Прапаганда раённага ўзроўню. Як на Берасцейшчыне «хэйцяць» Польшчу
Берасцейскім раённым камітэтам у канцы жніўня далі заданне: максімальна жорстка ганьбіць Польшчу – паведамляюць крыніцы «Белсату». Прапанаваная схема працы простая: усім раёнкам дасылаецца адзін матэрыял, і яны яго публікуюць. Каллегі з «Белсату» пагарталі берасцейскія медыі, паглядзелі, як яны справіліся з заданнем.
Пра тое, як цяжка і дрэнна жыць у Польшчы, беларускія раённыя газеты пісалі і раней, але цяпер тон публікацыяў зрабіўся нашмат больш агрэсіўным. Прапагандысты ганьбяць і міжнародную палітыку Польшчы, і яе адносіны з Беларуссю, і эканамічную сітуацыю ў краіне, часамі выкарыстоўваючы для гэтага перадвыбарчыя тэзісы польскай апазіцыі.
Сігнал з цэнтру
Першая пасля меркаванага распараджэння публікацыя пра польскія праблемы з’явілася ў абласным выданні «Брестский вестник» 15 верасня. Гэта артыкул за подпісам галоўнага рэдактара газеты Уладзіслава Грыбанава «Два кавалачкі каўбаскі, або нягоды Войска польскага ля межаў з Беларуссю».
Гаворка ў ім ідзе пра антысанітарыю і кепскае харчаванне ў лагеры польскіх вайскоўцаў, якіх перакінулі да мяжы з нашай краінай.
«Міністр абароны Мар’юш Блашчак з нейкага «пераляку» кінуў да мяжы з Беларуссю вялікую групоўку войскаў. Кантынгент, паводле ягонай жа заявы, склаў каля 6 тысяч чалавек. У даволі няўдалых тлумачэннях з нагоды таго, навошта там столькі ваякаў, праслізгвалі і «супрацьстаянне вагнэраўцам», і «барацьба з мігрантамі», і «верагоднасць агрэсіі». Увогуле, што ні версія – то трызненне сівога мерына Мар’юша», – піша галоўны рэдактар берасцейскага выдання.
«Ежа жудасная, практычна кожны салдат выдаткоўвае свае грошы кожны дзень. Зарабляю на пакупкі ў «Бедронцы», «мы не вячэралі з 1 верасня. Пакуль ямо кансервы, бо кухня не працуе», – цытуе аўтар паведамленні вайскоўцаў. Ён параўноўвае іх з бамжамі і валацугамі.
Грыбанаў бэсціць польскае камандаванне, якога не цікавяць патрэбы салдатаў, і папярэджвае: «хто да нашых межаў з мячом прыйдзе, ад недаядання і згіне».
Наступны артыкул гэтага ж аўтара, «Забористое настроение», з’явіўся 27 верасня. Пад «забористым настроением» маецца на ўвазе не бадзёры настрой, а настрой на будаванне «забора», то бок плоту на мяжы. Прычым не толькі на мяжы з Беларуссю – гаворка пра сапсаваныя адносіны амаль з усімі суседнімі краінамі.
«Як на мяне, дык радавацца трэба. Бо польскі ўрад ужо даўно ініцыяваў глабальны разрыў дачыненняў з усходняй суседкай. То бок гэта ўжо здарылася, адбылося, адбалела. Мы адпаведна пажурыліся, а потым і прывыклі да таго факту, што добрасуседскія стасункі з сённяшняй Польшчай проста немагчымыя», – піша галоўны рэдактар «Брестского вестника».
Прапагандыст апісвае жахлівае і антымаральнае жыццё ў Польшчы.
«Пакуль Польшча дэманструе ўсяму Еўразвязу няўжыўчывы характар і поўную непрадказальнасць. Мінабароны пышыцца дапамогай Амерыкі ў пераўзбраенні польскага войска, мясцовыя «лгбтэшнікі» маршыруюць па буйных гарадах, улады таўруюць ганьбай нядаўні фільм «Зялёная сцяна» [магчыма, Грыбанаў мае на ўвазе фільм «Zielona granica». – Заўв. аўтара], ксяндзы трапляюць у скандалы пасля перадазавання «Віягры», – распавядае Грыбанаў.
«Польшча латае дзіркі», так Уладзіслаў Грыбанаў назваў свой чарговы артыкул, які быў апублікаваны 9 кастрычніка. Артыкул працягвае тэму «гаротных» польскіх вайскоўцаў на мяжы з Беларуссю.
«Паводле падлікаў спецыялістаў, утрыманне амаль чатырох тысяч вайскоўцаў, якія нясуць службу на мяжы, штомесяц каштуе польскаму дзяржбюджэту больш чым 21 мільён злотых (каля 4,5 мільёна еўраў). Дадайце сюды выдаткі на ўзвядзенне часовых казармаў для жылля памерам 20 мільёнаў злотых. У суме атрымліваем блізу 8,8 мільёна еўраў на сумнеўную памежную авантуру», – разважае ён пра ўзмацненне аховы мяжы.
