Як пісаць пра палітвязняў, каб не нашкодзіць? Распавядаем, пра што гаварылі ў Празе на Кангрэсе па палітзняволеных
У Празе прайшоў Кангрэс па палітзняволеных у Беларусі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 70 грамадскіх структураў, якія займаюцца праблемамі палітвязняў. Беларускую асацыяцыю журналістаў на форуме прадстаўляў намеснік старшыні арганізацыі, кіраўнік прававога цэнтра БАЖ Алег Агееў.
Пісаць, каб не нашкодзіць
Удзельнікі Кангрэсу па палітзняволеных абмяркоўвалі дапамогу, якую беларуская і міжнародная грамадскасць можа аказваць ахвярам палітычна матываванага пераследу.
— Гаворка ідзе як пра тых людзей, што зараз знаходзяцца за кратамі, так і пра тых, хто нядаўна вызваліўся, — ахарактарызаваў агульную накіраванасць Кангрэсу намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў.
Пісаць ці не пісаць пра палітзняволеных? Гэта адно з найбольш вострых і дыскутуемых праблем у асяроддзі дэмакратычнай грамадскасці.
— Як можна і як трэба пісаць пра праблему палітвязняў, каб заставацца ў межах стандартаў? Трэба ўлічваць, што большасць незалежных медыяў, якія могуць пісаць пра палітвязняў, знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Адпаведна, беларускія медыі мусяць адпавядаць стандартам краінаў знаходжання, еўрапейскім стандартам, — падкрэслівае праваабаронца.
Але адным з галоўных пытанняў, якое дыскутавалася на форуме, — пытанне бяспекі тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, сваякоў палітзняволеных. Як не нашкодзіць, як улічваць меркаванні людзей, якія могуць пацярпець яшчэ больш, пры асвятленні праблем палітзняволеных? Ці ўдалося Кангрэсу ў выніку выпрацаваць агульныя рэкамендацыі, якія б дазволілі незалежным медыям і пісаць пра палітвязняў, але пры гэтым ніяк не нашкодзіць ні ім, ні сваякам?
— Я выказаў меркаванне, якое як раз і грунтуецца на стандартах працы з персанальнымі дадзенымі. Пісаць пра чалавека без яго згоды можна толькі ў тым выпадку, калі ёсць грамадскі інтарэс, — тлумачыць юрыст. — Тэма беларускіх палітзняволеных, безумоўна, мае грамадскі інтарэс. Значыцца, калі кіравацца стандартам, то апісваць кейсы палітзняволеных можна без згоды сваякоў і саміх зняволеных.
Толькі ёсць адно «але». Правілы бяспекі патрабуюць або звяртацца да іх па згоду, або ўлічваць іх просьбы пра зняццё патэнцыйна небяспечных тэкстаў. Гэтая рэкамендацыя не толькі медыям, але і ўсім, бо людзі пішуць пра палітвязняў у сваіх акаўнтах у сацсетках.
Хто ладзіў Кангрэс па беларускіх палітзняволеных?
Кангрэс па палітзняволеных у Беларусі #WithoutJustCause праходзіў у Празе 23–25 траўня. У Кангрэсе ўдзельнічалі больш за 70 прадстаўнікоў беларускіх праваабарончых арганізацый і ініцыятыў гуманітарнай дапамогі, прадстаўнікі дэмсілаў.
Форум правёў Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы пры падтрымцы Амбасады ЗША ў Чэхіі і пад патранажам рэктаркі Карлавага ўніверсітэта.
#WithoutJustCause — гэта першае пасля падзей 2020 года буйное экспертна-палітычнае мерапрыемства, прысвечанае крызісу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, а таксама дапамозе тым, хто прайшоў праз рэпрэсіі.
На кангрэсе абмяркоўваліся тэндэнцыі рэпрэсій у Беларусі і новыя выклікі; уразлівыя групы палітзняволеных у беларускіх турмах; праблемы, з якімі сутыкаюцца сваякі палітзняволеных; што могуць рабіць палітыкі для палітзняволеных; эвакуацыя (былых) палітзняволеных з Беларусі, яе прычыны і статыстыка; візавая і іншая інстытуцыйная падтрымка (былых) палітзняволеных; магчымасці рэабілітацыі і рэсацыялізацыі для (былых) палітзняволеных; асвятленне сітуацыі палітзняволеных незалежнымі СМІ.