«У горадзе вялікае безпрацоўе, бо бальшавікі аграбілі горад да шчэнту». Пра што пісала выданне «Звон» у 1919 годзе
25 жніўня 1919 года выйшаў у сьвет першы нумар выданьня «Звон». Гэта быў друкаваны орган Рады Беларускае Народнае Рэспублікі, а рэдакцыя месьцілася ў занятым палякамі Менску. На сёньня існуе два падыходы адносна пытаньня асобы галоўнага рэдактара. Ім быў Янка Купала, альбо калектыў рэдактараў на чале з Язэпам Лёсікам і Алесем Гаруном. Так ці інакш – асобы легендарныя. Пачытаем!
Пачынаўся першы нумар газэты заклікам, якім і сёньня ня сорамна пачынаць выпускі ўсіх сучасных медыя:
Грамадзяне! Вучыцеся чытаць па-беларуску. Гэта ў вашых інтарэсах. Годзі выстаўляць сябе на сьмех перад культурнымі людзьмі!
Рэдакцыя зьвяртаецца да сваіх новых чытачоў з апісаньнем уласнай місіі
Мы будзем бараніць інтарэсы працоўнага народу. Мы будзем дакладаць усіх стараньняў, каб як найскарэй споўнілася жаданьне нашага спакутанага сялянства адтрымаць сабе зямлю, а рабочым ў горадзе і вёсцы – адпаведныя варункі працы, — роўныя з тымі, якімі карыстаюць усе рабочыя культурных старонках.
Мы будзем старацца аб тым, каб вярнуць дадому нашых пакутнікаў-бежанцаў, параскіданых па галодных абшарах былой Расеі. Мы будзем дамагацца, каб ім памаглі і далі магчымасьць адбудаваць свае зруйнаваныя сялібы коштам скарбовай дапамогі.
Мы ані на момант не забудземся, што наша старонка – Беларусь – зруйнавана вайною і крывавым панаваньнем маскоўскіх бальшавікоў. Мы ведаем, што калі што захавалася ад вайны, тое не ўратавалася ад маскоўскіх бальшавіцкіх грабежнікаў. Дзеля гэтага першаю і сьвятою павіннасьцю кожнага грамадзяніна нашае Бацькаўшчыны – працаваць над тым, каб падняць нашу старонку з руін заняпаду і паставіць яе на яе ўласныя ногі.
Мы будзем даводзіць свайму гаратліваму народу, што не пазбудзецца ён ліха ніколі, калі не адбудуе свае ўласнае Беларускае дзяржавы, свайго роднага Беларускага Гаспадарства. Толькі тады, калі народ наш не захоча быць нікім іншым, а толькі Беларусам з сваёю роднаю і мовай і культурай, — толькі тады ён возьме сваю долю ў свае рукі і здабудзе сабе тое, чаго дамагаецца і што патрэбна для вольнага культурнага жыцьця.
Толькі ўтварыўшы сваё беларускае войска і праз яго злучыўшы ўсе свае беларускія землі, народ наш здолее сыціся на свой Устаноўчы Сойм, выявіць сваю волю і знайсьці сабе сваіх прыяцеляў і саюзьнікаў.
Што тычыцца нашых адносін да Польшчы, то мы зьвяртаемся да польскай дэмакратыі з гэтакімі словамі: колісь, за часоў былога Вялікага Княства Беларуска-Літоўскага, нашы продкі памаглі вашым продкам збавіцца ад нямецкай крыжацкай навалы, колісь супольна мы бараніліся ад нашых ворагаў і былі дужыя і культурныя, але калі Польшча перастала паважаць нашыя дзяржаўныя і культурна-нацыянальныя патрэбы, то гэта прывяло да згубы і доўгалетняга палону і нас і вас. Гэтая цяжкая гістарычная навука павінна кіраваць усёю нашаю і вашаю палітычнай чыннасьцю, не даючы забыцца ані на момант, што Беларусь павінна быць Беларусьсю, а не «ўсходняю зямлёю».
Пілсудзкі да беларусаў
Як нібы адказ на словы рэдакцыі, далей быў надрукаваны зварот Юзэфа Пілсудзкага да насельніцтва былога Вялікага Княства Беларуска-Літоўскага:
«Ваш край ужо столькідзесят гадоў ня ведае свабоды, гныбёны варожым гвалтам расейскім, нямецкім, бальшавіцкім, — гвалтам, каторы ня пытаючыся нясельніцтва, накідаў чужацкія прымернікі паступкаў, зьвязываючы волю, часта ламаючы жыцьцё.
Гэтакая бязупынная няволя, добра вядомая і мне самому, як радзіўшамуся на гэтай нешчасьлівай зямельцы, павінна быць урэшце спынена і на гэтай быццам забытай праз Бога старонцы павінны запанаваць свабода ды правы свабоднай нічым незьвязанай гутаркі аб жаданьнях і патрэбах.
Польскае войска, каторае я з сабою прывёў, каб выкінуць гаспадараваньне гвалту і сілы, каб спыніць кіраваньне краем проціў волі жыхароў, гэтае войска нясе ўсім вам свабоду.
Хачу вам даць магчымасьць разьвязаць унутраныя нацыянальныя і рэлігійныя справы гэтак, як самі захочаце, без якога-небудзь гвалту або націску з боку Польшчы».
Шкада, што пан Пілсудзкі ўжо праз некалькі месяцаў забыў свае ж словы, а ў Беларусі, што апынулася паводле ганебнага Берасьцейскага міру пад уплывам Польшчы, пачаліся рэпрэсіі ў адносінах да нас саміх, беларусаў. Яшчэ горшая сітуацыя была на Ўсходзе, дзе пачаў гаспадарыць бяздушны крамлёўскі рэжым.
Менскае жыцьцё
«Менск пасьля заняцьця польскім войскам. Першымі днямі горад выглядаў пустынна і рабіў прыкрае ўражаньне. Крамы былі пазачыненыя, вітрыны ў крамах пустыя. Народу на вуліцах было мала. Прычынаю гэтаму былі прыкрыя непаразуменьні з жыдоўскім насельніцтвам. Шмат дзе выбухнулі пагромы, але хутка былі стрыманыя польскаю ўладаю.
Праз тыдзень горад прыняў нармальны выгляд. Адчыніліся крамы, зьявіліся тавары. На вулцах многа народу, найбольш з панскай публікі. Простага люду ў цэнтры гораду відаць мала. Яго пазабіралі бальшавікі ў чырвоную армію, а некаторыя самі, мабыць уцяклі, напалоханыя разбэшчанымі бальшавіцкімі агітатарамі.
Само сабой разумеецца, што ў горадзе вялікае безпрацоўе, бо бальшавікі аграбілі горад да шчэнту, былі вывезеныя ня толькі розныя машыны, але нават хатнія прылады – крэслы, ложкі, міскі. Уцякаючы, кожны браў што хацеў.
Няхай жа ім будзе калом зямля, тым маскоўскім бальшавікам, што давялі наш слаўны горад да такога цяжкага і галоднага становішча!
Крамнікі і іншыя пачалі перамалёўваць вывескі на польскую мову. Загаду аб гэтым афіцыйнага не было, а тым часам ідзе шпаркая адмалёўка на польскую мову. А чаму не па-беларуску, панове крамнікі? Аднак жа Менск – сэрца Беларусі і беларуская мова афіцыйна ўжываецца побач з польскаю?!
Глядзіце, каб ня прышлося зноў перамалёўваць!»
Чаму мы пішам Менск, а ня Мінск?
«Менск – места беларускае, а дзеля таго, каб даведацца, як яно завецца, трэба запытаць у беларускага народу. А беларускі народ скрозь заве яго Менскам, а ня Мінскам і толькі маладзейшае пакаленьне праз школу, або чуючы ад паноў і чыноўнікаў, налажылася зваць яго Мінскам.
Дзеля таго, каб праверыць, ці не памыляецца просты народ, завучы сэрца свайго краю Менскам, дык трэба перагледзіць даўнейшыя гістарычныя дакумэнты, пісаныя, як цяпер кажуць цёмныя, неадукаваныя “абразованые” людзі, у простай беларускай мове.
І вось дакумэнты тыя сьведчаць, што продкі нашы, будучы вочонымі, называлі свой горад Менскам, Менескам, што знача: места, дзе людзі мяняліся таварамі, або гандлявалі.
Гэтак сама беларускія летапісы паказваюць, што Вільню трэба называць Вільня, а ня Вільно або Вільна. Гэта чужакі перакручваюць нашыя беларускія назвы, як расейцы, напрыклад, перакруцілі старое славянскае слова далонь і кажуць ладонь, або тарэлка, заміж – талерка, ад слова талер, круглы».