Не эфектыўным і дарагім Грыбанаў называе і плот, пастаўлены на мяжы з Беларуссю.
«Эфектыўнасць збудаванай урадам «капітальнай загароды» не перавышае 60 адсоткаў. Каэфіцыент карыснага дзеяння, вядома, вышэйшы, чым у паравоза, усё роўна неяк «не камільфо» атрымліваецца», – робіць ён выснову, спасылаючыся на публікацыі ў «Gazeta Wyborcza».
Рэдактарам газеты Берасцейскага гарвыканкаму Грыбанаў стаў на пачатку 2020 года, калі быў пераведзены на гэтую пасаду з Магілёўскай вобласці. Цікава, што ён змяніў на гэтай пасадзе былога працаўніка МУС. У 2016 годзе Грыбанаў скончыў Акадэмію кіравання. Ён папрацаваў на розных кіроўных пасадах: быў прэс-сакратаром Магілёўскага аблвыканкаму, рэдактарам раёнкі і нават два гады быў намеснікам старшыні Быхаўскага райвыканкаму.
Галасы з мест
«Таленавітыя» аўтары, артыкулы якіх можна выкарыстоўваць шматкроць, маюцца не толькі ў абласной газеце. Аб праблемах Польшчы і палякаў разважае амаль у кожнай сваёй аўтарскай калонцы галоўны рэдактар раённай газеты «Кобрынскі веснік» Раман Мельнік. Дарэчы, яшчэ ён старшыня кобрынскай суполкі партыі «Белая Русь» і дэпутатБерасцейскага абласнога савету дэпутатаў.
За верасень ён напісаў ажно 5 антыпольскіх артыкулаў і яшчэ адзін – у кастрычніку. Прычым у гэты час у яго наогул не было тэкстаў на іншыя тэмы – нібы чытачы з Кобрына вельмі занепакоеныя сітуацыях у суседняй з Беларуссю краіне.
Вось, напрыклад, у самым першым – «Змагары» жыруюць, палякі абураюцца» ад 18 верасня ён распавядае пра эканамічны складнік жыцця ў Польшчы.
«Да 2020 года на нас спрабавалі ўплываць казкамі аб райскім польскім жыцці, завабліваючы «картамі паляка», пры гэтым, як аказалася, трымаючы камень за пазухай. На справе «карта паляка» аказалася «воўчым білетам», а міфы пра дабрабыт разбіліся аб суровую рэальнасць і ганебную сцяну немалога кошту, – піша Раман Мельнік.
«У перыяд з 2021 да 2023 года сукупная інфляцыя ў Польшчы склала больш за 30 %, у той час як павелічэнне выдаткаў на бюджэтную сферу за гэты перыяд склала ўсяго 7,8 %. Не радуюць звесткі і пра беспрацоўе ў Польшчы. Так, станам на ліпень 2023 года афіцыйны ўзровень беспрацоўя ў Польшчы склаў 5 %. Але як улічваюцца тыя грамадзяне Польшчы, якія скарысталіся свабодным доступам да еўрапейскага рынку працы і выехалі на працу ў іншыя краіны? Тут усё проста – яны не стаюць на біржу ў Польшчы, а значыць і не ўдзельнічаюць у статыстыцы. А такіх – сотні тысяч», – распавядае ён.
Змагары, якія жыруюць, на думку Рамана Мельніка, гэта ў тым ліку і «Белсат».
«Яскравы таму (таму, што грошы з бюджэту ідуць не на патрэбы простых грамадзянаў. – Заўвага аўтара) прыклад – фінансаванне аднаго з тэлевізійных каналаў, якія вяшчаюць на беларускай мове. Яго агульны гадавы бюджэт – прыблізна 6 мільёнаў долараў. Тэлеканал існуе з 2007 года. Не складана падлічыць, колькі сродкаў недаатрымаў польскі бюджэт, фінансуючы нізкапробных прапагандыстаў, а таксама «змагароў» і здраднікаў накшталт Латушак, якія плённа выпампоўваюць бюджэтныя грошы, ствараючы пераходныя кабінеты і іншыя квазіарганізацыі. Хоць і не выключана, што марш прыніжаных і абражаных бюджэтнікаў наступны раз накіруецца ў бок новенькіх офісаў і асабнякоў беларускіх калабарантаў, якія не адзін год жыруюць за чужы кошт», – піша Раман Мельнік.
Літаральна праз пару дзён ён расказаў чытачам пра цяжкі лёс польскіх студэнтаў:
«Галодныя і збяднелыя польскія студэнты ператвараюцца ў самых сапраўдных бамжоў, якім, падобна, ужо няма чаго губляць. А такія настроі могуць прывесці да вялікай бяды».
