Працэс над журналістам “Комсомольской правды” Генадзем Мажэйкам пачнецца 1 снежня
Як стала вядома праваабаронцам, 1 снежня ў Мінскім гарадскім судзе пачнецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітзняволенага журналіста Генадзя Мажэйкі.
Карэспандэнту “Комсомольской правды” в Беларуси” ставяць у віну два артыкулы Крымінальнага кодэкса: арт. 130 “аб распальванні сацыяльнай варожасці” і арт. 368 “аб абразе прадстаўніка ўлады” (Аляксандра Лукашэнкі). Пакуль невядома, будзе справа разглядацца ў адкрытым ці ў закрытым пасяджэнні.
Працэс будзе весці суддзя Таццяна Фалькоўская, якая прысудзіла 8 гадоў калоніі былой супрацоўніцы Белтэлерадыёкампаніі Ксеніі Луцкінай.
Генадзя Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка 2021 года ў Маскве расійскія спецслужбы і перадалі беларускім праваахоўнікам. Затрыманне адбылося, калі журналіст рэгістраваўся на авіярэйс у Еўропу. Больш за год яго трымаюць за кратамі: спачатку ў жодзінскай следчай турме №8, пасля перавялі ў мінскі СІЗА №1.
За некалькі дзён да таго Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да сайта газеты “Комсомольская правда” в Беларуси”. Падставай называлася рашэнне Міжведамаснай камісіі ў інфармацыйнай сферы пры Савеце бяспекі Беларусі, якое стала адказам на крывавую трагедыю, што напярэдадні разыгралася ў Мінску.
28 верасня 2021 году падчас штурму байцамі спецслужбаў кватэры на вуліцы Якубоўскага праграміст Андрэй Зельцэр адмовіўся адчыніць дзверы, а калі іх выбілі, застрэліў супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Агнём у адказ забілі і Андрэя Зельцэра.
“Комсомольская правда” у ліку першых адгукнулася на рэзанансную гісторыю. Пасля таго, як была апублікавана нататка журналіста Генадзя Мажэйкі са станоўчым успамінам аднакласніцы пра Андрэя Зельцэра, Міністэрства інфармацыі ў ноч на 29 верасня заблакавала сайт kp.by і спыніла дзейнасць беларускай рэдакцыі — нібыта за спробу “гераізацыі тэрарыста”.
«У інтэрнэт-рэсурсе kp.by размешчана публікацыя са звесткамі, што спрыяюць фармаванню крыніц пагроз нацыянальнай бяспекі. Яны палягаюць у штучным нагнятанні напружанасці і супрацьстаяння паміж грамадствам і дзяржавай. Згодна з артыкулам 38 «Закона аб СМІ», у сродках масавай інфармацыі, на інтэрнэт-рэсурсах забаронены распаўсюд інфармацыі, здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», — адзначалася ў паведамленні ведамства.
Канфлікт спрабавалі залагодзіць на ўзроўні МЗС Расіі, дыппрадстаўніцтва ў Мінску і нават у Крамлі. Але ні папрокі, ні просьбы пачутыя не былі.
Тагачасны генеральны дырэктар і галоўны рэдактар “ИД “Комсомольская правда” (расійскаму холдынгу належыла і беларускае выданне) Уладзімір Сунгоркін абурыўся “мэтанакіраваным пераследам” – падчас мірных пратэстаў 2020 года газету забаранілі друкаваць і распаўсюджваць у Беларусі. А што да нататкі з каментаром пра Андрэя Зельцэра, дык, як выказаўся ён, у першапачатковым выглядзе яна “правісела” тры хвіліны, пасля чаго рэдактар тэкст перарабіў, уключна з загалоўкам. Адпаведна, “рэалізуецца жорсткая дзяржаўная палітыка па ўсталяванні поўнага кантролю за медыя”, падсумаваў Уладзімір Сунгоркін.
Чытайце яшчэ:
Акция солидарности с Евгением Меркисом: норвежские журналисты поддержали белорусского коллегу
Агрэгатар навін прызналі “экстрэмістскім”, да сайта з прамовамі Пазняка абмежавалі доступ
«Нельга весці жывыя стрымы з любой вулічнай акцыі»: як змены ў Выбарчы кодэкс паўплываюць на працу журналістаў