• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Познер у Мінску: “У Лукашэнкі хацеў бы ўзяць інтэрв’ю. Але, здаецца, ён не вельмі мяне любіць”

    25 лютага ў сталічным Палацы Рэспублікі адбылася творчая вечарына журналіста Уладзіміра Познера.

    Сам госць крыху пакпіў з гэткага вызначэння фармату, прадаставіўшы беларускай публіцы самастойна вырашаць, наколькі “творчай” была сустрэча.

    Імпрэза доўжылася каля 2,5 гадзін і сабрала амаль поўную вялікую залу Палаца Рэспублікі, хаця квіткі каштавалі нямала – ад 200 тысяч да 1 млн 200 тысяч рублёў.

    Журналіст прызнаўся, што ніколі не бываў у Мінску даўжэй за адзін дзень. Зрэшты, і гэтым разам прыляцеў толькі на адзін вечар.

    Ён прыгадаў колішні тэлемост з Масквой, які вёў адсюль: “Цяжка гэта прайшло. Людзі не вельмі хацелі размаўляць – з беларускага боку былі падабраныя такія “таварышы”…” (Смех і апладысменты ў зале). Уладзімір Познер апасаўся, што і гэтая сустрэча можа не атрымацца. Але беларуская публіка паводзіла сябе надзвычай актыўна – насыпала два кошыкі пытанняў (з якіх была зачытаная хіба што дзясятая частка), стаяла ў чарзе да мікрафонаў у зале.

    Журналіст адразу прызнаўся, што не глядзіць беларускага тэлебачання і не чытае мясцовых газет, хаця да яго “даходзяць пэўныя каментары”.

    Між тым, журналістыка стала адной са стрыжневых тэм – Уладзімір Познер шчаслівы ў сваёй прафесіі і цікавіцца ўсім, што з ёй звязана.   

    Некалькі цытат з вечарыны:

    “Я – журналіст выпадковы, не вучыўся на факультэце журналістыкі і нікому не раю. Нельга навучыць быць журналістам, ці пісьменнікам, ці мастаком…”

    “Я быў прапагандыстам, і вельмі моцным. Але паступова стаў разумець, што займаюся даволі саромнай справай… Думаю, калі б не было гэтага адчування, што я займаўся мярзоццем, наўрадці я змог бы выканаць тое, што сабе паабяцаў”.

    “Не маніць і не казаць “напаўпраўду”, імкнуцца быць максімальна аб’ектыўным, даваць інфармацыю як мага больш поўную – не аднабаковую, не тую, якая мяне задавальняе, а ўсю якая ёсць…”

    “У Расіі цяпер няма журналістыкі. Ёсць асобна ўзятыя журналісты. Але журналістыкі як прафесіі, як чацвёртай улады – няма…”

    “Займацца журналістыкай сёння даволі цяжка. Не мне, бо я – свабодны чалавек. Я не баюся, што мяне звольняць. Я за гэтыя гады тое-сёе адклаў і не баюся за сваю сям’ю. Галоўнае, што даюць грошы, – забеспячэнне незалежнасці…”

    “Свабода друку – гэта калідор. У кожнага калідора ёсць сцены. Хто паспрабуе іх прабіць – таму будзе кепска ў любой краіне. У Расіі афіцыйна цэнзура існавала вельмі доўга, гэта пэўная традыцыя, якая нікуды не падзелася. І сёння гэтая праблема стаіць вастрэй чым калі-кольвек. Рашэнні прымаюцца ў Крамлі – пра што казаць, пра што не казаць… Я не той, хто будзе пераконваць, што на Захадзе ўсё добра. Але ў шэрагу заходнеўрапейскіх краін гэты “калідор” свабоды слова значна шырэйшы…”

    “Я б хацеў узяць інтэрв’ю ў Леанарда да Вінчы. З жывых – у Пуціна. Але ён не дае мне інтэрв’ю. Я яго разумею – я б і сам сабе не даў інтэрв’ю… У Лукашэнкі – хацеў бы, але мне здаецца, што ён не вельмі мяне любіць. Хаця я нічога кепскага яму не зрабіў…”

    “У журналіста ёсць адзін абавязак – паведамляць інфармацыю, правераную, дакладную… Вось па полі бою ідзе ўрач, бачыць цяжка параненага чалавека. У яго ёсць задача – выратаваць, незалежна ад таго, “свой” паранены ці не. Ва ўрача няма выбару. І ў журналіста няма выбару…”

    “Вось вы бярэце інтэрв’ю ў міністра абароны. У яго звініць тэлефон, і ён на пяць хвілін адыходзіць. А вы бачыце, што на стале ў яго ляжыць сакрэтны дакумент, які ён забыўся перагарнуць. У ім напісана, што ваша краіна праз 10 дзён нападзе на іншую. Што вы будзеце рабіць? У ЗША звачайна адказваюць, што абавязкова паведамяць пра гэта. У нас у Расіі амаль ніхто так не адказвае. Кажуць: “Я ж патрыёт!..” Які журналіст патрыёт? Хто ты такі, каб вырашаць, якую інфармацыю даваць, а якую не даваць? Тут прынцыповае пытанне – альбо ты журналіст, альбо не…”

    “Як я вызначаю праўдзівасць інфармацыі? Чытаю 6–8 газет і іншых інфармацыйных крыніц. Трэба параўноўваць інфармацыю, і паступова робіцца ясна, што да чаго. Канешне, пэўную інфармацыю можна праверыць нават шляхам тэлефоннага званка. Калі не можаце праверыць, не трэба яе даваць…”

    “Свет змяняецца значна хутчэй, чым 50 гадоў таму. Да чаго гэта прывядзе – не ведаю і не ўбачу. Толькі ведаю, што мы жывем на гістарычным зломе…”

    “Не займайцеся журналістыкай, калі не да канца разумееце, навошта гэта трэба…”

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці