Прадстаўнікі СМІ далучыліся да Стратэгіі незалежнага медыясектару Беларусі ФОТА, ДАКУМЕНТ
У офісе БАЖ адбылося падпісанне Дэкларацыі аб прыняцці Стратэгіі незалежнага медыясектару Беларусі на 2019–2024 гг.
Агулам пад дакументам свае подпісы пакінулі больш за 30 асобаў. Кожны, хто падзяляе ідэі і каштоўнасці, агучаныя ў Стратэгіі, можа далучыцца да ліку падпісантаў.
Прадстаўнікі СМІ, экспертная група амаль два гады працавалі над тэкстам Стратэгіі незалежнага медыясектару Беларусі.
— За гэты час змяніліся многія ўмовы, што ўплываюць на медыя, а таксама адбыліся падзеі, якія пацягнулі сур’ёзныя змены ў планах рэдакцый, — распачала сустрэчу сябра Праўлення ГА “БАЖ”, медыяэксперт Ірына Віданава.
— Праца над стратэгіяй пачалася 2 лютага 2017 года. На першай сустрэчы прысутнічалі больш за 20 прадстаўнікоў медыясектару Беларусі. З таго часу адбылося пяць вялікіх сустрэч, падчас якіх прадстаўнікі розных выданняў абмяркоўвалі змест і дакладныя фармулёўкі стратэгіі. Сярод актыўных удзельнікаў падрыхтоўкі Стратэгіі Марыя Садоўская-Комлач, Уладзімір Дзюба, Сяргей Ваганаў, Таццяна Мельнічук, Андрэй Бастунец, Паўлюк Быкоўскі, Вітаўт Руднік, Ірына Нігрээева з Украіны, — паведаміла намесніца старшыні ГА “БАЖ” Аліна Суравец.
Яна зазначыла, што лагічнымі ёсць наступныя крокі пасля падпісання стратэгіі: стварэнне каардынацыйнай групы, працоўных груп па накірунках, інфармаванне супольнасці, маніторынг вынікаў рэалізацыі. Таксама выказваліся ідэі, каб штогод падводзіць вынікі рэалізацыі Стратэгіі і абмяркоўваць далейшую працу.
— Беларуская асацыяцыя журналістаў прымала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы стратэгіі, але гэта не БАЖаўская стратэгія, а стратэгія вялікай колькасці гульцоў медыярынку. БАЖ не з’яўляецца гаспадаром гэтага дакумента, гэта — дакумент супольнасці. І гэта важны дакумент, бо ў Стратэгіі прапісаныя нашы каштоўнасці. І гэта, хай і невялікі, але ўсё ж крок да аб’яднання супольнасці, — падкрэсліла Аліна Суравец.
— Галоўнае пытанне — што такое незалежны медыясектар? Незалежны медыясектар Беларусі з’яўляецца неаднастайным, складаецца з недзяржаўных СМІ з розным кантэнтам — грамадска-палітычным, забаўляльным, інфармацыйным, у тым ліку гэта і нішавыя выданні, а таксама замежныя СМІ, якія працуюць на беларускую аўдыторыю, франшызы, зарэгістраваныя ў Беларусі. Да незалежнага медыясектару таксама адносяцца няўрадавыя некамерцыйныя арганізацыі (сяброўскія аб’яднанні журналістаў, уласнікаў і кіраўнікоў СМІ), а таксама незалежныя кансультанты і медыяэксперты, сэрвісныя няўрадавыя арганізацыі, рэкламныя агенцтвы і іншыя сатэліты незалежнага медыярынку, — патлумачыў медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, на каго найперш скіраваны дакумент.
Варта падкрэсліць, што незалежныя медыя, асобы, якія працуюць у гэтай сферы, дапамагаюць людзям свядома спажываць інфармацыю, рабіць свой выбар на аснове поўнай і праўдзівай інфармацыі, ствараюць устойлівы асяродак для абмену меркаваннямі, станаўлення фундаментальных грамадзянскіх правоў і свабод чалавека.
“Вызначэнне незалежнага медыясектару ў пэўнай ступені працуе фільтрам. Яно не дае магчымасці далучыць да нашай супольнасці тых, хто не падзяляе агульныя каштоўнасці, — тлумачыць Быкоўскі.
АСНОЎНЫЯ ВЫКЛІКІ, на працу з якімі накіраваная Стратэгія:
- Палітычны ціск, абмежаванне свабоды слова і дзейнасці незалежных СМІ.
- Недахоп фінансавання, зніжэнне даступных грошай на рынку для незалежных СМІ ва ўмовах дамінавання расійскіх медыя на беларускім рынку.
- Кадравыя праблемы незалежных СМІ: уцечка кадраў, нізкія заробкі, недахоп маркетолагаў, адмыслоўцаў па продажы і прасоўванні медыяпрадукцыі, інш.
- Змены форм медыяспажывання — пераход аўдыторыі ў Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі і месэнджары, спажыванне кантэнту праз мабільныя прылады, рост праглядаў відэа і live-трансляцый.
- Недастатковае супрацоўніцтва ў сектары — слабая кааперацыя, негатыўны ўплыў канкурэнцыі за абмежаваныя рэсурсы (фінансавыя, чалавечыя і іншыя).
- Недахоп фінансавання, скарачэнне аб’ёмаў даступных сродкаў на рынку незалежных СМІ ва ўмовах дамінавання расійскіх медыя на беларускім рынку, тэхналагічных платформ (Google, Youtube, Facebook, Yandex) на сусветным рынку медыя.
- Парушэнне аўтарскіх правоў гульцамі медыясектару — неправамернае выкарыстанне чужога кантэнту, недастатковае самарэгуляванне ў вобласці аўтарскага права.
Сфармаваныя асноўныя прыярытэты Стратэгіі, адштурхоўваючыся ад выклікаў:
- Пераадоленне прававых і палітычных абмежаванняў свабоды слова;
- Умацаванне фінансавай устойлівасці незалежнага медыясектару Беларусі;
- Умацаванне кадравага патэнцыялу СМІ і падвышэнне кваліфікацыі журналістаў;
- Адаптацыя незалежных СМІ да змен у медыяспажыванні;
- Развіццё самарэгулявання ў сферы аўтарскага права.
І, адпаведна, задачы:
- Арганізацыя маніторынгу і апублікаванне фактаў парушэння свабоды слова ў Беларусі;
- Садзейнічанне рэалізацыі і абароне правоў і інтарэсаў прадстаўнікоў незалежнага медыясектару і свабоды выказвання меркавання;
- Прасоўванне змен заканадаўства ў сферы свабоды выказвання меркавання і масавых камунікацый з мэтай яго лібералізацыі;
- Забеспячэнне бесперапыннай прававой адукацыі журналістаў і рэдактараў, іншых прадстаўнікоў незалежнага медыясектару;
- Умацаванне патэнцыялу медыяюрыстаў;
- Прасоўванне каштоўнасці свабоды слова ў грамадстве;
- Абарона інтарэсаў журналістаў-фрылансераў;
- Падвышэнне кампетэнтнасці менеджараў беларускіх медыя ў сферы кіравання кантэнтам, персаналам, фінансамі, стратэгічнага планавання;
- Замацаваць фінансавую ўстойлівасць беларускіх медыя праз укараненне (у тым ліку сумеснае) інавацыйных падыходаў па развіцці медыябізнесу;
- Паляпшэнне кааперацыі паміж ключавымі гульцамі беларускага незалежнага медыясектару;
- Удасканаленне сістэмы падрыхтоўкі журналістаў і росту прафесійнага майстэрства;
- Абарона працоўных і сацыяльных правоў працаўнікоў медыясферы і спрыянне вырашэнню канфліктаў;
- Даследаванне новых тэндэнцый у медыяспажыванні і інфармаванне прадстаўнікоў сектару пра магчымы іх уплыў;
- Умацаванне даверу да незалежных беларускіх медыя ў новых умовах медыяспажывання;
- Развіццё мультыплатформеннасці;
- Стварэнне механізмаў для ўрэгулявання канфліктных сітуацый у сферы аўтарскага права;
- Асвета і кансультаванне па пытаннях аўтарскага права і падтрымка самарэгулявання ў гэтай сферы.
— Распрацоўка дакумента — гэта супраца розных гульцоў, сярод якіх прадстаўнікі і буйных, і малых выданняў, асацыяцыі і фізічныя асобы. Мы зрабілі крок да асэнсавання сітуацыі і маем магчымасць абапірацца на гэты дакумент, — мяркуе Паўлюк Быкоўскі.
— Стратэгія стваралася найперш для ўнутранага беларускага карыстання, але на міжнароднай арэне дакумент таксама можа стаць выдатным падмуркам для разумення сітуацыі ў беларускім медыясектары, — сказала Ірына Віданава.
— Стратэгія можа змяняцца ў залежнасці ад зменаў часу і ўмоваў. Думаю, выдатная ідэя кожны год праводзіць каардынацыйную сустрэчу і пераглядаць некаторыя моманты Стратэгіі, каб ісці ў нагу з часам, — дадаў Андрэй Бастунец.
— Я хачу павіншаваць усіх з тым, што супольнасць прыйшла да агульнай стратэгіі і агульнага бачання сітуацыі. Гэта маленькая спроба прасунуцца наперад у развіцці медыясектару, — дадала экс-старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літвіна.
Першым падпісаў Дэкларацыю аб прыняцці Стратэгіі незалежнага медыясектару Беларусі Паўлюк Быкоўскі. Агулам свае подпісы пад дакументам пакінулі больш за 30 асобаў: рэдактары і журналісты недзяржаўных медыя краіны.
Азнаёміцца са Стратэгіяй і падпісаць Дэкларацыю аб прыняцці Стратэгіі незалежнага медыясектару Беларусі на 2019–2024 гг. можна ў офісе ГА «БАЖ».