Пра што пісаў часопіс Аляхновіча і Бядулі «Беларускае жыцьцё», што выходзіў 105 гадоў таму?
Часопіс – гучыць сур’ёзна. Гэтае ілюстраванае выданьне выходзіла ў Вільні і Менску і мела на мэце папулярызаваць ідэю аб беларускай дзяржаве, як аб буржаўзна-дэмакратычнай краіне. Апроч іншага Францішак і Зьмітрок шмат увагі надзялялі культуры і друкавалі сучасныя ім навінкі ад Купалы, Гарэцкага і іншых суперзорак эпохі. «Новы Час» пагартаў старонкі.
Першы нумар, што пабачыў сьвет 5 чэрвеня 1919 года, быў надрукаваны беларускай лацінкай і пачынаўся ня тэкстам, а вялікім здымкам Юзэфа Пілсудзкага. Далей прыводзілася цытата легендарнага вусача, прамоўленая ім напярэдадні ў «Адозьве да жыхароў Вялікага Княства Літоўскага». Ня больш і ня меньш – да ВКЛ!
«Стан безупыннай няволі, які я, радзіўшыся на гэтай нешчасьлівай зямельцы, добра ведаю, павінен нарэшце быць зьніштожаны і ўжо раз у гэтай быццам праз Бога забытай старонцы павінна запанаваць свабода і права вольнай нічым не зьвязанай гутаркі аб сваіх патрэбах, хачу вам даць магчымасьць разьвязаць унутраныя нацыянальныя і рэлігійныя справы гэтак, як самі таго захочаце без ніякага гвалту або націску з боку Польшчы».
Тыя словы скіраваць бы самому Пілсудзкаму ў вушы. Прыгожыя, слушныя думкі ў хуткім часе будуць растаптаныя кіраваньнем начальніка польскай дзяржавы, а беларусы, што апынуцца пад уладай Другой рэчы паспалітай яшчэ як адчуюць той “ніякі гвалт або націск з боку Польшчы». Але тое сталася пазьней…
Далей рэдакцыя зьмясьціла тэкст пад назваю «Нашая мэта». Амаль бяз зьменаў яго маглі б узяць на ўзбраеньне і сёньняшнія дзеячы тых ці іншых інстытуцый ці аб’яднаньняў беларусаў па-за межамі роднай Беларусі.
«Культурнае адраджэньне беларускага народу, дзякуючы ідэальнасьць тварцоў яго і сьвежым новым сілам, якія станулі да культурнай працы, выйшаўшы спаміж здаровай хлебаробнай грамады, у кароткі час зрабілі шмат. Нават вайна, якая так доўга ўжо руйнуе нашу старонку, нашыя нівы рэжа акопамі, адрывае нашых братоў ад родных загонаў і разсейвае іх ува ўсе бакі сьвету, — ня здолела спыніць безпрацоўныя масы для духоўнага адраджэньня Беларусі.
Бачучы, што ўзрасла ў Вільні патрэба беларускай часопісі, якая друкавала бы мастацкія творы нашых пісьменьнікаў, крытычныя стацьці аб нашай творчасьці, гукала бы да арганізаваньня беларускіх тэатраў і наагул гутарыла аб усіх праявах нашага культурнага жыцьця, — пачынаем нашу працу.
Маючы на мэце галоўным чынам культурную працу, мы аднак ня можам заплюшчываць вочы перад праявамі палітычнага жыцьця.
Мы верым у шчырасьць словаў Язэпа Пілсудзкага і думаем, што між намі і ўзапраўнай польскай дэмакратыяй, будзе збудаваны трывалы мост згоды.
Толькі маючы ўласную дзяржаўнасьць народ можа жыць нармальным жыцьцём, можа разьвівацца культурна і эканамічна. Жадаючы для сябе такіх варункаў жыцьця, у якіх мы бы маглі жыць нармальна, мы будзем ісьці вытрывала да нашай мэты, і ўсім тым, хто ў будове нашай дзяржаўнасьці ня будзе нам шкодзіць, працягваем руку і клічам:
Хай будзе згода!»
На другой старонцы чытачы бачылі прыгожы фотаздымак, на якім бел-чырвона-белы сьцяг і подпіс:
«На нашай ілюстрацыі відаць балкон у доме беларускай Камэндатуры ў Горадні. Фатаграфія зробленая 18 красавіка 1919 года ў час праезду праз Горадню прадстаўнікоў французска-літоўска-беларускай місіі, якія ехалі з Коўны ў Варшаву». Сярод прысутных на здымку быў і палкоўнік (пакуль ня генэрал) Кастусь Езавітаў.
Нумар часопіса быў напоўнены вершамі Якуба Коласа, Янкі Купалы і меньш вядомых паэтаў.
«Хочам мы зямлі і хлеба,
Цяжка торбы нам насіць,
Не дае яго нам неба,
Слоў няма нам больш прасіць.
Хочам сонца мы і сьвету,
Цяжка нам хадзіць сьляпым,
Цяжка жыць нам без прывету,
Якбы проклятым якім.
Хочам жыцьця мы і волі,
Цяжка нам насіць ярмо.
Не спадзе яно ніколі,
Не спадзе яно само».
Якуб Колас на старонках часопіса «Беларускае жыцьцё».
Ярмо ярмом як кажуць, а без жартаў хоць у вяроўку лезь. Францішак Аляхновіч надрукаваў два беларускія жарты ў нумары:
« — Што гэта ў цябе, Яська, на носе сядзіць?
— Барадаўка
— Чаму ж ты яе не зьвядзеш?
— Нельга! Як пабачуць «канаркі» мяне без барадаўкі, скажуць, што зумысьля твар перамяніў, каб не пазналі, што камуніст».
***
— Слухай, цыгане, ты мне прадаў сьляпую кабылу.
— Табе ж лепей. Яна будзе есьці салому, а думаць, што гэта сена.
У нумары за 7 верасьня 1919 года рэдакцыя вырашыла пазнаёміць чытачоў з сёньняшнім экстрэмістам Дунін-Марцінкевічам.
«Вінцук радзіўся у Бабруйшчыне. Бацька яго, дробны шляхціц, быў пасэсарам, арандаваў фальварак Панюшкевічы. У Панюшкевічах працякло маленства Вінцука. Сярэднюю школу ён скончыў у Бабруйску ў 1824 годзе. Далей вучыцца паехаў у Вільню, але незабавам пераехаў у Пецярбург, дзе слухаў лекцыі на медыцынскім факультэце.
Дунін-Марцінкевіч пісаў ня толькі па-беларуску, але і па-польску, аднак польскія творы яго ня маюць абы-якой літаратурнай вартасьці, і не яны здабылі яму славу пісьменьніка».
Далей мы бачым тэкст, які дзівосным чынам пераклікаецца з нашымі падзеямі, што мелі месца некалькі тыдняў таму.
«У нядзелю 7 верасьня будуць выбары у Меставы Ўрад. Гэта першыя яшчэ ў нас выбары на шырокіх дэмакратычных асновах. Трэба каб кожны беларус-грамадзянін споўніў свой абавязак і аддаў свой голас за беларускі сьпіс №7.
Калі мы гэтага ня зробім, калі на лавах меставых райчых будуць сядзець прадстаўнікі ўсіх іншых нацыянальнасьцяў апрача беларусаў, дык ня будзе каму бараніць нашу беларускую справу ў меставым самаўпраўленьні.
Памятайце, беларусы, што ваша ўласная справа, доля вашага места – Вільні, і справа вашай Бацькаўшчыны клічуць вас сумленна споўніць свой грамадзянскі абавязак.
Галасаваньне будзе картачкамі, якую кожны павінен прынесьці з сабой. На картачцы трэба напісаць толькі нумар сьпісу, за які хочаце аддаць свой голас.
Перад тым як аддаць голас, трэба паказаць свой пашпарт або адпаведны дакумэнт, які даказвае тожсамасьць асобы. Пасьля гэтага атрымаеце аштэмпляваную капэрту, у якую вы павінны палажыць сваю картку, заклеіць і аддаць старшыні, каб той кінуў у скрынку.
Ані ў выбарчым памяшканьні, ані на вуліцы бліжэй за 50 сажэняў забароненая ўсялякая агітацыя. Падаваць галасы можна будзе праз увесь дзень ад 7 гадзіны раніцай да 9 гадзіны ўвечары.
Абвяшчэньне галасоў пачнецца ў панядзелак а 10 гадзіне раніцы».
Ужо 12 сьнежня 1919 года Францішак Аляхновіч на пачатку новага нумару друкуе сур’ёзны тэкст «Між двух агнёў».
«Расейскае грамадзянства ня толькі ў бальшавіцкай Расеі, але і тут на нашай зямлі ня прыхільна да справы беларускай і з тугой глядзіць на ўсход, дзе час ад часу зьяўляецца зорка то Калчака, то Дзінікіна, то Юдэніча. У сваіх варожых адносінах да нашай справы даходзяць да таго, што гатовыя на ўсялякія правакатарскія спосабы, каб толькі апаганіць нас у вачох нашых суседзяў, а асабліва тых, хто мае цяпер сілу на нашай зямлі.
З другога боку – значная частка польскага грамадзянства слухае гэтых атрутных шэпаценьняў, ня бачучы, што выцягнуўшы да нас прыхільна руку паразуменьня, зрабіла б карысную работу і для сваёй бацькаўшчыны і для нас.
На жаль, як мы ўжо не раз пісалі – розныя адказныя пасады ў ачышчаных ад бальшавікоў «усходніх землях» папалі ў рукі людзей, каторыя замест будаваць залаты мост згоды, сваёй палітычнай безадказнасьцю руйнуюць тыя прыязныя адносіны, якія наладзіліся між польскім і беларускім грамадзянствам.
Гэтыя сьляпыя ў сваім шавінізме чыноўнікі – агалеўшыя ды неагалеўшыя паны, былыя царскія слугі і г.д. элементы – ня хочуць сьцяміць таго, што Беларусь – гэта ня пусты зык, што беларускі народ – гэтая нядаўна безгалосая маса – ужо з кожным днём усё болей усьведамляецца нацыянальна, што правы да незалежнага вольнага бытаваньня Беларускі Народ мае ня меншыя, чымсь хто іншы.
Няхай! І гэта ператрываем. Але калі адпіхаюць руку працягнутую дзеля згоды, дык гэтая абраза будзіць у душы працягнуўшага яе нязмывыемую горкасьць, ад каторай скрыгатаюць зубы.
Апамятайцеся вы, каторыя верыце толькі ў сілу штыка, каторыя ня збудзіліся ад сваіх сноў аб анэксіях!»
У сакавіку 1920 года часопіс спыніў сваю дзейнасьць.