• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ занепакоены ўнясеннем змяненняў у беларускае заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі

    Прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ Арлем Дэзір занепакоены ўнясеннем змяненняў у беларускае заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі. Заяву Дэзіра распаўсюдзіла 18 чэрвеня прэс-служба АБСЕ.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/350256q.jpg

    «Прыняцце гэтых паправак пасылае трывожны сігнал аб свабодзе СМІ і плюралізме», — падкрэсліў Дэзір.

    «Я заклікаю беларускія ўлады старанна перагледзець закон і прывесці яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі і абавязацельствамі АБСЕ ў дачыненні да свабоды выказвання меркаванняў і свабоды сродкаў масавай інфармацыі», — дадаў ён.

    У прыватнасці, у АБСЕ асудзілі пункты законапраекта, якія тычацца абмежаванняў на заснаванне СМІ замежнікамі. Акрамя таго, папраўкі да закона даюць Міністэрству інфармацыі строгі кантроль над усімі анлайн-рэсурсамі, падкрэсліваецца ў заяве. «Ні адно міністэрства не павінна валодаць выключнай уладай для блакавання доступу да любога анлайн-рэсурсу без рашэння суда. Выдаленне кантэнту павінна патрабаваць судовага нагляду», — адзначыў Дэзір.

    Паводле яго слоў, уладальнікі вэб-рэсурсаў будуць абавязаныя «аналізаваць» увесь кантэнт, «паколькі закон патрабуе, каб яны неслі адказнасць за прадухіленне распаўсюджвання непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам ці знеслаўляць людзей або юрыдычных асоб». «Яны таксама нясуць адказнасць, калі іх рэсурсы выкарыстоўваюцца для распаўсюджвання інфармацыі або каментароў карыстальнікамі інтэрнэту, якія не прайшлі папярэднюю ідэнтыфікацыю, як гэта вызначана дзяржавай», — падкрэсліў прадстаўнік АБСЕ.

    «Многія з палажэнняў з’яўляюцца празмернымі і непрапарцыйнымі і могуць прывесці да абмежавання свабоды выказвання меркаванняў, у тым ліку да таго, што грамадзяне застаюцца ананімнымі ў інтэрнэце», — сказаў Дэзір. Прадстаўнік АБСЕ таксама адзначыў, што закон працягвае забараняць замежным журналістам працаваць без акрэдытацыі ў МЗС, нягледзячы на заклікі ўпраўлення прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ спыніць гэту практыку.

    Як паведамлялася, Палата прадстаўнiкоў 14 чэрвеня прыняла ў другім чытанні папраўкі ў закон аб сродках масавай інфармацыі. У параўнанні з прынятай у першым чытанні рэдакцыяй законапраект утрымлівае шэраг новаўвядзенняў у галіне інтэрнэту, у прыватнасці пашырэнне пераліку інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена. Адначасова прапаноўваецца знізіць у два разы памер штрафных санкцый за распаўсюджванне такой інфармацыі. З дакумента выключаны нормы, якія датычацца карэкціровак Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях для рэалізацыі іх у рамках іншага законапраекта.

    Законапраект «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь», які быў раскрытыкаваны прафесійнай супольнасцю, дае магчымасць ажыццяўляць дзяржаўную рэгістрацыю ў якасці сеткавага выдання, устанаўлівае правы i абавязкі ўладальніка інтэрнэт-рэсурсу. Законапраект прапаноўвае абмежаваць замежны ўдзел у фарміраванні беларускай інфармацыйнай прасторы, у тым ліку праз забарону на распаўсюджванне прадукцыі замежнага СМІ на тэрыторыі Беларусі без атрымання адпаведнага дазволу. Пашыраецца пералік відаў інфармацыі, распаўсюджванне якой у СМІ забаронена. Удакладняецца працэдура прыняцця рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі рашэння аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу. Уводзіцца норма аб абавязковай ідэнтыфікацыі аўтараў каментароў у інтэрнэце.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці