў Расійскай школы журналістыкі і праўладнага Беларускага саюза журналістаў. На сустрэчу запрасілі амаль тры дзясяткі супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ, блогераў і ідэолагаў з усёй Брэсцкай вобласці, а таксама з Расіі.

    беларуска-расійская «школа журналістыкі»

    У рэдакцыі дзяржаўнай абласной газеты «Заря» прайшла беларуска-расійская «школа журналістыкі». Фота: https://t.me/belarus4brest

    Пра змест форуму можна меркаваць па заяўленай у праграме дыскусіі пад назвай «Гістарычная праўда і інфармацыйнае супрацьстаянне». Таксама прысутным распавялі пра асаблівасці прапагандысцкай працы ў беларуска-ўкраінска-польскім памежжы, а таксама як выкрываць і супрацьдзейнічаць  фэйкам.

    Паводле старшыні праўладнага Беларускага саюза журналістаў Андрэя  Крывашэева, створаныя на Захадзе сацыяльныя сеткі «абяцалі нам свабоду слова, плюралізм меркаванняў, але насамрэч зрабілі лічбавы канцлагер і цэнзуру». Ён абураўся, што гэта прывяло да блакіроўкі і выдалення акаўнтаў, «на якіх сотні тысяч беларускіх грамадзян атрымліваюць аб’ектыўна праўдзівую інфармацыю». Пры гэтым спробы беларускіх дзяржаўных прапагандыстаў абскардзіць падобныя рашэнні не даюць выніку.

    Зараз Андрэй Крывашэеў мяркуе, што неабходна шчыльна працаваць у распаўсюдзе кантэнту беларускіх дзяржаўных СМІ разам з іх калегамі з Расіі ды іншых «сяброўскіх» краін. Паводле кіраўніка БСЖ, гэта трэба рабіць, «каб даносіць недабразычліўцам нашу пазіцыю, а з другога боку — чуць не толькі голас іх прапаганды, але і голас разумнай грамадзянскай супольнасці».

    Аляксей Дзермант беларуска-расійская «школа журналістыкі»

    Падчас беларуска-расійскай «школы журналістыкі». Фота: https://t.me/belarus4brest

    Для ўдзельнікаў форуму падрыхтавалі майстар-класы ад «экспертаў» медыясферы. Адным з іх быў Аляксей Дзермант, якога прадставілі «палітычным аглядальнікам і філосафам». Ён пераконваў прысутных, што «ідэі каланіялізму, расізму і нацызму былі народжаныя Еўропай, і там гэты вірус жыве заўсёды».

    Паводле Дзерманта, «калі імунітэт аслаблены, гэты вірус разрастаецца і як ракавая пухліна захоплівае Еўропу», і гэта нібыта зараз праяўляецца ва Украіне.

    Разам з тым спікер не пагадзіўся з поглядамі расійскіх прапагандыстаў, што адмаўляюць украінскую ідэнтычнасць, у тым ліку ў пытаннях мовы.

    Аляксей Дзермант мяркуе, што для прадстаўнікоў СМІ ў брэсцкім рэгіёне вельмі важна «тонка разумець украінскую душу, а ў тых, хто знаходзіцца на варожым баку, нейтралізоўваць сэнс іх выказванняў».

    Сярод спікераў таксама была кіраўніца галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Гагакова.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці