Працягваецца суд над Сяргеем Пятрухіным, якога вінавацяць у паклёпе і знявазе міліцыянтаў ПАДРАБЯЗНАСЦІ
Абодва дні судовага працэсу — 9 і 10 красавіка — амаль усе месцы ў зале пасяджэнняў занятыя прадстаўнікамі Ленінскага РАУС Брэста, якія трапляюць у будынак суда праз службовы ўваход.
Пры гэтым журналістам, праваабаронцам і людзям, якія прышлі падтрымаць Сяргея Пятрухіна, месца у судовай зале не хапае. У выніку перад пачаткам першага пасяджэння суддзя Ленінскага раёна Аляксандр Семянчук, які вядзе справу, выклікаў АМАП, каб з памяшкання выдалілі тых, у каго не атрымалася сесці.
З раніцы 10 красавіка намеснік начальніка Ленінскага РАУС Брэста Мікалай Самасюк патлумачыў масавае з’яўленне сваіх падначаленых тым, што такім чынам адбываюцца “практычныя заняткі для асабовага складу”.
Калі першы дзень суда быў прысвечаны допыту пацярпелых (гэта чатыры супрацоўнікі Ленінскага РАУС: Сяргей Ігнацюк, Дзмітрый Якушэвіч, Ігар Галянціч і Сяргей Такун), а таксама сведак, то 10 красавіка суд пачаўся з допыту прадстаўніцы Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Вольгі Дудзінай, якая праводзіла судова-лінгвістычную экспертызу матэрыялаў гэтай справы.
Паводле яе высновы, лінгвістычная экспертыза засведчыла, што ў каментары Сяргея Пятрухіна да ўласнага відэазапісу ўтрымліваецца негатыўная ацэнка пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі (Ігнацюка і Якушевіча), “выказаная лексічнымі сродкамі рускай літаратурнай мовы”. Што тычыцца іншых пацярпелых (Такуна і Галянціча), негатыўнай ацэнкі іх у каментары няма, а апошняе слова ў фразе “прапаршчыкі наогул падобныя на дэбілаў” з’яўляецца лаянкай.
Між тым, напярэдадні суда блогер Сяргей Пятрухін паралельна замовіў экспертызу ў доктара філалагічных навук, прафесара Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандра Лукашанца.
Як адзначыў у сваім заключэнні спецыяліст, у каментары адсутнічаюць лінгвістычныя сродкі (прозвішчы, ініцыялы), якія дазваляюць адназначна сцвярджаць, што словы і выразы з лінгвістычнымі прыкметамі абразлівасці, прыніжэння гонару і годнасці асобы маюць дачыненне да грамадзян Якушэвіча, Ігнацюка, Галянціча, Такуна. Таксама Аляксандр Лукашэнец зазначыў, што прадастаўлены тэкст не можа лічыцца “публічна дэманстраваным творам”.
Эксперт таксама адзначае, што асобныя словы і выразы (“дэбіл”, “тупаваты”, “мусарны” (у значэнні, якое мае дачыненне да міліцыі), “ублюдачны”) маюць лінгвістычныя прыкметы абразлівасці, прыніжэння гонару і годнасці асобы пры ўмове, калі яны неабгрунтавана (нематывавана) выкарыстоўваюцца на адрас канкрэтнага чалавека. Дадзеныя словы і выразы не з’яўляюцца непрыстойнымі па сваёй форме.
Пасля допыту астатніх сведкаў суддзя Аляксандр Семянчук абвесціў, што наступнае пасяджэнне адбудзецца 15 красавіка.
Нагадаем, што крымінальная справа ў дачыненні да вядомага брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна была заведзена паводле часткі 2 артыкула 188 (“Паклёп”) і часткі 2 артыкула 189 (“Абраза”) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.