Пракуратуру папрасілі разабрацца, чаму міліцыя напісала пра «прадстаўніка этнічнай дыяспары цыганаў»
Праваабаронца Аляксандр Буракоў зьвярнуўся да пракурора Магілёўскай вобласьці з просьбай праверыць адну з публікацыяў на сайце Магілёўскага УУС на факт распальваньня міжнацыянальнай варожасьці, перадае магілёўскае аддзяленьне праваабарончага цэнтру «Вясна».
У адной з публікацыяў афіцыйнага прадстаўніка магілёўскай міліцыі Дзьмітрыя Ігнатовіча, паведамлялася, што Бабруйскі наркакантроль затрымаў «прадстаўніка этнічнай дыяспары цыганаў» — такая фармулёўка выкарыстоўвалася чатыры разы.
На думку Буракова, гэта можна расцэньваць як спробу распальваньня міжнацыянальнай варожасьці. Ён мяркуе, што такі выпадак шкодзіць іміджу міліцыі, бо такім чынам «адбываецца фармаваньне нэгатыўнага вобразу этнічнай групы, што вядзе да яе маргіналізацыі»:
«На сайце Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь у разьдзеле „Прававая інфармацыя для масмэдыя“ апублікаваныя рэкамэндацыі для СМІ. Згодна з пунктам 8 рэкамэндацыяў, „каб пазьбегнуць распальваньня нацыянальнай нянавісьці ці варожасьці, ня варта фіксаваць увагу чытачоў і гледачоў на нацыянальнай прыналежнасьці асобаў, якія ўчынілі злачынства“. Пры гэтым у тэксьце Дзьмітрыя Ігнатовіча ўвага на нацыянальнай прыналежнасьці затрыманага зафіксавана цэлых чатыры разы.
Мне здаецца, што гэта сьвядомая адмова прадстаўніка УУС Магаблвыканкаму ад прытрымліваньня рэкамэндацый Сьледчага камітэту РБ. Гэта я пазначыў і ў скарзе».