Прадстаўнікі дэмсіл збіраюцца правесці каля адміністрацыі прэзідэнта Беларусі акцыю ў падтрымку «Белсата»
У офісе РЭП прайшоў круглы стол, на якім палітыкі, журналісты і грамадзкія дзеячы раіліся, што можна зрабіць, каб тэлеканал «Белсат» захаваўся ў сваім цяперашнім выглядзе.
Удзел узялі Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч, Алег Корбан, Алена Макоўская, Ніна Шыдлоўская, Таісія Кабанчук, Міхась Янчук, Аляксей Мінчонак.
Прадстаўнік тэлеканалу «Белсат» Аляксей Мінчонак адзначыў: праз тое, што ўсе рашэньні, якія цяпер агучваюцца наконт «Белсату», не афіцыйныя і не канчатковыя, ствараецца сытуацыя няпэўнасьці:
«Спадзяюся, што ў нас атрымаецца схіліць сытуацыю на наш бок і захаваць „Белсат“ у тым выглядзе, у якім ён ёсьць цяпер. Мы адчуваем моцную салідарнасьць грамадзянскай супольнасьці і ад калег. Я заклікаю палітычныя сілы далучыцца да пэтыцыі, якую склаў рух „За свабоду“, а таксама будзем удзячныя за пэрсанальныя лісты прадстаўнікам улады ў Польшчы. Гэта вельмі важна, каб людзі, якія прымаюць рашэньне, бачылі зацікаўленасьць у „Белсаце“. Яго насамрэч глядзяць, і гэта ня трэба тлумачыць. Асабліва ён важны для малых гарадоў, дзе няма хуткаснага інтэрнэт-злучэньня. Нашых карэспандэнтаў пазнаюць на вуліцах, на рынках. І гэта паказьнік нашай працы. Ужо той факт, што намі таргуюцца, сьведчыць пра тое, што мы маем важны ўплыў».
Сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі сказаў, што пагроза закрыцьця «Белсату» — гэта паказьнік тэндэнцыі, у межах якой мяняецца падыход да дэмакратыі.
«Вялікая частка палітыкаў вяртаецца да пазыцыі „наш сукін сын“ — гэта значыць наладжваньне кантактаў з дыктатарамі ў абмен на захаваньне міру. Тое, што адбываецца зь „Белсатам“, — гэта не выключэньне, а сьведчаньне гэтай тэндэнцыі. Цяпер важна выкарыстаць гэты момант і бараніць ня толькі „Белсат“, але і казаць пра заганнасьць гэтай пазыцыі. Патрэбны шырокі кансэнсус для абароны дэмакратыі ў нашай краіне. Варта рабіць міжсэктаральную кааліцыю за дэмакратыю ў Беларусі, у якой палітыкі будуць патрабаваць свабодных выбараў, а СМІ — свабоду слова».
Юрась Губарэвіч нагадаў, што польскія палітыкі, хоць і сустракаюцца з афіцыйнымі прадстаўнікамі, усё роўна працягваюць кантактаваць зь дэмакратычнымі палітыкамі і гавораць пра падтрымку. Але атрымліваецца, што словы разыходзяцца са справамі.
«„Белсат“ — адзіны тэлеканал, які даваў слова ўсім. Я перакананы ў запатрабаванасьці гэтага каналу, дзякуючы яму палітыкі таксама становяцца пазнавальнымі. Мы не разумеем, чаму ў Польшчы зьмянілася стаўленьне да Беларусі, у той час як у самой Беларусі нічога не зьмянілася, дэмакратыі не пабольшала».
Прысутныя вырашылі праводзіць збор подпісаў у падтрымку «Белсату» ў электронным і папяровым выглядзе. Адрасаты гэтых лістоў — польскія палітыкі, адказныя за рашэньне пра канал.
Кіраўніцы «Бацькаўшчыны» Ніна Шыдлоўская і Алена Макоўская паведамілі, што іхная арганізацыя рассылае лісты па дыяспарах з заклікам выказвацца ў падтрымку «Белсату». Таксама рыхтуецца зварот Рады БНР.
Былы супрацоўнік «Белсату» Міхась Янчук нагадаў, што вынікам закрыцьця каналу стане звальненьне 200 выдатных журналістаў, якія, верагодна, пакінуць прафэсію.
«„Белсат“ — гэта больш за 200 беларускіх журналістаў, якія ў вельмі цяжкіх умовах, без акрэдытацыі працуюць. Яны застаюцца абсалютна сацыяльна не абароненымі, яны сыдуць з прафэсіі, бо будуць шукаць заробак у іншых сфэрах».
У выніку круглага стала было вырашана 20 сьнежня а 12.00 выйсьці на пікет перад Адміністрацыяй прэзыдэнта зь лёзунгам: «Выключыць НТВ, уключыць „Белсат“».
«Мы разумеем, што прычына рашэньня закрыць „Белсат“ — гэта сёньняшні рэжым у Беларусі. Таму заўтра мы ладзім вулічную акцыю зь лёзунгам „Выключыць НТВ, уключыць „Белсат““. Таксма мы падпісваем звароты да тых людзей, якія могуць зьмяніць рашэньне пра „Белсат“ у наш бок. Таксама мы рыхтуем зварот да Беларускага саюзу палякаў, каб ён выступіў у абарону тэлеканалу. Працягваем інтэрнэт-акцыю #белсатжыві, у межах якога людзі пішуць, чаму „Белсат“ для іх важны».