• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прадстаўнік Нямецкага саюза журналістаў: Не называйце нас прапагандыстамі, не вініце пасярэдніка

    На гэтым тыдні ў Мінску адбудзецца міжнародная канферэнцыя “Перспектывы і выклікі фрыланс-журналістыцы ў Еўропе. Адмысловы фокус на Беларусі”.

    Прэс-служба задала некалькі пытанняў аднаму з удзельнікаў канферэнцыі — прадстаўніку Нямецкага саюза журналістаў Майклу ХІРШЛЕРУ, які акурат адказвае за супрацоўніцтва з фрылансерамі.

    http://baj.media/wp-content/uploads/2017/11/foto_michael_hirschler_copyright_wolfgang_bickelmann_0.jpg

    — Ці тэхналогіі, новыя медыя павялічылі ў Нямеччыне колькасць журналістаў, якія працуюць як фрылансеры?  У чым яны саступаюць штатным журналістам ці наадварот іх пераўзыходзяць?

    — На пачатку адкрыцця «залатой жылы» інтэрнэту і новых медыя ў Германіі, гэта пракладна 1998 год, колькасць прафесійных журналістаў толькі павялічвалася, таму што бізнес ахвотна інвеставаў у гэтую сферу. Але з канцом інтэрнэт-буму ў 2002 – 2003 гадах, а таксама надыходам эканамічнага крызісу 2008 года колькасць журналістаў пачала змяншацца. Напрыклад, рэдакцыі спрабуюць скараціць выдаткі на фота і замест таго, каб наняць прафесійнага фатографа, звяртаюцца да пажарных альбо паліцыі па бясплатныя фотаздымкі.

    Google і Face­book займаюць усё большую долю рэкламнага рынку, многія медыяарганізацыі зарабляюць усё меней грошай і вымушаныя звальняць журналістаў.

    Журналіст-фрылансер мае свабоду выбару тэмы,  часу і месца працы, і гэта самая вялікая перавага. З іншага боку, ёсць рызыка проста не знайсці сабе працы, альбо атрымліваць толькі заданні з невысокай аплатай, і адпаведна, мірыцца з невысокім узроўнем даходаў, недастатковымі сацыяльнымі гарантыямі і адсутнасцю зберажэнняў. А таксама пастаянна знаходзіцца ў пошуку працы. Гэта можа нерваваць і ствараць вялікі ўзровень стрэсу.

    —  Ці часта журналісты ў Германіі спрабуюць заснаваць свой інфармацыйны рэсурс, распачаць свой праект? Можаце апісаць некалькі паспяховых новых праектаў у журналістыцы, якія стартавалі  цягам апошніх 2–3 год?

    — Большасць журналістаў (і большасць фрылансераў) імкнуцца працаваць на ўжо існуючыя выданні, а не засноўваць свой уласны рэсурс. Колькасць журналістаў-«дробных прадпрымальнікаў» складае менш за 5 адсоткаў ад усіх фрылансераў, можа быць, нават менш, чым 3 адсоткі. Чаму? Таму што арганізацыя і прасоўванне свайго бізнесу — гэта вялікі кавалак працы.

    Многія людзі выбіраюць гэтую прафесію, бо яны хочуць назіраць і каментаваць, мець вялікую колькасць вольнага часу, каб «займацца журналістыкай», а не бізнесам.

    Назваць паспяховыя праекты, што з’явіліся ў апошнія 2–3 гады, нялёгка, бо менавіта столькі часу трэба, каб стварыць свой праект і вывесці яго на рынак.

    Сярод нядаўніх паспяховых праектаў (не ведаю дакладна, як доўга яны ўжо на рынку) — transfermarkt.de. У праекце занята больш за 28 чалавек, яны пішуць пра «рынак футболістаў». Альбо такія футбольныя сайты, як Sport­tube ці Sporttotal.tv. Да доўгатэрміновых фрылансерскіх праектаў належыць сайт versicherungsjournal.de, які існуе больш за 10 гадоў і піша пра страхаванне. Сайт osthessennewsjournal.de — яшчэ адзін праект, распачаты фрылансерам. Цяпер гэта рэгіянальная інтэрнэт-газета мае каля 30 супрацоўнікаў і фінансуецца за кошт рэкламы, але гэтаму праекту таксама больш за 10 гадоў.

    — Якія зрухі, павароты, трансфармацыі адбыліся ў прафесіі журналіста, якіх вы не чакалі яшчэ год пяць таму?

    — Ці чакаў я, што Google, Face­book ды іншыя сацыяльныя сеткі фактычна праглынуць Інтэрнэт і рэкламны рынак? Калі шчыра, то не.

    Вядома, пяць гадоў таму я ведаў, што яны — важны гулец на рынку, але я не чакаў, што яны раздзеляць паміж сабой больш за 90 адсоткаў рэкламнага рынку, а гэты момант важны для фінансавання інтэрнэт-сайтаў. Гэта знішчае сумленных выдаўцоў, якім патрэбны даход ад рэкламы. І гэта знішчае свабодныя СМІ, бо «вялікая пяцёрка» (альбо шасцёрка ці сямёрка) сапраўды маніпулюе грамадскай думкай, маючы розныя сродкі цэнзуравання кантэнту на сваіх пляцоўках.

    — Як у Германіі журналісты з рэдакцый канкуруюць з “народнай журналістыкай” (блогерамі, сацсеткамі і г. д.)? То бок як выглядае расстаноўка сілаў на інфармацыйным полі?

    — Канкурэнцыю выйграюць найлепшыя: хутчэйшыя, больш надзейныя, дакладныя, і з большай колькасцю сувязяў у пэўнай сферы (напрыклад, палітыцы ці спорце). Таксама трэба ведаць розныя інструменты і быць гатовым займацца піярам (што добра аплачваецца, значна лепш, чым журналістыка). Некаторыя журналісты здаюцца і сыходзяць з прафесіі. Напрыклад, многія традыцыйныя фатографы не могуць канкураваць з фатографамі «з народу», а таксама паліцыяй ці пажарнай брыгадай, якія згаджаюцца бясплатна даслаць фотаздымкі з месца здарэння па электроннай пошце. Лепш стаць не традыцыйным фотакарэспандэнтам, а пачаць публікаваць свае здымкі ў Insta­gram, у надзеі заваяваць павагу і папулярнасць у гэтай сетцы…

    — Вы былі ў Беларусі раней? Што вы ведаеце пра краіну, якія вашыя чаканні?

    — Што я ведаю? Я ведаю, што гэта краіна, якая знаходзіцца паміж Польшчай і Расіяй, і там жывуць цудоўныя людзі. Часам я гляджу тэлеканал Belarus24, які транслюецца на спадарожніку Hot­bird 13.0 з 2014 года, а я вельмі люблю спадарожнікавае тэлебачанне. Belarus24 паказвае шмат цікавых сюжэтаў і дае некаторае ўяўленне пра краіну. Беларусы любяць жыццё, добра паесці, яны ствараюць цудоўныя камп’ютарныя гульні і, перш за ўсё, вельмі працавітыя. Ім падабаецца і Захад, і Усход, і яны таленавіта падтрымліваюць стасункі і з тымі, і з іншымі, што, відавочна, не проста.

    Вядома, мне было б цікава даведацца больш пра праблемы і выклікі, што стаяць перад журналістамі ў Беларусі. Таксама я хацеў бы наведаць кнігарні, бо трохі ведаю рускую мову (на жаль, не беларускую), і чуў, што ў Мінску ёсць цікавыя кнігарні, і прынамсі адна з іх нават адчыненая да 10 вечара.

    — Як вы ставіцеся да таго, што многія тэксты пра Беларусь у заходніх медыя пачынаюцца са слоў “Апошняя дыктатура Еўропы, апошні дыктатар Лукашэнка”. Чаму журналісты не спяшаюцца адыходзіць ад гэтых штампаваных вобразаў?

    — Здаецца, гэтыя словы належаць тагачаснаму міністру замежных спраў Германіі Гіда Вестэрвеле, выказванне якога патрапіла на першыя старонкі газет і было падхоплена прэсай. Думаю, што большасць немцаў мяркуюць, што гэта праўда, і большасць нямецкіх журналістаў таксама прытрымліваюцца гэтага меркавання. З пункту гледзішча сацыялогіі, відаць, амаль непазбежна, што і я буду прытрымлівацца гэтага меркавання, бо працую ў Саюзе нямецкіх журналістаў. Але я адкрыты да новых ведаў пра Беларусь, можа быць, я змагу пазнаёміцца з чальцамі або прыхільнікамі кіруючай партыі. Мне заўсёды падабаецца гаварыць з прадстаўнікамі кіруючых партый, бо як правіла, яны гавораць вельмі ўпэўнена і аптымістычна, а мне падабаецца аптымізм. Гэта заўжды добры пачатак для размовы.

    — У Беларусі ёсць вялікая праблема з легалізацыяй журналістаў-фрылансераў, улады іх пераследуюць. Якім чынам, на вашу думку, можна вырашыць гэтае пытанне?

    — Вельмі проста: спыніць практыку штрафавання журналістаў за выкананне прафесійных абавязкаў.

    Калі вам не падабаецца падача замежных СМІ, дайце болей грошай на свае нацыянальныя медыя, зрабіце больш беларускіх спадарожнікавых каналаў (я дакладна быў бы ўдзячны за гэта). Немцы кажуць: «Imp­fung ist die beste Medi­zin» («Прышчэпка — найлепшае лекаванне»).

    Калі вы хочаце, каб краіна была моцнай, яе трэба адкрыць для любых СМІ і меркаванняў, замежных ці ўнутраных. Укладайце больш ва ўласную журналістыку, СМІ і  змагайцеся за свабоду слова.

    Сумна бачыць, як ва ўсім свеце палітыкі кажуць, што трэба забараніць каналы Rus­sia Today ці «Россия 24», альбо што вы не павінны глядзець Press TV (Іран), Аль-Джазіру ці CNN, або што тэлебачанне, радыё ці сайт Deutsche Welle — гэта непрымальна.

    Па ўсім свеце штодня журналісты з розных краін і ідэалогій працуюць, каб данесці людзям тое, што яны хочуць сказаць. Не называйце іх «прапагандыстамі», не вініце пасярэдніка. Сачыце за навінамі, глядзіце навіны з любой крыніцы, паспрабуйце сфармаваць сваё ўласнае меркаванне.

    Беларусы дасягнулі вялікіх поспехаў у ІТ, таму што не баяцца ўдзельнічаць у сусветнай канкурэнцыі. Тое ж самае трэба рабіць і ў журналістыцы.

    Не бойцеся ніякай журналістыкі, канкуруйце з ёй, і, магчыма, хутка вашыя тэлешоў (і журналістыка) стануць аднымі з найлепшых.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці