Працэс па справе Сяргея Сацука “распісаны” да сярэдзіны кастрычніка, ідзе допыт сведкаў
У пасяджэннях з удзелам журналіста Сяргея Сацука Мінскі гарадскі суд вывучае матэрыялы следства і заслухоўвае сведкаў, расказалі службе маніторынгу БАЖ сваякі палітвязня.
Працэс пачаўся 23 верасня. Пакуль што на парадку агульныя працэдурныя пытанні. Як удакладнілі карэспандэнту БАЖ родныя падсуднага, папярэдне судовыя пасяджэнні распісаныя да 13 кастрычніка. Цягам гэтага часу будуць вывучацца матэрыялы справы па ўсіх трох артыкулах абвінавачання, а таксама позвамі выклікаюцца для апытання сведкі.
Наступнымі этапамі стануць спрэчкі бакоў, апошняе слова падазраванага ў “злачынствах” і агучванне прысуду.
І хоць Сяргей Сацук выступае фігурантам трох вонкава не звязаных крымінальных спраў, аднак, як мяркуюць назіральнікі, падстава для пераследу адна — гучныя расследванні, якія перадусім тычыліся маштабнай карупцыі ў медыцынскай галіне. На падставе здабытых фактаў ён расказаў пра беспрэцэдэнтныя “адкаты” за пастаўку дарагога абсталявання; закупку незарэгістраванай вакцыны, якую фактычна апрабоўвалі на беларускіх дзецях; фальсіфікацыю лічбаў распаўсюду COVID-19 у Беларусі. І ўсё гэта пры ўхваленні кантрольнага ведамства — Міністэрства аховы здароўя.
25 сакавіка 2020 года — літаральна праз дзень пасля чарговага расследвання – па яго прыйшлі сілавікі. Паралельна набірала абароты «справа ўрачоў» — усе факты, выкладзеныя раней журналістам, пацвердзілі праваахоўныя органы. У выніку пракурор змяніў меру стрымання пад падпіску аб невыездзе.
У спакоі пакінулі ненадоўга: Сяргея Сацука ізноў затрымалі 8 снежня 2021 года фармальна па старой справе аб «атрыманні хабару». У той жа дзень рашэннем Міністэрства інфармацыі быў заблакаваны доступ да сайта ej.by. А ўжо ў няволі справа пачала абрастаць новымі эпізодамі – дадаліся крымінальныя артыкулы “распальванне варажнечы” і “перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў”.
Адразу пасля затрымання праваабаронцы прызналі журналіста палітычным зняволеным.
Чытайце яшчэ:
Наталья Лигачева: «Большое достижение, что во время войны Украина не превратилась в авторитарное государство»
Ведущие белорусские и украинские СМИ часто используют русский язык – могут ли они отказаться от него?
Кацярыну Андрэеву этапавалі ў папраўчую калонію на вуліцы Антошкіна ў Гомлі