Пракуратура Магілёва адхіліла скаргу журналісткі
Выканаўца абавязкаў пракурора Магілёва Я. Фурманаў даслаў адказ незалежнай журналістцы Аліне Скрабуновай на яе скаргу адносна дзеянняў службовых асобаў Ленінскага РАУС Магілёва і УУС Магілёўскай вобласці.
Сп. Фурманаў палічыў, што, згодна з ч. 1 арт. 7.3 ПВКаАП, скаргу на дзеянні службовай асобы органа, вядучага адміністрацыйны працэс, можна падаць на працягу тэрміну вядзення адміністрацыйнага працэсу і да вынясення пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні.
У адпаведнасці з артыкулам 7.4 ПВКаАП, рашэнне па скарзе Аліны Скрабуновай з’яўляецца канчатковым і абскарджанню не падлягае.
27 ліпеня суддзя Ленінскага раёна Магілёва Алена Волкава спыніла вытворчасць па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да Аліны Скрабуновай у сувязі са сканчэннем тэрміну прыцягнення яе да адміністрацыйнай адказнасці. Журналістку спрабавалі абвінаваціць у парушэнні часткі 2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).
У скарзе пракурору г. Магілёва Аліна Скрабунова распавядала пра шматлікія парушэнні беларускага заканадаўства, дапушчаныя, на яе погляд, пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу старшым інспектарам ААПП Ленінскага РАУС Магілёва маёрам А. Сініцкім.
Таксама журналістка звярталася да пракурора з просьбай абавязаць падпалкоўніка Д. Паркава здаць пісьмовы залік па рускай мове ў сувязі з непісьменна складзеным рапартам.
Па меркаванні магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля, адказ пракуратуры на скаргу журналісткі выявіў прававыя калізіі ў ПВКаАП РБ.
Напрыклад, з ч. 1 арт. 7.3 і артыкула 7.4 ПВКаАП вынікае, што, калі ў часе расследавання адміністрацыйнай справы супрацоўнікі органаў дапусцілі парушэнні, але справу спынілі, то іх дзеянні застануцца беспакаранымі.