Потым вынес на суд кобрынскага чытача некалькі перадвыбарчых тэзісаў польскай апазіцыі, якая крытыкуе дзейсную ўладу: «Дзе грошы, Маравецкі?», «Афёра з прысмакам дызеля, або колькі каштуе польскі выбаршчык?», «Калі справы чарнейшыя за вугаль».
Прайшоўся прапагандыст і па тэме ЛГБТ. Нагодай стаў Марш роўнасці, які прайшоў у Беластоку. «Дарэчы, былі там і «збеглыя» змагары з бчб-сімволікай, якія заўзята адстойваюць падобныя брыдоты», – распавёў Раман Мельнік.
Артыкулы па вертыкалі
Далей праграмныя артыкулы, набіраючы абароты, пайшлі «гуляць» па раёнках.
Калі тэкст пра «Забористое настроение» Уладзіслава Грыбанава перадрукавала толькі жабінкаўская «Сельская праўда», то пра яго «каўбаску» для польскіх жаўнераў даведаліся і чытачы маларыцкага «Голасу часу» і баранавіцкага «Нашага краю». У апошняй з’явіўся і артыкул «Польшча латае дзіркі». Апублікаваў яго і «Ляхавіцкі веснік».
Артыкул Рамана Мельніка пра змагароў, якія жыруюць за кошт абураных палякаў, перадрукавалі ці не ўсе раёнкі Берасцейшчыны. Ва ўсякім разе мы яго знайшлі ў баранавіцкай газете «Наш край», «Навінах Камянеччыны», жабінкаўскай «Сельскай праўдзе».
Тэкст гэтага аўтара пра галодных студэнтаў перадрукавала «Савецкае Палессе».Там жа скарысталіся артыкулам пра кошт польскага выбарніка. З’явіўся ён і «Ляхавіцкім весніку». ЛГБТ-тэматыка зацікавіла «Івацэвіцкі веснік», і ён перадрукаваў гэты артыкул.
Чамусьці нікога не зацікавілі грошы Маравецкага – перадруку гэтага тэксту нам знайсці не ўдалося.
Паўлюк Быкоўскі: Дзяржаве ўсё роўна не ўдалося атрымаць поўнай манаполіі на каналы камунікацыі
Ці эфектыўная дзяржаўная прапаганда? З такім пытаннем мы звярнуліся да Паўлюка Быкоўскага, старэйшага аналітыка «Media IQ».
«Наконт эфектыўнасці прапаганды можна разважаць з улікам такіх параметраў: Ці абрынуўся кіроўны рэжым? Калі не, то свой унёсак прапаганда ў гэта зрабіла. Ці падтрымліваюць беларусы найбольш важныя для кіроўнага рэжыму тэзы, напрыклад, адносна справядлівасці ўлады Лукашэнкі, абгрунтаванне пазіцыі аб вайне ва Украіне, аб паглыбленні адносінаў Беларусі з Расеяй? Тут ёсць розныя адказы, розная доля падтрымання. На гэтым баку большасці няма, але так ці інакш, лаялістаў не так ужо мала, – адзначае ў размове з «Белсатам» эксперт.
Колькасць беларусаў, якія глядзяць падкантрольнае рэжыму тэлебачанне, павялічваецца (як паводле звестак дзяржаўных, так і незалежных сацыёлагаў).
Можна смяяцца з прымітывізму дзяржаўных раёнак, але каля 44 % апытаных кажуць, што давяраюць таму, што там напісана. Безумоўна, у Менску такіх людзей амаль у тры разы менш, але не ўсе жывуць у сталіцы, за кальцавой таксама ёсць жыццё.
Іншае пытанне, што прапаганда асноўны акцэнт робіць на традыцыйныя медыі, а вось моладзь у значнай ступені аддае перавагу інтэрнэту, дзе важную ролю адыгрываюць альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі.
Праўда, людзі больш сталага веку часам асэнсавана шукаюць інфармацыю, каб падмацаваць сваю карціну свету або сачыць за падзеямі з розных бакоў, яны памятаюць медыябрэнды, а маладыя спажываюць грамадска-палітычны кантэнт менш матывавана і больш хаатычна, не звяртаючы вялікай увагі на тое, ці маюць вытворцы кантэнту нейкую рэпутацыю як медыябрэнды.
Такім чынам, нельга сказаць, што дзяржаўная прапагандысцкая машына зусім не эфектыўная, але яна не мае манаполіі на каналы камунікацыі і мусіць так або інакш канкураваць з незалежнымі медыямі, якія даюць альтэрнатыўную інфармацыю і магчымасць выказвацца іншадумцам, падводзіць рысу Паўлюк Быкоўскі.